Алёшка мацае рукою пад пахай: там, за палатнянай пафарбаванай кашуляй, шамаціць папера: два пісьмы.
«Хаця б не згубіліся».
Алёшка спацеў. Раптам стала цяжка ісці, — можа, таму, што бег цераз усю лагчыну. Не трэба было спяшацца.
Ён бачыць здалёку на горцы сасновыя жыдоўскія могілкі, збоку ад іх — разбураная царква: ужо блізка. Ён сцішае хаду, але ўсё не можа аддыхацца. З ілба цячэ ў вочы і на шчокі пот: едкі, салёны. Алёшка аблізвае вусны. Дзіва, на лбе пот, а губы сохнуць. Ён гладзіць — выцірае — даланёй лоб і стрыжаную рыжую галаву. Яго ўсягды стрыг тата, а цяпер нядаўна пастрыгла маці — «авечымі» ножніцамі, у рады. Алёшка прасіў, каб часта стрыглі, бо ў яго раслі рыжыя валасы, а ў вёсцы яго тады звалі Чырвоным. А што ён вінаваты? Маці таксама рыжая, але яе не завуць ніяк, а толькі па імені — Гануля. А да яго прысталі. Сяльвестрышын Вовік дык Рабым яшчэ заве. Добра, што ў яго самога твар поўны і чысты. А ў яго, Алёшкі, худы. І што ён зноў вінаваты, што ў яго на носе з аднаго і з другога боку жаўтаватыя кропінкі. І маленькія зусім.
Алёшка ідзе памалу: адпачне, а як будзе варочацца назад — зноў перабяжыць лагчыну ля Бяроз. Самае страшнае месца.
Тады ён думае, што з дому ж уцёк. Маці яго не пусціла ні ўчора, ні сёння, сказала нікуды не хадзіць, не адыходзіцца ад хаты... Калі заўтра ніхто не паедзе ў Крайск, яна сама панясе пісьмо да Арцюховіча.
«Яна сама... — думае Алёшка. — У яе ж балючыя ногі. Стогне...»
Алёшка ведае, што яму «ўляціць» за самаўпраўства, але ён усё знясе, каб толькі тата хутчэй палучыў пісьмо. Учора дзень, сёння дзень...
Калі маці вечарам адлучылася да Сяльвестрыхі «на хвіліну», ён, Алёшка, выбег аселіцамі да маста і схаваўся ў кустах на грэблі. Ліха з ім, што вечарэе, не страх. І тое, што па вёсках бегаюць аўчаркі і хапаюць дзяцей, — выдумкі. У іх жа, у Задарожжы, нікога яшчэ ніхто не схапіў. А тое, што расказваў Амяльян — дык хай бы ён зусім не расказваў. Алёшка ўжо яму не верыць. Не верыць, што эсэсаўцы ішлі ўрукапашную з аўчаркамі на прывязі і што тыя аўчаркі разбегліся па Крашчанскім лесе і цяпер нападаюць на людзей. А што Амяльян загнуў сабе ў кузні жалезны прут і завастрыў у ім канец, дык гэты прут яму за кіёк служыць, кульгаваму ж трэба на нешта апірацца. З вострым прутком і смялей: вайна — усякае можна напаткаць. Быў бы цяпер такі ражон у Алёшкі — смялей было б і яму. Толькі на чорта ён: цяжкі, і так ногі не падымаюцца, а малога — хто зачэпіць? Немцы?
Пра немцаў — можа, і праўда, бо Амяльян склікаў нядаўна ўсіх у вёсцы ў Марыліну хату — канцылярыю — і расказваў, што немцы выходзяць з акружэння кучкамі, як ваўкі ў калядніцу, і цягнуцца на захад, дзе фронт. Яны робяць тое, што і рабілі, таму трэба «трымаць вуха востра», і калі што якое — бегчы ў Крашчанку, дзе стаяць нашы.
Сонца ўжо зайшло за лес, асталіся толькі чырвоныя доўгія палосы. Перасталі звінець камары, можа, таму, што тут, ля дарогі, кончылася жыта і пачынаўся лажок. Зноў пайшла лагчына, але меншая, як у Бярозах, — Алёшка яе хутка праскочыць.
У лагчыне на дарозе няма пяску: прымятая, здрапежаная трава. Ступаць па ёй мякка, як па сене, што растрэслі сушыць, — толькі з-пад ног устае цэлымі клубамі пыл, як попел над вогнішчам, калі яго ўспораш... Гэта — пакуль сцямнее ды ападзе раса.
За кашулю крадзецца халадок, і ад яго бярэ млявасць.
З лагчыны добра відаць белы млын, што ля возера пад Крашчанку: уцалеў. Над ім чырванаватае ад зары неба, відаць, там воблакі, бо над галавой неба чыстае, як і днём, калі без аддухі смаліла сонца. Алёшка не выходзіў з хлева, дзе быў цень: на сонцы балела галава і з носа кідалася ісці кроў. Алёшка ўжо мінаў лагчыну і зноў хаваўся ў жыце, як пачуў зусім побач голас. Нехта гаварыў у жыце не змаўкаючы, але адзін — сам з сабою..
Алёшка перайшоў на другі бок цераз дарогу, на якой у гэтым месцы ручаі павымывалі калдобіны — відаць, яшчэ перад боем, калі лілі дажджы, і спыніўся.
— Я Зямля! Я Зямля!.. — пачуў ён нешта зусім незнаёмае і ўбачыў ля дарогі — і не ў жыце зусім, як здалося, а на сцежцы ля жоўтага каменя, — салдата. Той стаяў на каленях, да Алёшкі плячыма. У гімнасцёрцы, зусім новенькай, і такой жа новенькай пілотцы, якая ледзь трымалася ў яго на валасах. Перад салдатам на камені стаяў у драўлянай зялёнай скрыначцы тэлефонны апарат. Салдат падпёр адной рукой тэлефонную трубку ля вуха, другой торкаў у зямлю белыя металічныя пруткі, пасля крычаў у трубку тонкім голасам:
— Я Зямля!.. Я Зямля!.. Я Зямля!..
Гэта быў і не салдат, а дзяўчына ў ваеннай форме. Алёшка здагадаўся пра гэта тады, калі яна, зняўшы пілотку, паклала яе роўненька на камені ля зялёнай скрыначкі і паправіла рукой свае доўгія валасы: яны рассыпаліся і закрылі ёй шыю.
Читать дальше