– Чорт зь ім, зь міністрам, – сказаў Рыгор, калі яны дасьпявалі. – Урэшце, я сам вінаваты, што трапіў у вязьніцу. А ён збольшага добры мужык. Хочаш, пазнаёмлю? У яго цукеркі ёсьць.
– Пачакай. Адчуваеш, як тваё стаўленьне да сьвету зьмяняецца пасьля песень?
– Ну... Ёсьць трохі.
І Лявон расказаў яму пра сьпеўнае празарэньне, працу навукоўцаў, канчальнасьць прасторы, сымулякры і несьмяротнасьць. Рыгор моўчкі слухаў, у адных месцах зьдзіўлена матляў галавой, а ў іншых згодна ківаў. Ён правёў рукою па мяккаму калосьсю зуброўкі і далікатна пацягнуў адзін каласок. Тонкая даўгая траўка зь ледзь чутным рыпеньнем выцягнулася зь лісьця, і Рыгор закусіў ейны салодкі белы кончык.
– Слухай анэкдот, – прапанаваў ён, калі Лявон скончыў прамову і змоўк у пачаканку водгуку. – Сустрэліся аднойчы Хайдэгер, Бярдзяеў і Бадрыяр і паспрачаліся, хто болей гарэлкі вып'е. Выпілі першую шклянку. Хайдэгер закусіў смажанай каўбаскай, Бярдзяеў – салёным агурком, а Бадрыяр нічым не закусіў, толькі мармытнуў нешта ў кулак. Выпілі другую шклянку. Хайдэгер і Бярдзяеў ізноў закусілі, а Бадрыяр ізноў нешта мармытнуў. Пасьля трэцяе шклянкі зваліўся Хайдэгер, пасьля пятае зваліўся Бярдзяеў. Прачынаюцца яны ўраніцу і пытаюцца ў Бадрыяра – колькі ты выпіў? Дзесяць. А што ў цябе за словы гэткія чарадзейскія, якія ты ў кулак мармытаў? Усё проста, – сьмяецца Бадрыяр, – апасьля кожнае шклянкі трэба прыгаворваць: гэта не гарэлка, гэта сымулякар!
Лявон паціснуў плячыма, падзівіўшыся на Рыгорава легкадумства ў такую значную хвіліну, і дадаў:
– І мінуласьці мы таксама ня маем. Усё, што мы памятаем – ілюзія. Вось я, калі ўцяміў гэты факт, дык згубіў бацьку і брата...
– А ў мяне наогул аніякае мінуласьці няма, – махнуў рукою Рыгор. – Я заўсёды жыў з татам, працаваў у гаражох, а па суботах хадзіў у лазьню. Вось толькі калі мы з табой пазнаёміліся і банк наважыліся рабаваць, у жыцьці нешта пачало адбывацца. Пацешна…
«Дзіўна, што ён гэтак спакойна ўспрыняў. Мабыць, таксама асаблівасьць Шубэрта, – зьдзівіўся Лявон, а потым яшчэ падумаў: – Ягонае жыцьцё зьмянілася, толькі калі ён пазнаёміўся са мной? Што, я нейкі асаблівы? А можа, я і ёсьць той промень сьвету, пра які казаў сьвятар? Я спушчуся ў пекла і выратую ўсіх!» Ён патрос галавой, каб адагнаць шалёную думку. Думка адагналася, але пакінула пасьля сябе ўзрушанасьць і жаданьне дзеіць. Ён устаў і патупаў нагамі.
– Дый наогул, жаліцца няма пра што, – разважаў тым часам Рыгор. – Вядома, нядрэнна было б мець жонку і аўто, але ці ня ёсьць гэта ўрэшце гемарой? З жонкай кахаешся паўгадзіны на дзень, а ў астатні час яна цябе пілуе. А машына? Навошта яна патрэбная, калі сьпяшацца ўсё роўна няма куды? Лепей пешшу прайсьціся. Тлушчу менш будзе, – ён зарагатаў і пляснуў сябе па чэраву. – А грошы? Наогул глупства! Працаваць дзеля грошай, каб потым на іх купляць жанчын, машыны і ежу?
– Што ты трызьніш! – спыніў яго Лявон, а сам сабе панаракаў на Шубэрта яшчэ раз. – Ці можна казаць пра тое, чаго не спрабаваў? Нельга сядзець склаўшы рукі!
– Запраўды? – пакепліва запярэчыў Рыгор, – Прапануеш аднаўляць таварна-грашовыя зносіны, як тое раяць афіцыйныя асобы? Хай сабе ў дупу дунуць! Годзе мне.
– Я прапаную дасьледаваць сусьвет! Навука лічыць, што за граніцай гораду нічога няма, а рэлігія сьцьвярджае, што там – пекла. Хіба табе не цікава спраўдзіць самому? У першым выпадку мы станем адважнымі дасьледнікамі-піянэрамі, у другім – сынамі Госпада, што праліваюць сьвятло ў юдолю вечнага смутку.
– Ну вось, панесла цябе! Добра памятаю, якія ты тэорыі складаў наконт рабаваньня, зусім супэр. Што мы заб'ем усіх банкіраў і касіраў і зробімся сьвятыя, – Рыгор крэкнуў і раптам спахапіўся: – Дарэчы! Я, пакуль сядзеў у вязьніцы, ну гэта значыць у музэі, нудзіўся і жыцьцё ўспамінаў. Асабліва рабаваньне. Такое ня кожны дзень адбываецца, можа наогул раз у жыцьці! Карацей, успамінаў нашы вычыны і адну дзіўную рэч выявіў. Памятаеш лесьвіцу ля ўваходу ў банк? – Лявон кіўнуў. – А памятаеш, як мы спускаліся зь яе ўніз, у Апэрацыйную залю? – Лявон кіўнуў. – А памятаеш, што было пад лесьвіцай?
Лявон, ссунуўшы бровы, спрабаваў успомніць. У задуменнасьці ён дастаў хустачку і высмаркаўся.
– Плот нейкі, быццам...
– Дакладна! А за плотам што? Лявоне, за плотам былі аўтобусы! Інкасатарскія аўтобусы! Тады мы на іх увагі не зьвярнулі – нам здавалася гэта звычайным. А потым забыліся, не да тога было!
– Ты перакананы, што там былі аўтобусы? – Лявон недаверліва паглядзеў на яго.
Читать дальше