На ганак, выціраючы рукі аб зялёны фартух, выйшла матуля. Яна пафарбавалася ў сьветла-руды колер, схуднела і выглядала сьвежа і молада. Лявон зьнямеў і толькі глядзеў на яе ўва ўсе вочы.
– Лявоне! – пляснула яна рукамі, – Дачакаліся! Я ўжо думала ты зусім пра нас забыў! Зьбіралася паехаць да цябе, даведацца што ды як. Здаў свае іспыты нарэшце? Неўзабаве і лета скончыцца, а ты ўсё вучысься! А гэта хто, аднакурсьнік?
– Добры дзень! Мяне клічуць Рыгор, мы зь Лявонам сябры, – весела назваўся Рыгор і штурхнуў Лявона ў бок: – Як тваю матулю клічуць?
– Кліч мяне цёця Ганя, сынку. Хадзем у хату, якраз бульбачка пасьпела! Заходзьце, ну! – і яна схавалася ўнутры.
Пасадзіўшы Лявона і Рыгора за прахалодны стол на кухні, якая здавалася цёмнай пасьля сонечнай вуліцы, матуля завіхалася вакол іх зь бясконцымі рондалямі, слоікамі, талеркамі, лыжкамі, відэльцамі. На стале зьявіліся міскі з кіслай капустай, маласольнымі агуркамі, салёнымі памідорамі, сьвежым лукам, бутэлька гарэлкі, сподачак зь цёртым хрэнам, кошык з чорным хлебам, слоік са сьмятанай, збан зь вішнёвым узварам, дошчачка з нарэзаным салам, акружак з гарчыцай. Рыгор зь зіготкімі вачыма ўжо ўпісваў хлеб з салам і лукам, а на настойлівую матчыну прапанову паесьці спачатку шчаўя адказаў глыбокім і сур’ёзным кіўком.
– А ты што ж сьмятанкі не дадаў, Лёвутка? Дайкася, яечка пакладу табе, – мама паклала яечка, ласкава дакранулася да ягоных валасоў і зноў пабегла на веранду, рэзаць кроп.
– Лёвутка? Ха-ха, я таксама цябе Лёвуткам клікаць буду, – усьміхаючыся набітым ротам, падміргнуў яму Рыгор.
Лявон аслупянела сядзеў перад талеркай з гарачым шчаўем і пагладжваў пальцам ложку. Дробны напіс «нерж». Калі ўвайшла маці з кропам у мокрых руках, ён спытаў яе, дзе бацька зь Міколам. Мама спынілася і падрабязна расказала, як яны тога тыдню паехалі да бабулі Марысі ў суседнюю вёску. У бабулі дужа цёк дах, і трэба было яго перабраць, пакуль суха.
– Дык мы ім дапаможам, цёця Ганя! Ці далёка тая вёска? – аўтарытэтна сказаў Рыгор і пацягнуўся за салам.
– Сядзі! – махнула на яго маці, – Паесьці на’т не пасьпелі! Яны і самі неўзабаве скончаць. Колькі там тога даху! Адпачывайце. Апавядзіце лепш, што ў сталіцах адбываецца.
Выявіўшы, што Лявон смаркаецца і чхае, а Рыгор кашляе, мама распачала дзейнасьць: накарміла абодвух мёдам (і дасачыла, каб Лявон праглынуў ня менш сталовае лыжкі), прымусіла іх па чарзе парыць ногі ў тазіку з гарачай гарчычнай вадой, знайшла дзьве пары тоўстых ваўняных шкарпэтак (а для Рыгора яшчэ і ваўняную хустку, каб завязваць вакол грудзяў), заварыла гарбату зь мяты і сьвятаяньніка, выветрыла пакой і паслала ім чыстую бялізну. Паклала іх у ложкі і пазабараніла выходзіць з хаты да выхварэньня. Лявон не супярэчыў – яго моцна хіліла спаць, а Рыгор, зьеўшы пасьля дабаўкі шчаўя яшчэ поўную патэльню бульбы са скваркамі, быў шчасьлівы і згодны на ўсе.
Матуля села на ложак да Лявона і, пагладжваючы яму калені, пачала грунтоўнае апісаньне свайго мернага жыцьця. Рыгор слухаў, жвава цікавіўся, устаўляў слушныя пытаньні і заўвагі, а Лявон спаў, прыадчыніўшы рот, што надавала ягонаму твару жаласны выраз.
Лявон паціху прывыкаў да новага жыцьця. Ён больш ня кідаўся ад маці, калі яна цягнулася прылашчыць яго, паслухмяна зьядаў па лыжцы мёду штодня, парыў ногі ў тазе ды рабіў інгаляцыю над рондалем з кіпенем, накрыўшы галаву махровым рушніком. Але ў першы жа дзень яны з Рыгорам дамовіліся, што акрыяць ад застуды ім ані ў якім разе нельга – гэта магло б прывесьці да сама нечаканых і непапраўных вынікаў. Уначы, стараючыся не рыпець масьніцамі і не абудзіць матулю, Рыгор прабіраўся на веранду, мачыў у халоднай вадзе прасьціны, а потым тармасіў Лявона. Моўчкі скаланаючыся, яны загортваліся, перашэптваліся. Вільгаць паціху выпаралася, і, грэючыся, Лявон ізноў засынаў. Да раніцы прасьціна высыхала, і маці нічога не заўважала.
Са сьпевамі было прасьцей: маці да сьлёз спадабаліся Ціхія песьні, яна неўзабаве вывучыла словы і ахвотна падпявала ім, Шубэрта ж проста слухала, ківаючы галавой у тахт. Звычайна яны шмат сьпявалі пасьля абеду, калі ўсе гаспадарчыя справы былі зробленыя, а кампот звараны і пастаўлены астуджацца ў вядро з халоднай вадой. Пагладжваючы аксамітнае лісьце герані ля вакна, Рыгор, акругляў рот і старанна выводзіў мэлёдыю. Ягоны рэзкі і слушны барытон вёў за сабою душэўнае, мяккае кантральта матулі і летуценны тэнар Лявона.
Читать дальше