Ірка не хоча глядзець шліхты: пара дамоў, яе ж ніхто сюды не пускаў.
На дарозе пыл; па жвіры і сасновых шышках колецца ў босыя ногі. На пасецы сіне, як ад дыму, — гэта ад пагоды. Пачынае балець галава — мусіць, ад сонца. Ные пята — пракалола яе недзе на дуддзі, а мо і на шкле ля заставы.
Першага выбуху яна не пачула: пасека неяк застагнала сухім рэхам і запыліла, схаваўшы з воч дарогу. Ірка ўся сціснулася, прыпала аж да зямлі, пасля пабегла, нічога не бачачы.
Ёй раптам успомнілася, як яны ў блакаду з бацькам беглі так з вёскі на пасеку, дзе былі бульбяныя ямы, а ўсюды рваліся міны. Такі ж ад іх сухі трэск, такі ж дым і пыл. Тады яны з татам ледзь праскочылі, тады ў таты на руках забіла маленькую Верачку, яе, Ірчыну, сястру.
Яна бегла і бегла цяпер па карчах і пяску, не чуючы пад сабою ног, закрываючы вочы, бо па твары секла нечым калючым, мусіць, жвірам, і ад дыму аж блажыла.
Выбухі сціхлі адразу, як і пачаліся. Стала зноў ціха.
Ірка тады апусцілася на халодны, свежы пясок ля неглыбокай ямкі і выцерла вочы. У іх калола, мусіць, ад пылу і поту. Суха было ў роце.
«Здурнела... — Ірка пачала страсаць пясок з нажуткі. — Гэта ж карчы рвуць».
— Адбой, Прахор! Перакурым, — пачула яна і баялася паказацца на вочы мужчынам, што ўдвух, сагнуўшыся, падымалі з дарогі сякеры і торбачкі.
«Хаця б не сказалі тату... Заб'е».
Трава на пасецы была ўсыпана белым пяском. Валялася тоненькае карэнне ад маладых сасонак, бы яго хто надзёр на кошыкі.
Ірка ўгледзела толькі цяпер каля сябе ямы, як ад мін, і велізарныя, чырвоныя, пашчапаныя карчы, што ляжалі на пасецы, як замораныя ў плузе быкі.
Ірка ўбачыла яшчэ, што да нагі ў яе прыліплі кавалачкі мяккай чырвонай гліны і смаляныя аскалёпачкі ад карчоў. Збоку, на вырваным з зямлі верасе, ляжалі раскручаная белая бліскучая паперка, як ад цукерак, і шнурок — шэранькі, доўгі і тонкі, — як слівень.
Ірка ўскочыла з зямлі і пабегла саснячком да дарогі; калі і ўбачаць мужчыны, — не пазнаюць.
Яна бегла не аглядаючыся па разоры ля дарогі, бегла доўга і пачала задыхацца. Тады стала, каб перавесці дух, і ёй здалося, што за ёю нехта бяжыць. Яна пусцілася зноў і, азірнуўшыся ўжо на дарозе, ля лужка, дзе драбнеў лес і ад расцяробу пачынаўся бярэзнік, які вёў на балота ў Бярэзавец, убачыла, што ззаду бягуць алені. Бягуць з пасекі, — аж чатыры.
Пярэдні быў з рагамі-абручамі, закінутымі на плечы і ў плямах, заднія трое беглі за ім, збіўшыся ў кучку.
Ірка спынілася — сталі і яны. Дыхалі часта-часта, бакі ў іх хадзілі хадуном.
«Пазналі...» Ірка хацела выставіць руку, але пярэдні, у чорныя латы, адскочыў раптам назад, спалохаўшыся. Тады яна саступіла ім з дарогі, і яны, не зварочваючы, пабеглі расцяробам у Бярэзавец.
Больш Ірка не бачыла «сваіх» аленяў аж да зімы.
У Бярэзаўцы на балоце вымерзла вада, лёд пабялеў, патрэскаўся, асыпаўся, і яго выдзьмуў вецер. Чорная трава палегла на груду, высахла і шасцела пад нагамі, як сена.
Стала рака. Вада пад тонкім лёдам была чыстая, і праз яе свіцілася жоўтае глеістае дно. Лес стаяў заінелы, пусты і халодны, як парожняя пуня. Пабялеў, насупіўся, трашчаў — яго даймаў мароз. Каркалі ўдзень над ракой вароны і стукалі без аддухі па дрэве дзятлы — грэліся. Мароз узяўся нагалец, і пёк не адпускаючы: зіма пачалася ранняя. Днём была пагода, ярка свяціла нізкае чырвонае сонца, і аднекуль з чыстага неба сыпаўся сіні іней; ночы стаялі месячныя, ядраныя — была поўня, зоркі дрыжалі і мітусіліся, падалі густа на лес, як іскры з коміна на страху, калі гарыць сажа. Ноччу вылі ваўкі, але далёка, на самым Паліку; было чуваць, як у вёсцы рыпелі вароты і ляскаталі на грудах калёсы. У небе гулі самалёты; успаміналася тады, як некалі па начах партызаны палілі агні і пераймалі парашуты.
Зніклі з Бярэзаўца звяры — падаліся ў пушчу: там цяплей.
Аднойчы з начы ўсхадзіўся вецер. Ірка чула, як ён стагнаў у коміне — яна спала на печы, — стукаў у вокны, шастаў па шыбах, як хто вадзіў саломай. Шумеў лес, трашчалі сосны; здавалася, нехта бегаў па гары. Ірка не спала.
Раніцай яе не хацелі пускаць у школу — мяцеліца. І двор, і дарога, і лес — усё было занесена белым снегам, ад яго балела ў вачах. Ірка дастала з гары самаробныя лыжы. Іх зрабіў у вёсцы тата; яна на іх бегала лепш за ўсіх. Школа ў вёсцы, недалёка; а хіба Ірка пабаіцца мяцеліцы? У яе цёплая чорная матчына хустка, старая фуфайка, «пацягнутая» кортам — маці насіла «пацягваць» яе ў вёску да Танькі, у якой пасля вайны асталася швейная машына, — на нагах буркі, пашытыя з суконак, на бурках — бахілы, склееныя з гумы і слізкія-слізкія. Кнігі Ірка носіць у пафарбаванай чорнай торбачцы; яе можна перакінуць цераз плячо, калі едзеш на лыжах.
Читать дальше