На поле ў лагчыну, што вяла да Крашчанскага лесу, поўз туман. Поўз з возера, дзе на беразе стаяў белы млын. На полі ўставала з зямлі прытаптанае жыта, падымала нанач угару каласы — расло. Недзе крычала перапёлка: «піць — палоць», чыкалі і чыкалі конікі. У Крашчанскім бары бліскалі агні і ракаталі танкі.
Яны і заглушылі былі сухі стрэл у жыце...
Алёшка пачуў толькі, як яго моцна тузанула за кашулю на грудзях; пасля яму здалося, што ён упаў на мяккую капу сена і напароўся на зуб ад вілак. Дзіва: не балела і не хацелася плакаць.
Ён бачыў яшчэ, як у жыце краталіся чорныя цені, бачыў, што цямнее і шарэюць, стухаючы, чырвоныя палосы над лесам, дзе зайшло сонца.
Пачуў, што выехала з-пад дзяжкі кашулька і выпалі пісьмы. Ён хацеў іх падняць, ён вунь як хацеў іх падняць... Але над галавой зазвінелі камары. Іх цэлае поле... Яны засцілаюць вочы: нічога не ўгледзіш...
Пасля стала ціха-ціха.
1962
Як толькі пераехалі ў Бярэзавец, Ірка ўбачыла, што на дварэ восень. А ў вёсцы яе яшчэ не відаць.
Бярэзавец — кіламетра паўтара ад вёскі, ля ракі Бярэзаўкі, што цячэ лугам і ўпадае недалёка за Ліпнікамі ў Вілію. У Бярэзаўцы пачынаецца пушча — Палік. Тут яны жылі да вайны, Ірка помніць, пасля пераехалі ў вёску. Бацька ў Іркі быў ляснік, і жылі яны ў лесе. Ірчын бацька яшчэ вартаваў і карміў зімою ласёў і аленяў у запаведніку, які быў недалёка ад Бярэзаўца за Высокім Берагам.
Ірка любіла лес, і калі пасля вайны яны зноў пераехалі жыць у Бярэзавец, Ірка была рада. У вайну з Бярэзаўца разбегліся алені і ласі. Бацька казаў, што яны пайшлі Віліёй далёка, аж у Аўгустоўскія лясы, дзе не было гэтулькі партызанскіх лагераў і блакад.
У Бярэзаўцы ў вайну немцы спалілі іхнюю хату, астаўся толькі хлеў, які быў недакончаны — без страхі — і не ўзяўся гарэць. З яго цяпер Ірчын бацька склаў хату, нават з чатырма вокнамі. Вокны ён прывёз у вайну з заставы, якая была на Высокім Беразе ля Віліі, і схаваў у хлеве. Заставу тады ўсе разбіралі — немцы ж усё адно спаляць. Цэлыя ў хляве асталіся толькі два акны; з іх, перарэзаўшы папалам, зрабілі чатыры, і не зусім каб малыя. Ірка праз акно бачыць увесь луг ля Бярэзаўкі і нават далёкія Старыя Вольхі, ля якіх рака паварочвае да Віліі, там яна глыбокая, і ў ёй — рабыя шчупакі.
Ірка любіла восень. Можа, таму, што ў Бярэзаўцы тады было ціха-ціха. Цішыня плыла недзе адтуль, з Паліка, з пушчы, плыла ракою, гэткай жа ціхай, як і сам Бярэзавец. Яна ніколі не разлівалася і не стагнала, вясной у паводкі ў ёй толькі падымалася вышэй цёмная вада.
Увосень у Бярэзаўцы мялела рака і рана жаўцелі бярозы — можа, таму, што раслі на балоце. Жаўцелі заўсёды знізу, паволі, не так, як вольхі, якія чакаюць першых маразоў, тады чарнеюць і асыпаюцца за адну ноч.
Цішыня стаяла ўсюды: і ля хаты, і на пасецы, і на балоце — з вёскі сюды не далятае ніводнага гуку. Затое тут жыло сваё рэха — дзень і ноч, зіму і лета і больш за ўсё ўвосень.
— Гэ-гэй! — так заўсёды гукаў Ірчын тата, калі адыходзіўся ад дому, так гукала і Ірка. Яе дражніў тады Бярэзавец, рэха плыло на Палік, на вёску, а надвячоркам яно варочалася назад, зноў дражнілася і плыло далёка-далёка, толькі цішэй — адкуль жа яму ўзяць сілы? Ірка ж малая яшчэ, ёй толькі пайшоў дванаццаты, мала што яна рослая, падцягнулася за вайну, затое тонкая. І крычаць яна, мусіць, добра не ўмее — ціхенька і дзярката — і заўсёды тады папярхаецца, бо дзярэ ў горле. Вось каб крыкнуў тата, тады б рэха варочалася ў Бярэзавец не адзін раз, але тата ніколі блізка ля хаты не крычаў і не даваў Ірцы, каб не «папудзіла аленяў», і так за вайну, якія асталіся, нацярпеліся страху, — чалавека сталі баяцца.
Увосень у Бярэзавец злятаюцца сарокі і сіваваронкі. Сарок Ірка не любіла: яны зладзеі і стракочуць без аддухі, лезуць усмоль на двор у карытца да парасяці, хоць тады яны і «варожаць на гасця», як кажа маці. Нехта ж выдумаў — сарок, дык тых хоць ты палкай гані, а гасцей, як пераехалі ў Бярэзавец, ні разу і не было.
Увосень, калі стаіць пагода, шасціць пад нагамі мох і трава сівец, гараць сіняватыя пупышкі верасу на пасецы — верас высокі, што трава ў лучках. Па ім поўзаюць мурашкі, вялікія, з крылцамі, і лётаюць пчолы. Сядзе пчолка на верасовую галінку, калышацца, пасля нахіне яе аж да самай зямлі, абдыме ножкамі, перагнецца ўся, адтапырыць крылцы і лезе з галоўкай у маленькую кветачку. Пасля застыне, не кранецца, як памерла, — п'е.
З балота ад ракі прылятаюць вялізныя зялёныя стракозы, лапочуць над верасам сваім доўгім бліскучым крыллем, але пчолы іх не баяцца.
Читать дальше