Пакінуўшы маму займацца выкрайкамі і вытачкамi, да якіх яна так прынадзілася, што закінула гарод, Лявон паехаў да Алесі. На жвіры ровар трэсла, шчыткі назойліва бразгаталі, але ён разганяўся хутчэй, і тады трасяніна мякчэла, а з напругі і з шуму паветру ў вушох мэханічныя гукі слабелі – заставаліся толькі імклівасьць і палі, што праплывалі міма. А зьверху яго суправаджалі вялізарныя і прыязныя аблокі – зусім як у ягоных ранейшых марах. «Як хораша! – думаў ён, – Можа, больш нічога і ня трэба? Рушыць над палямі, пад аблокамі, і прадчуваць сустрэчу. Што лепей – сама сустрэча або прадчуваньне?»
Увечары, гледзячы, як Алеся расчэсвае валасы шырокім драўляным грабянцом, а потым зьбірае іх гумовым пасікам, Лявон спрабаваў узгадаць малюнкі ў той кнізе пра мужчыну і жанчыну, што даваў яму глядзець Пятрусь. Але акрамя целаў з аголенай крывава-чырвонай мускулатурай ён анічога ня памятаў. Ягоная сьвядомасьць падвойвалася. «Жанчына ці не?» – сумняваўся ён і не разумеў, як разьвязаць гэтыя сумневы. І адначасна кахаў – да густых мурашак па сьпіне – пры выглядзе ейных паднятых рук, калі пад бледнай скурай праступалі вытанчаныя доўгія цягліцы. Яна павярнулася і спытала з жартаўлівай незадаволенасьцю – ці ён так і будзе жаніцца, з сусьлямі? Ад гэтага голасу яго абдало жарам. Яму стала цалкам зразумела, што абсьледаваць ейнае цела, як ён аднойчы абсьледаваў бабулькіна – дзея зьневажальная і блюзьнерская. Ён падумаў, што гэтаму не бываць. Дзеля навуковых пошукаў можна абраць іншую сфэру, хоць якую, трэба толькі перамкнуць увагу Пятруся.
Ужо ў поўнай цемры вяртаючыся дадому, ён пад'ехаў да крамы і спыніўся ля будкі тэлефона-аўтамата, пад слабым сьветам ліхтара на другім баку вуліцы. Дзьверы з рыпам адчыніліся, у халоднай слухаўцы адгукнуліся далёкія гудкі. Лявон з палёгкай уздыхнуў – працуе. Яму не хацелася тэлефанаваць з хаты. Ён разгарнуў аркуш з тэлефонам Пятруся і з трэцяе ці чацьвёртае спробы набраў як мае быць код горада і нумар. Той адразу падняў слухаўку, быццам сядзеў ля апарату і чакаў.
Лявон пачаў наўпрост: ён сказаў, што Петрусёва тэорыя пра канчальнасьць прасторы і часу пацярпела поўны крах, і прапанаваў яму пракамэнтаваць існаваньне матэрыі па-за межамі Менску. Але Пятрусь ня быў самалюбцам, і зьбянтэжыць яго было няпроста. Ён ужо падрыхтаваўся і адразу выдаў новую гіпотэзу – пра няпэўна шырокі круг быцьця вакол Менска, якое згасае прапарцыйна выдаленьню ад цэнтра.
– Але чаму быцьцё абавязкова мусіць згасаць або абрывацца? – нападаў Лявон. – Чаму ня выказаць здагадку пра ягоную бясконцасьць? Цалкам традыцыйная выснова.
– А як вы ў такім выпадку растлумачыце сьпеўнае празарэньне? Дарэчы, які эфэкт даюць песьні там, дзе вы цяпер?
– Эфэкт прыкладна такі ж: яснасьць думкі і радасьць жыцьця. Але нельга ж падганяць пад узьдзеяньне песень усю пабудову сусьвету, пагадзіцеся, – Лявон адчуваў, што выкрут удалы, і Пятрусь адцягнуўся ад жаночага пытаньня. У натхненьні ён працягваў: – Можа, празарэньне не паказвае нам факты, а дае толькі кірунак думаць? Яно не сьцьвярджае, што прасторы і часу няма, але паказвае кірунак, у якім іх трэба шукаць?
Пятрусь уважліва слухаў, і Лявон перайшоў ад тэорый да практыкі: ён падрабязна расказаў пра ўсе незвычайнасьці, заўважаныя па-за межамі Менску. Строга кажучы, сапраўдная незвычайнасьць была толькі адна: яны з Рыгорам дабраліся да Кляновіцы занадта хутка. Лявон пачакаў, пакуль Пятрусь зьбегае па мапу і падліча час, патрэбны на такое падарожжа. Атрымалася, што йсьці трэба было ня меней чатырох дзён, яны ж ішлі каля двух. Пятрусь трыюмфаваў:
– Бачыце! Усё ж такі парушэньні тапалёгіі ў наяўнасьці! Лявон, я зноў і зноў радуюся, што маю ўдачу працаваць з вамі. Зараз пераломны момант. Мабыць, мы стаім на парозе рэвалюцыйнага навуковага адкрыцьця!
Лявон ужо ведаў, што плынь красамоўства лепш душыць у сама пачатку, і прапанаваў працягнуць дасьледваньні заўтра ўранку, а пакуль што адпачыць і сабраць думкі. З уздыхам палёгкі ён павесіў спатнелую слухаўку на рычаг. «Чаму мяне наогул хвалюе меркаваньне гэтага Пятруся? Баюся яго расчараваць?» Але, нягледзячы на сумневы, перад існом ён з асаблівым намаганьнем абвінуўся мокрай прасьціной і стаяў ля адкрытага ў ноч вакна бадай паўгадзіны.
Ураніцу ён сказаў маме, што мусіць зьезьдзіць да бабулі, запрасіць усіх на вясельле, бо часу засталося зусім мала. Яна ўхваліла думку, але Лявону, які ўважліва пільнаваў ейную рэакцыю, у мамчыным голасе пачуліся ноткі няўпэўненасьці. «Як жа ты, гэткі хворы, паедзеш? Не, едзь, едзь! Рух – гэта жыцьцё, казаў кітайскі мудрэц. Надвор'е зноў добрае, няхай сонейка цябе прапячэ. Вяртайся да вячэры», – мама пагладзіла яго па плячы і папрасіла заехаць па шляху да Алесі, паклікаць яе прымерыць сукенку.
Читать дальше