Сьвятар прапанаваў Лявону выйсьці вонкі і пагутарыць там, каб не перашкаджаць прыбіраньню. Яны ўладкаваліся на зялёнай лаўцы з чорнымі каванымі ножкамі, і Лявон усхвалявана спытаў:
– Сьвяты айцец, ці вы ведаеце, хто гэны чалавек, які ў вас прыбіраецца?
– Вядома. Найстарэйшая парафіянка, сьціплая і непрыкметная кабета, глыбокая верніца. Яна прыняла на сябе штодзённае прыбіраньне ў храме, як паслушэнства. Гэта вельмі сур'ёзны падтрым для храма.
– Але гэта зусім не кабета! Гэта мужчына, які адзеўся ў сукенку!
Лявон адразу ж пашкадаваў аб сваім выкрыцьці: «Ну вось, зараз давядзецца тлумачыць, што ды як!» Але шкадаваньне было мімалётнае – узьдзеяньне песень працягвалася, і ўсе боязі і няёмкасьці, не пасьпеўшы згусьціцца, расьсейваліся. «Ці ня ўсё роўна, што я нарабіў? Калі спатрэбіцца, дык патлумачу. Так ці інакш, усе мы шчасьлівыя».
Але сьвятар зусім не зьдзівіўся словам Лявона, ён крыху падумаў і сур'ёзна адказаў:
– Бог рассудзіць. Гэты чалавек жыве праведна, і я ня бачу ніякіх падстаў, каб папікаць яго такімі дробязямі як сукенкі. Тым больш што калі гэтая кабета – ці гэты мужчына, як пажадаеце – прайшла ўсе выпрабаваньні ды апынулася тутака, з намі, дык цяпер яна мае права лічыць сябе кім заўгодна і адзявацца як заўгодна.
– Што вы маеце на ўвазе? – зьдзівіўся Лявон. – Якія выпрабаваньні? Дзе апынулася?
– Усе мы прайшлі выпрабаваньні, – лагодна прамовіў сьвятар. – І зараз пажынаем заслужаны плён, атрымоўваем асалоду празь вечнае жыцьцё ў раі. Хваліць Бога!
– Вы хочаце сказаць, што мы жывем у раі? – Лявон быў уражаны гэтай нечаканай думкай, якая дзіўным ходам тлумачыла ўсе тэорыі Пятруся наконт канчальнасьці прасторы і часу. – Значыцца, Менск – гэта рай?
– Зразумела, сын мой. Хіба вы ня бачыце, якое бездакорнае і радаснае нашае жыцьцё? Разумею, вы, мабыць, толькі нядаўна спазналі ісьціну песень, і яшчэ шмат чаго не пасьпелі ўсьвядоміць. Дык ведайце: наш сусьвет ідэальны і створаны дзеля нашага шчасьця. Мы – несьмяротныя і пазбаўленыя ўсіх цяжараў і нягод зямной юдолі – патрэбаў цела, хваробаў, грахоў. Мы выратаваліся і здабылі жыцьцё вечнае. І таму павінныя ўзносіць вечнае ўсхваленьне Богу!
У Лявона ў галаве падняўся такі віхор нязгод і пратэстаў, што ён нават ня ведаў, з чаго пачаць. Сьвятар глядзеў удалячынь, на сьвежую зеляніну бярозак, і лёгка пасьміхаўся, цёмныя валаскі на ягонай патыліцы дрыжалі пад ветрыкам.
– Мы несьмяротныя?! – гукнуў нарэшце Лявон.
– Вядома. Ці вы яшчэ не заўважылі, што нашы целы ня маюць патрэбы ні ў ежы, ні ў вадзе, ні ўва сьне, і ніяк не зьмяняюцца на працягу бясконцых гадоў?
– Але я ж п'ю! Вось, глядзіце, – Лявон дастаў з заплечніка пакунак соку і зрабіў пару вялікіх глыткоў. – Бачыце? І спаць я вельмі люблю!
– Усё гэта вы чыніце дзеля свайго задавальненьня, але зусім не па патрэбе. Бог так зладзіў рай, што кожны жыхар вольны цешыцца быцьцём на ўласны густ. Паспрабуйце ня піць ці ня спаць – з вамі ня здарыцца нічога дрэннага, – сьвятар усьміхаўся, гледзячы на ачмурэлага Лявона.
– Дазвольце, але няўжо нельга забіць чалавека? Напрыклад, сякерай па галаве? Ці рана адразу загоіцца?
– Хто ж створыць гэткае вар'яцтва, любы мой юнак? Бо ўсе мы – праведнікі, – сьвятар ужо не ўсьміхаўся, а сьмяяўся напаўголасу, аксамітным пяшчотным сьмехам. – Дый навошта каму-колечы зьдзяйсняць забойства ці іншае злачынства? Усе мы шчасьлівыя – абсалютна і навечна.
– Абсурд! – гарачыўся Лявон. – Першае, далёка ня ўсе шчасьлівыя, паверце мне! Асабіста я нядаўна зусім ня быў шчасьлівы, меў неспатоленыя жаданьні дый зь лёгкасьцю зрабіў бы дзеля іх якое злачынства! Другое, ці не здаецца вам, што гэта вельмі дзіўны рай – у якім трэба застудзіцца дзеля найменшага разуменьня таго, што адбываецца, а потым яшчэ і ўвесь час сьпяваць песьні?
– Песьні і музыка ёсьць выслаўленьне Бога, – зноў пасур'ёзьнеўшы, адказаў сьвятар. – Няма нічога дзіўнага, што думаючы пра Бога і ўсхваляючы Яго музыкаю, мы набліжаемся да разуменьня Ягонае задумы. Але вашы словы пра хваробу мяне зьдзіўляюць. Як гэта мажліва – застудзіцца? Азірніцеся, навокал вечнае лета!
Ён ківаў галавой і ўважліва глядзеў, як Лявон урачыста дэманструе сморканьне, а потым счакаў, параіў яму хутчэй паздаравець і задуменна дадаў:
– Невыведныя шляхі Богавы. Не стамляюся дзівіцца на бясконцасьць Ягонага стварэньня: колькі ні жыві, заўсёды пазнаеш нешта новае пра сьвет, Ім створаны. І няма гэтаму канчатку. Дык ці ў нашых сілах меркаваць пра Ягоныя справы? Хто ведае, навошта спатрэбілася Яму застуда ў раі... Хутчэй за ўсё, у застудзе ёсьць дабро, пакуль што нам невядомае. А можа наадварот – гэта знак ворага чалавечага, апошні ягоны сьлед пасьля таго, як ён быў зрынуты.
Читать дальше