Аднойчы ў нядзелю, з самага ранку, калі мы з брацікамі яшчэ песьціліся ў ложках і, гледзячы ў столь, разважалі над убачанымі снамі, Колік сказаў: а што, калі наша мама ў сапраўднасьці не існуе? Іншым гэтая фраза магла б падацца неадназначнай, з выразнай нястачай тлумачэньня, але мы адчулі сэнс імгненна, і ў паветры зазьвінела трывога. Мы апусьцілі ногі на прахалодную падлогу і ў задуменьні варушылі пальцамі. Мы з надзеяй абмацвалі локці нашых начных кашуляў: бо калі яны зацыраваныя, дык гэта ж довад?.. Мы высунуліся ў вакно, мы выскачылі на лесьвіцу і закрычалі – мама, мама! – і яна адгукнулася зьнізу, заклапочана і адначасова весела – бяжыце мыйцеся, толькі ня ўсе разам! Мама прыгатавала нам просты пірог зь яблыкамі, і хіба сама ягоная прастата ня была довадам? Мы кусалі гарачы пірог, і тата кусаў гарачы пірог, агаляючы белыя зубы, але ў існаваньні таты мы не сумняваліся, дакладней, ягоная сапраўднасьць нас не трывожыла, нават каб ён аказаўся ўяўны, мы б не зьдзівіліся. Калі мама праходзіла міма, мы непрыкметна працягвалі руку, дакранаючыся да сукенкі, мы чапалі яе за мокрую руку, мы ўслухоўваліся ў ейны голас. Як мы маглі яшчэ запэўніцца? Толік перакуліў гарбату, каб яе раззлаваць, і яна раззлавалася: сьвежы абрус! Але ці не хаваюцца за прадказальнасьцю змрочныя прорвы? З бясьсільля мы не маглі есьці, і тата ахвотна даядаў нашыя порцыі, і зьбялелы Валік пусьціў па крузе цыдулку: мы можам даведацца, ці існуе яна, толькі калі яна перастане існаваць. Хуліё зарыдаў і кінуўся, і абняў яе за ногі, а яна, даведаўшыся, ў чым справа, засьмяялася й распусьціла валасы – дзіўная, нечаканая рэакцыя! «Так, так! Мяне не існуе!» І яна, накінуўшы плашч, зьехала некуды на ўвесь дзень, спачатку на біенале, потым у тэатар, потым у рэстарацыю. І як ні дзіўна, менавіта гэта пераканала нас стоадсоткава!
117. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра аканчальную мэту
Калі мы былі маленькія, навакол знаходзілася мноства ахвотнікаў прасьвятліць нас па плоцевай справе – на кожнай вуліцы, у кожным завулку нас падваблівалі розныя, і пажылыя, і маладзейшыя, і шапталі нязьменнае: а ведаеце, хлопчыкі, навошта вам вашыя кранікі? а ведаеце, скуль бяруцца маленькія дзеці? Спачатку мы кожнага разу адказвалі, што ня ведаем, і людзі зь вялікім задавальненьнем пускаліся ў тлумачэньні, заўсёды падобныя, але зь некаторымі варыяцыямі, часьцяком абумоўленымі тэрміналёгіяй: адны аддавалі перавагу запаветным і забароненым словам, другія – знарок дзіцячым, часам нават самаробным, трэція абыходзіліся жэстамі, падміргваньнямі й выгібамі гнуткіх языкоў. Нас усё гэта доўга забаўляла, але пакрысе надакучыла, і мы ў час шпацыраў пачалі пазьбягаць закуткаў і падваротняў, шыбавалі па краі ходнікаў, паміж ліпамі й брукам. Так нам удалося пазбавіцца мінакоў, але цяпер на нас зьвярнулі ўвагу таксістыя і кіроўцы аўтобусаў: яны ехалі сьледам, дуднілі й аблізвалі тоўстыя вусны. У рэшце рэштаў мы спыніліся і з раздражненьнем адказалі шафёрам: так, так, мы ўжо ведаем, навошта нам нашыя кранікі. Мы думалі, яны на гэтым супакояцца, але не, іхныя вочы замасьліліся, і яны спыталі: а ці бачылі мы ўвачавідкі, як наш тата робіць маме яшчэ аднаго браціка? Не! Мы хуткім крокам сышлі і ўвесь дзень праседзелі дома, але потым пасаромеліся сваёй маладушнасьці й вырашылі раз і назаўсёды высьветліць, навошта ўсе гэтыя размовы, і якая іхная аканчальная мэта. Мы выйшлі на трамвайны прыпынак і падступіліся да першага напатканага дзяжурнага. Ён усьміхнуўся нам: што, хлопчыкі, гуляеце? Так. А ведаеце, навошта вам вашыя кранікі? Так. А вы бачылі, як ваш тата топча вашу маму? Так. А самі ўжо спрабавалі? Так. А хочаце яшчэ раз паспрабаваць? Так. Ён павёў нас дварамі да сваёй хаты, пачаставаў булачкамі і парэчкай, і сёе-тое паказаў, і сёе-тое папрасіў, і мы на ўсё згаджаліся бяз ваганьняў: і глядзелі, і чапалі, і цягнулі, і рухалі, і церлі, і мялі, і трэсьлі. Потым, калі ён ужо нічога не распытваў і не жадаў, толькі ляжаў на тахце, вохкаў і крактаў, мы пакінулі яго, вярнуліся дадому і прабавілі вечар у ляноце і незадаволеньні. Вынік здаваўся нам бязглуздай недарэчнасьцю, мы крыху паслухалі радыё й рана заснулі. Але ўранку адбылося нечаканае: з акна мы ўбачылі, як учорашні дзяжурны, прыгорблены, сноўдаецца паўз нашага параднага. Мы спусьціліся; ён дрыжаў, пацепваўся, ягоныя блакітныя вочы былі няшчасна й просьбітна раскрытыя. Ён ступіў да нас і прамармытаў: ідзіце да мяне, хлопчыкі, я кахаю вас! Кахаю! Вядома, мы не пайшлі да яго, і сагналі, і загадалі ня сьмець зьяўляцца, але тое, што адбылося, незвычайна натхніла нас. Мы падскоквалі, абдымалі адзін аднаго і радаваліся: хто б мог падумаць! Атрымліваецца, аканчальная мэта – гэта каханьне!
Читать дальше