Іхны шлях доўжыўся хвіляў дзесяць, якія здаліся Лявону гадзінай. Ён з жахам назіраў за слупамі, якія ляцелі насустрач, і абліваўся потам, а ўнізе жывата нешта непрыемна апускалася і цягнула. Але, пасьпяхова ўлагодзіўшыся ў яшчэ некалькі крутых паваротаў, Рыгор раптам сьцішыў рах і завярнуў у нейкі двор. Спыніўшы машыну, ён, шчасьлівы і задаволены, адкінуўся на сьпінку сядзеньня. Лявон зьмяніў дух.
– Ну, дык куды мы прыехалі? – спытаў ён панура.
– Як куды? Тутака твой кіраўнік практыкі працуе, Піліп! Твой кіраўнік, а мой сябра. Пайшлі, зойдзем да яго, пахвалімся самаходам! – Рыгор выскачыў з кабіны і пацягнуўся. – Ня кныхай! Пасьпеем яшчэ за горад.
Лявон хмурна адмовіўся. «Рыгор – зусім дурны. Навошта яму гэты Піліп?» Ён пакруціў рычажок, апусьціў шкло і высунуў твар вонкі, ўдыхнуўшы вечаровае паветра. Пасьля рову і грукату цішыня зьвінела ў вушох.
Лявона разбудзіў грук дзьвярэй. Рыгор плюхнуўся на сядзеньне і падаў Лявону буйны памідор. У падоле ягонае суколцы ляжалі яшчэ пяток памідораў, дзясятак агуркоў і шмат дробных сініх сьліў.
– Няма яго, гада. А мне пагутарыць зь ім трэба было... – ён адчыніў бардачок і выгрузіў туды здабычу. – Думаеш, я дзеля сьмеху сюды прыехаў? Не, братка. Разумееш, я яго, Піліпа, да тога як сеў, падгаварыў наладзіць тэлефоны ў горадзе. Намаляваў фарбамі – грамадзянскі абавязак, адказнасьць, карысьць людзям. А ён і паверыў, наіўка. Дый сам я наіўны быў, пакуль у вязьніцы не патрымалі. Гэта значыць у музэі – ну ты зразумеў. Ім, – ён тыцнуў паказальнікам у столю, – гэтая народная карысьць далямпады! Ім галоўнае – выконваць свой дурны, нікому не патрэбны закон. Дык вось, хацеў я Піліпу зараз сказаць, што ўся гэтая задума з тэлефонам – сапраўдная дрэнь. Каб ён на’т і не рабіў анічога. А яго, бач ты, няма. Мабыць ужо на АТС... Ну што, паехалі за горад!
Рыгор запаліў фары, завёў рухавік і даў задам.
– Дый што тэлефоны! Тэлефоны – драбяза. Ён жа ўсё пра сьмерць думае, рыхтуецца. А сьмертайкі няма! Вось што трэба яму сказаць!
– Добрая вестка... Дабравешчаньне, – прамармытаў Лявон і задуменна панюхаў свой памідор.
Ён напаўвуха слухаў Рыгораву гаворку і спрабаваў злавіць за хвосьцік сон, што прысьніўся яму і зараз высьлізгаў – здаецца, гэта было нешта вельмі значнае. Яны моўчкі мчалі змрочным горадам, тым жа шляхам, якім прыехалі. Хвілін празь пяць Рыгор падумаў, што можна было трапіць за горад карацейшым шляхам, Ракаўскай шашою, на Гародню, але вяртацца было ўжо позна.
Калі наперадзе зноў паўстала цёмная будыніна банка, Лявон усклікнуў:
– Я ўспомніў свой сон! Мне прысьнілася, што банк – гэта заварожанае, анамальнае месца. Усе сыходзіцца! Глядзі: раз тамака ёсьць і грошы, і машыны, якія ў звычайным сусьвеце не існуюць, дык там могуць быць і жанчыны! Паварочвай. Вернемся і перарыймо ўсё! Дарэчы, можа, гэты дырэктар і ёсьць жанчынай?!
– Добра, пасьпеем яшчэ, – адказаў Рыгор, мінуўшы паварот да банку. – Паехалі ўжо за горад, бо зусім цёмна зробіцца, нічога не разгледзеш. А спаць вернемся ў банк, каб наша дырэктарка не засумавала ў адзіноце. Я памятаю, у яго там запасы сухога пюрэ былі, дык я ня супраць падсілкавацца!
– У цябе толькі пра адно думкі, – засьмяяўся Лявон і засьпяваў «Das Lied im Gruenen». Рыгор, як умеў, падхапіў.
Міма праплылі апошнія дамы спальных раёнаў, прысадзістая глыба гіпэрмаркета, і вось, паднырнуўшы пад мост кальцавое дарогі, аўтобус памчаўся Брэсцкай шашою.
1. Як Лявон ды Рыгор заблукалі
Яны ўжо доўга маўчалі, і Рыгор гнаў машыну наперад і наперад. Спачатку паабапал дарогі цьмянымі ценямі праносіліся хаты, лецішчы, запраўныя станцыі, нейкія склады, а потым застаўся толькі чорны лес, ён падступаў да асфальту ўсё бліжэй і бліжэй. Калі звонку стала зусім цёмна, непрыкметныя раней спыдомэтры і тахомэтры вакол Рыгора набылі значнасьць, выявіўшы свае таямнічыя бледна-зялёныя абрысы. Рухавік упэўнена і магутна роў унізе, празь сядзеньне перадавалася прыемная вібрацыя. Праплывалі ліхтары – мяккія колы сьвету, высока на нябачных ножках – узрасталі, асьвятлялі кабіну і зьнікалі ззаду. Лявон звужаў павекі, і тады зь сярэдзіны кожнага кола ўзьнікаў яркі чатырохвугольны промень, падобны да компасу са старажытных мапаў, толькі танчэйшы. Лявон чакаў, калі Рыгор скажа «ну што, пракаціліся? нічога асаблівага? паварочваем», ці нешта кшталту, і гатоў быў пагадзіцца, але Рыгор з выглядам адважнага капітана карабля пазіраў наперад і крэпка сьціскаў абаранак. Здаецца, яму проста падабалася ехаць. Нарэшце яны загаварылі адначасна:
Читать дальше