— Я Зямля! Я Зямля!.. — крычала яна не сціхаючы, і калі ўгледзела яго, Алёшку, толькі спалохалася і неяк дзіўна паглядзела, не сказаўшы ні слова.
«Якая яна прыгожая. І валасы ў яе, як у Надзі Боханавай. Тэлефаністка...»
Ён згледзеў на зямлі два туга напятыя правады: чырвоны і сіні. Яны цягнуліся цераз дарогу і хаваліся ў жыце.
«Відаць, з Крашчанкі», — падумаў ён і, азіраючыся, перайшоў зноў цераз дарогу — ён прывык ужо ісці тым бокам.
— Я Зямля! Я Зямля!.. — чуў ён і ніяк не мог зразумець, чаму такая ўстрывожаная тэлефаністка — не загаварыла нават — і што значыць гэтае: «Я Зямля».
Цяпер яму было смялей: на дарозе ваенныя.
Зноў пачалося густое жыта, але за ім былі відаць недалёкія хаты ў Крайску. Толькі аднекуль падкралася трывога. «Я Зямля! Я Зямля!» — стаяла ўвушшу. Пад нагамі стала больш пяску. Сюды, у лагчыну, яго, відаць, гнала ў тыя вялікія дажджы. Пашырэла раптам дарога — гэта да яе далучылася другая, што вяла з Хадакоў праз ельнік, які вунь далёка збоку. Хадацкай дарогі адгэтуль не відаць, яна вузкая, выбягае з жыта неяк раптоўна і пад гару. Тут на абочынах шмат валуноў, а пад нагамі пяску — аж па калені. Алёшка зноў марыўся.
Калі ён убачыў на хадацкай дарозе немцаў, то не спалохаўся. Яму толькі ралтам прыбегла ў галаву, што маці крычала на яго ўчора, каб не згубіў адрас, і ён дзвюма рукамі хуценька схапіўся за падпашша, дзе былі пісьмы. Ён не помніў: пабег ці, можа, прыкарэў да зямлі, як камар да саломінкі, і не варушыўся. Калі ж ён апамятаўся, заўважыў, што ідзе паціху-паціху, ледзьве ступае.
Немцаў было сем, ён добра помніць. Усе ў пілотках, з аўтаматамі ў руках. Пярэдні толькі, валасаты, быў без пілоткі і з пісталетам у руцэ — маленькім, чорненькім. Яны саплі, бегучы трушком з хадацкай дарогі. Здалося, ад іх пахне потам і дымам. Яны заўважылі яго і спыніліся, ледзь не збіўшы з ног, але не зачапілі. Нават не гергеталі, перабеглі толькі цераз дарогу і схаваліся ў жыце: падаліся нацянькі на Сушкава, абмінаючы Крашчанку. Зніклі адразу, як і паявіліся. Доўга толькі краталася і шумела на гарушцы жыта.
Ён бег дарогай, пакуль не пачаў задыхацца. Пасля спыніўся: да Крайска яшчэ далёка. Згарэлі б тыя могілкі, як да іх не дабегчы: зноў схаваліся з вачэй.
Ён падумаў быў, што калі ў Арцюховіча пошта, то там і тэлефон. Пазваніць толькі ў Крашчанку, тут жа рукой падаць. Пасля ён успомніў: на дарозе ж тэлефаністка...
Там, дзе ён толькі што бачыў немцаў, хлыснуў зусім ціхі і сухі стрэл. Алёшку здалося, што гэта далёка на хадацкай дарозе.
«Яны могуць уцячы. За Сушкавам лес, дабягуць і — прапала. А ў Крашчанцы — танкі...»
Ён пераменьваўся з нагі на нагу.
«А пісьмо — вярнуся і занясу. Не страх, калі і ацямнее...»
Ён бег назад, — спатыкаўся і бег. З горкі вунь як лёгка бегчы: адрывай толькі ад зямлі ногі і перастаўляць іх не трэба.
Падымаецца пыл, лезе ў горла, пяршыць. Калючыя зялёныя каласы сцёбаюць халодным асцём па твары. З-пад дзяжкі вылазіць кашуля, і вецер гуляе па грудзях. Усё роўна як выскачыў, распарыўшыся, дома з лазні і пусціўся бегчы па аселіцы да рэчкі.
Адсырэла вечарам зямля, ад жыта пахне расой і саломай, у лагчыну цягнецца паласаты туман, у Сушкаве высока ўгару падымаюцца дымы — прамыя, як слупы: на пагоду.
Як далёка ён адышоўся ад каменя... Гэта ж быў бы ўжо ля жыдоўскіх могілак.
Алёшка стаў: многа ўжо прабег, відаць, мінуў той жоўты камень і тэлефаністку. Агледзеўся — быў у самай лагчыне. Толькі тут неяк было ўсё па-другому. Здрапежана дарога, стаптана жыта, над лажком падняўся быў пыл і цяпер асядаў, не даючы дыхаць.
На дарозе, на пяску былі сляды ад падкаваных ботаў.
«Пятнаццаць... Дзевятнаццаць... — Алёшка не змог злічыць, колькі тут прайшло людзей, зблытаўся. — Як хто кароў з усёй вёскі перагнаў цераз дарогу...»
Да жоўтага каменя ён падышоў паволі-паволі.
Тут, здавалася, нічога не змянілася. На тым самым месцы стаяла зялёная скрынка з апаратам, ля яе роўненька ляжала новенькая пілотка, гэтак жа на каленях стаяла дзяўчына ў ваеннай форме. Толькі дзяўчына неяк нізка схілілася над каменем, выпусціўшы з рук трубку. Густыя светлыя валасы ўпалі ёй на лоб і схавалі твар.
У Алёшкі задрыжалі ногі. Ён падышоў да самага каменя і кашлянуў, спалохаўшыся сам.
Ніхто не адгукнуўся. Наўкола было неяк надта ціха. Пасля недзе над Крайскам загудзелі самалёты. Алёшка зірнуў туды, у бок могілак, пасля на дарогу.
Правады — чырвоны і сіні — былі перарэзаны ля самага каменя...
Тады ён успомніў, што Амяльян казаў: калі што якое, — бегчы ў Крашчанку, дзе стаяць нашы. І ён пабег, выціраючы кулачкамі з твару халодны пот.
Читать дальше