– Прачынайся! – ён штурхнуў Лявона ў пятку. Раздражненьне і злосьць.
Лявон падняўся на локці і адразу задрыжаў.
– Дзе мая кашуля? Т-так, застуда атрымаецца добрая, – сказаў ён, чхнуў і пачаў пасьпешліва адзявацца.
– Як спалася? Нічога ня чуў?
– Не, а што?
– Хтосьці хадзіў вакол нас. Дзіўныя такія крокі, быццам нейкі шкілет, – сказаў Рыгор сур'ёзна, але змоўк, зразумеўшы па погляду Лявона, што той чакае пачуць чарговы анэкдот.
Удзень ізноў жарыла, і Рыгор зьдзеў суколку, з агідай адзначыўшы брудны каўнер. Апошняга разу ён перадзяваўся каб пайсьці ў Опэру, два ці тры тыдні таму. «Вось халера! І куды мы шыбуем? І навошта?» Ён патрос галавой і крыкнуў Лявону, які крочыў наперадзе:
– Гэй, Лявоне, пайшлі назад! Здаецца, акрамя Менску сапраўды нічога няма. За два дні дабярэмся. Чуеш, Лявоне? Я хачу ў лазьню!
– Пачакай… – Лявон прайшоў яшчэ з паўсотні крокаў і паказаў рукою наперад, – Глядзі!
Прасека плаўна сыходзіла ўніз, адкрываючы агляд: лес наперадзе радзеў і саступаў, праваруч віднелася прасёлкавая дарога, а за ёй цямнела нейкая драўляная пабудова. Паскорыўшы крок, яны пачалі спускацца. Рыгор, павесялеўшы, уголас фантазіяваў на тэму вясковае лазьні і самагонкі, а Лявон маўчаў і неспакойна азіраўся. Усё вакол было дзіўнае і смутна знаёмае, ён нібы бачыў гэта раней ува сьне.
Драўляная пабудова сталася закінутай адрынай на краю мястэчка, углыб якога бегла дарога. Абапал стаялі рознакаляровыя аднапавярховыя хаткі, зь нізкімі платамі, кветнікамі, бярозкамі і лаўкамі.
– Рыгор, гэта ж Кляновіца! – мовіў Лявон зь нейкім незразумелым жахам.
– Кляновіца? Вёска так называецца? Дзе ты прачытаў? – Рыгор углядаўся ў хаткі, але яго хвалявала ня назва, а шыльда прадуктовае крамы ўдалечыні.
– Гэта ж мая вёска! Я тут нарадзіўся! – Лявон ледзь не крычаў.
– Дык добра! Чаго хвалявацца? Усе супэр! Нарэшце! Бачыш, інтуіцыя вывела цябе да роднае вёскі, – Рыгор радасна пацягнуўся і падміргнуў. – Пайшлі ў краму, возьмем пажаваць чагосьці.
– Гэтага быць ня можа! Першае, я ўпэўнены, што мінуласьці не йснуе, і таксама не йснуе ніякае Кляновіцы!..
– Дый ліха на іх, на ўсіх гэтых навукоўцаў, міністраў і сьвятароў, – зарагатаў Рыгор, – яны самі нічога ня ведаюць. Зусім табе галаву затлумілі! Яны табе, а ты мне. Бачыш, насамрэч і мінуласьць ёсьць, і жыцьцё па-за Менскам ёсьць. Памятаеш анэкдот...
– Другое, мы не маглі сюды гэтак скора дабрацца! – перапыніў Лявон. – Гэта ж Гомельская вобласьць!
– Ну дык што? Мы ж колькі на машыне ехалі, а зараз тупаем ужо другі дзень. Пайшлі, я піць хачу!
Да Рыгора вярнулася былая ўпэўненасьць, і Лявон разгублена пайшоў за ім, гледзячы на платы. З глыбінь сьвядомасьці ўсплывалі ўспаміны, то смутныя, то выразна-яркія. Ён ужо пачаў спадзявацца, што ўсе ідэі Пятруся былі выдумкай. Тэорыя не пацьвердзілася? Вось яна прастора, вось ён час – роднае мястэчка і цэлае жыцьцё, пражытае тут. Гэтай дарогай яны зь сябрамі хадзілі па грыбы, а ў старым хляве хаваліся і ўпотай курылі... Ці ня ў гэтым хляве? Вось тут, здаецца, раней штолета гатавалі дровы, і зямля была па костачкі абсыпаная бледна-жоўтым пілавіньнем. Так – нават трава на гэтым месцы слаба расьце. А вось тутака, пад плотам, пад вялізарным лопухам, ляжаў мяч! Нібы выразны здымак перад вачыма – пругкі гумовы мяч у чырвона-сіне-белую паласу пад тоўстым, валасатым зьнізу лісьцем. Лявону ўявіўся гук, што адбываецца праз удар нагой па гумоваму мячу, і адчуваньне ўдару ў назе, абутай у карычневую сандалю. А ў гэтай краме ніколі нічога не прадавалі, акрамя хлеба, цыгарэт і гарэлкі, але аднойчы завезьлі жвачкі з малюнкамі пад кожным фаньцікам – і яны ўцяклі з урокаў, каб пасьпець купіць.
Рыгор ужо выходзіў з крамы, пераможна ўздымаючы над галавой бутэльку зь півам. Ён адкаркаваў яе аб выцьвілую раму старэнькае тэлефоннае будкі, і з бутэлькі шуснула шума, заліваючы яму рукі і джынсы.
– Халера! – весела выялаўся ён і зрабіў доўгі глыток. – Ну, дзе твая хата, Лявоне? Вядзі ў госьці, калі ўжо прыйшлі!
Лявонава хата стаяла ў цяністым завулку, за зялёнай, крывенькай драўлянай брамай. Колькі Лявон сябе памятаў, яна ніколі не адчынялася, створкі праселі пасярэдзіне і ўрасьлі ў зямлю. Лявон ужо зусім супакоіўся і адчуваў цяпер толькі прыемнае хваляваньне. Вяртаньне дадому! Каб адкрыць весьнічкі, трэба было націснуць клямку, якая падымала зашчаўку з унутранага боку. Зашчаўка ляснула, весьнічкі рыпнулі і адчыніліся. Яны прайшлі ўва двор. У гарачых сонечных промнях са звонам праносіліся мухі, у кветніку стракаталі конікі. Дзьверы ў хату былі адчыненыя, на верандзе чуўся звон посуду і шкварчэньне алею на патэльні.
Читать дальше