Назад ад рэчкі да чорнай канавы, дзе ўчора заламалі альшэвіну, стала цяжка ісці з касой — зноў трапілася куп'ё, парослае верасам...
Кончылася куп'ё — пайшоў адзін бабок — даўно адцвіў, нават сям-там паспелі галоўкі і парабіліся чырвоныя...
Па мяккіх шэранькіх галоўках лёгка зазвінела фінская васьміручка... Нейкім сухім праціўным звонам...
«Гэта не па бабку... Бабок мяккі. Гэта ў мяне ў галаве. Такога са мной яшчэ не было. Каб ад касы...»
Пад балота зноў пайшла высокая, густая, чуць сцягнуць касой, трава. З бабком...
Ну як такую пакідаць на заўтра...
Тады зноў куп'ё і бабок... Заблішчэла пад шэрымі галоўкамі вада. І заенчыла кнігаўка, нізка, над самай галавой. Адна, як і раніцай. Беленькая, чубаценькая. Села раптам наперадзе на купіну, запішчала, саскочыла ціхенька з яе, як з гнязда, і завалюхалася ў траве збоку на ценкіх ножках — уцякала. Як ад гнязда адводзіла. Але гнёзды ў кнігавак былі летам, раней. Кнігаўкі ўжо даўно вывеліся...
«Як ад гіблага месца адводзіць...» — падумала яна.
Зноў зазвінела ў галаве і павяло і ў левы бок, за касой-васьміручкай. Шэра зрабілася ў вачах, як ад пылу...
Шарх... Яна зноў замахнулася касой — пройдзе, не такое было — і ўбачыла, як уперадзе на купіне паднялі галовы шэранькія гадзюкі. Аж тры...
Яна адразу з размаху зрэзала ім галовы, не спужалася нават, падумаўшы, што гадзюкі спаўзаюцца ў кучу пазней, на Звіжанне, а да Звіжання яшчэ далёка... Бліскучая каса адкінула іх адразу ў траву ў пакос і схавала з воч. Пакос яшчэ доўга кратаўся ў тым месцы...
«Добра, што гумовыя боты на нагах...»
Шарх... Зноў туман у вачах... Зноў купіна, усыпаная бабком — шэрымі змяінымі галоўкамі. Шэрымі і чырвонымі — спелымі...
Пакуль яна замахнулася касой, галоўкі пачалі падымацца ад зямлі — расці высака, у рост чалавека, і зрабіліся адразу людзьмі: шэрае з чырвоным...
«Пагранічнікі... З заставы. З Жоўтага Берага. Робяць у хаце вобыск і забіраюць Сяльвестру: «Сидеть дома и никуда не выходить!»
Яна і тады іх не баялася, бегла за чорнай машынай аж на грэблю, пакуль не ўпала ў гразь. Не баіцца і цяпер...
Шарх... Бліскучая васьміручка зразае адным махам і шэрыя шынялі, і шэрыя галовы ў гадзюк. Пакрышаны касой бабок сыплецца на балота белымі пасечанымі качарыжкамі...
А бабок расце і расце. Адзін перад вачыма — адны гадзюкі падымаюць і падымаюць шэранькія галоўкі. Лезуць і лезуць з балота...
За пагранічнікамі — вылазяць уласаўцы, у нашай ваеннай форме. Свае ж, нашы... Зганяюць у вайну ў вёсцы ўсіх да Ганулькі — збіраюцца паліць людзей...
Шарх... Каса рэжа і накрывае іх мохам у пакосе...
Пасля куп'я яна зноў выбілася на шырокае і роўнае месца з адным бабком. Галовак было не злічыць, і яны лезлі і лезлі ўперадзе з балота, з вады, — як гадзюкі галовамі, споўзшыся адусюль: і зблізку, і здалёку. Асушаюць кругом балоты — яны і паўзуць сюды, месца знайшоўшы...
Шарх... Толькі б удзяржаць у руках касу, не выпусціць. І яна з усёй сілы сціснула пальцамі палец на касільне...
Краталіся і краталіся ўперадзе галоўкі гадзюк. Цяпер ужо як петражыцкія... Адзін, другі, трэці, чацёрты... Аскелкі чалавека...
Пасля яны ўсе перамяшаліся: і галоўкі бабка, і галовы гадзюк, і пагранічнікі, і ўласаўцы, і петражыцкія...
«Столькі гадаўя на зямлі... Як ты іх усіх перарэжаш...»
Але зноў павяло ўлева галаву. Доўга і нізка. За касой. Кальнула ў грудзях. Горла сціснула сухая сіпка — не дыхнуць...
Падаючы, яна яшчэ ўбачыла, як зразае касой, шырокай, бліскучай, вострай, падсохлыя галоўкі шэрага бабка...
* * *
Яе знайшла Волька — дачка. Не застаўшы вечарам дома і не ўбачыўшы касы ў свіронку, яна пабегла на Зурэчча. Падняла, як магла, з пакосу і прывяла дамоў. У адной руцэ трымала касу, другой узяла пад паху яе, Александрыну.
Праз кладку ў аселіцу не пайшлі, пабаяліся. Пайшлі праз раку.
Вада ў рацэ вечарам была ўжо халодная як лёд, — чулася ранняя восень.
* * *
Праз дзень па тэлеграме прыехаў з Маладэчына сын Аркадзя. Царук з машынай быў заняты, і Аркадзя, узяўшы ў Петражыцкага каня, прывёз з Крайска доктара — маладога яшчэ зусім хлопца.
Хлопец доўга слухаў Александрыну, маўчаў і ўжо на вуліцы сказаў Аркадзю:
— Нічога такога. Ператамленне. Гады-ы... Патрэбен рэжым. І за сэрцам трэба глядзець. Рэцэпты я выпісаў...
Александрына ўстала з ложка адразу, як толькі доктар выйшаў з хаты: пабег на дарогу, падвязуць назад МАЗы.
Пастаяла на двары, ужо не дзержачыся, як учора, за вушак і за частакол, і пайшла ў гародчык, згледзеўшы ў аселіцы ля ракі дзяцей: Аркадзю і Вольку — стаяць блізенька адно ля аднаго.
Читать дальше