Ірка любіць пчол: яны збіраюць мёд. А позні мёд — зелле.
На пасецы яшчэ зялёная трава і мох, але пастарэлі ўжо грыбы лісіцы, пабялелі, пачалі сохнуць. Затое ў Бярэзаўцы — маладыя баравікі, бурыя, цвёрдзенькія і круглыя — як хто іх высеяў у адну ноч. У вайну тут гарэў лес, і яны любяць гарэлае. Маладыя жаўтаватыя апенькі і варушкі абляпілі пні. Іх несамнога: не іхняя яшчэ пара. Далей пад лагі ў бярэзніку — чырвоныя падасінавікі і белыя чашчавікі. Маладзенькія на тоўстым корані і з тоненькай галоўкай, — зусім як напарстак на пальцы. На грыбах — слімакі-смаўжы. Яны — Ірка вычытала — сеюць грыбы. Смаўжоў няма толькі на мухаморах. Ды і наліха тыя сеяць, атруту. Яны і самі вунь аж на двор залезлі. Ля ганка і ля студні пясок рыюць — так растуць. Але дзе мухаморы — там і казлякі. На пясчанай гарушцы за хатай іх не злічыш. Казлякоў надта не бяруць. Не бяруць і сыраеж, яны паразрасталіся на зямлі, як рэшаты.
На імшарах — у саснячку за гарушкай — пераспелі дурніцы; на іх кропелькі вады — ад расы. Дурніцы кіслыя, і ад іх не хочацца піць, як ад чарніц, але ад іх баліць галава. Не, гэта не ад дурніц, а ад багуну, з якім яны растуць. А багун у Бярэзаўцы высокі, дастае Ірцы аж па пахі. Пачырванеў спадыспаду ад зямлі — асыпаецца. І пахне-пахне. Толькі чаму ад яго баліць пасля галава, як ад чаду ў хаце, калі маці рана заложыць у печы юшку? Ірка баіцца чаду.
Да імшар праз саснячок вядзе старая ездавая дарога. На ёй — абабітае калясьмі белае сасновае карэнне, зацярушанае прычарнелым сенам. Сена выносілі сюды з балота, сёлета было шмат вады, і на яго ніхто не ўз'язджаў. Балота нават не ўсё абкасілі: не было каму. Цяпер і па лагах ля вёскі адны бабы з косамі ходзяць: мужчын многа з вайны не прыйшло. Так і стаіць балота; пажоўкла, пачарнела. На корм яго ўжо ніхто не скосіць.
Можа, калі падмерзне пазней, траву «абаб'е» Ірчын бацька, каб вясной, калі яна высахне, не ўклюнуўся ў Бярэзавец пажар.
Ля імшарын — бярозы-чачоткі з грыбамі-губамі і цэрам. У вайну тата з губы і цэру «крэсіў» агонь, добра, што цяпер сталі прывозіць у магазін сярнічкі. Ірка так і не навучылася «крэсіць» агонь з цэру. Яна рабіла па-свойму: скручвала з ваты, якую скубла са старой матчынай фуфайкі, кнот, падпальвала яго, пасля тушыла ў бліскучым жоўтым патроне ад нямецкай вінтоўкі. На крэмені чорны кнот загараўся ад першай іскры. Але за вату крычала маці: збіралася яшчэ на зіму «пацягнуць» фуфайку кортам, якога тата прывёз з раёна за воўчую скуру.
З бярозамі растуць вольха, асіна і маленькія дубкі. Ім тут сыра, і яны дробныя. У жоўтым бярозавым лісці чырванеюць рабіны і спеюць каліны — іх у Бярэзаўцы шмат. Іх, калі балота ляжа аблогай пад снегам, доўга яшчэ будуць кляваць сарокі і гілі. Але цяпер рабіны горкія, і гілі іх не чапаюць; яны дзяўбуць сасновыя шышкі: на моху, на грыбах рудзяках панацярушана сухога сасновага насення.
Ёсць яшчэ познія маліны, але пачырванела ўжо мядзведжае вушка, пачалі чарнець ажыны. На ажынніку калючкі і павуцінне. І ягады яшчэ ялкія: не выспелі.
Найсмачнейшыя цяпер брусніцы — як вінныя яблыкі, не раўня ім маліны. Ірка ўмее збіраць брусніцы. Яны на пасецы растуць шышкамі, як бабок на балоце. Сашмаргнеш шышку — поўная жменя. А ля пнёў іх — як хто ўзяў ды рассыпаў з кошыка.
У імшарах на куп'і — змеі і журавіны. Пахаваліся ў мох. Ірка не так ужо і баіцца змей, але журавіны яшчэ толькі пачалі ружавець. Па іх пазней яна пойдзе з маці, калі ўжо асыплецца бярэзнік, і пойдзе на ўвесь дзень аж туды, дзе Старыя Вольхі, узяўшы мех. Увечары падыдзе тата: адны не дадуць рады прынесці, журавіны цяжкія, як бульба.
Калі ў Бярэзаўцы стане ціха, Ірка чуе тады, як высока ў небе за маленькімі воблачкамі грукае самалёт, за ім ззаду цягнецца белая дарожка. Такія самалёты над Бярэзаўцам сталі лётаць нядаўна. Ірка чуе яшчэ, як за Высокім Берагам гудуць машыны — там леспрамгасаўцы згружаюць лес. Ірцы хочацца на Высокі Бераг, яна там яшчэ не была, але ж маці паслала яе з кошыкам па бабок парасяці, ды і бацькі няма дома ад раніцы: сышоў у пушчу да сваіх ласёў, а ў каго адпросішся — маці яе ніколі не пускае.
Ірка чуе, як шастае сухая трава ля ракі, як нехта пляскае там на ўвесь рот. Дзікі. Яны прыходзяць з пушчы аж сюды ў бабок, у самым куце яго ўжо даўно здрабяжылі.
Шваргочуць у траве дзікія качкі, недзе над галавой дзяцел дзяўбе сухую без верху сасну, — яна аж звініць. Ля дзятла цінькаюць сініцы, пырхаюць з сучка на сучок, на ляту ловяць пыл і кавалачкі кары.
Да імшар падкралася ліса, падняла хвост і нюхае мох — чуе мышэй. Пасля, падцяўшы хвост, схавалася ў папараці — пачула, як Ірка ішла з імшары, — і зноў стала ціха-ціха. Сонца вярнула на захад, у небе застылі ружовыя хмары, і на пасеку з балота падзьмуў халадок. Загудзеў над галавою жук, ткнуўся ў шчаку і ўпаў на мох пад ногі. І тады Ірка пачула, як за двума чырвонымі ад смалы карчамі мые лапамі вушы заяц. Пачула, а тады ўгледзела яго, шэрага-шэрага. Нацёршы вушы, заяц пакруціў мордачкай і паскакаў на горку.
Читать дальше