Магрэта спачатку, пасля таго як прынесла тое пісьмо, доўга маўчала, з месяц, тады зноў разгаварылася — была з тых, хто за языком бегчы не паспяваў — і сказала раз, што тое пісьмо было адклеена яшчэ на пошце.
— Яшчэ на пошце тваё звяшчэнне чыталі. Усунулі нос... А ты, сястрыца, пазней усіх дазнаешся пра ўсё. І цяпер — усе бабы, якім папрыходзілі пісьмы, ужо даўна палучылі за мужыкоў выплату. А ты нават у канцылярыю не сходзіш. Хай Волька збегае, спасылай, ці Петражыцкага прыпры да сцяны. Ці, можа, ты не хочаш палучаць тое, што паложана? Нешта ж мала яно за мужыка... Ты, відаць, не хочаш, гордая. Ну, не хочаш — як хочаш...
Магрэта бразнула дзвярыма і пайшла. Капнула на жывую рану і ўжо лапоча на вуліцы...
І рана ажыла: сціснула ў грудзях і кальнула ззаду пад левую лапатку. Да горла падступіла лёгенькая блага...
А ўслед за Магрэтай — Петражыцкі, як згаварыліся. Закудахталі ля ганка спалоханыя куры, і ўжо ён стаіць у парозе, на тым самым месцы, дзе і тады зімой. Сівыя валасы рассыпаны па галаве, маленькі чырвоны носік аблупіўся, згарэўшы на сонцы, шчокі бурыя, вочкі сівыя, і іх зусім не відаць — п'яненькія, плюшчацца...
— А я думаў, што ты знала ўсё і маўчала. У вёсцы не пад кожны камень вада падцячэ, а плёткі — пад кожны. Хі-хі... А тут пісьманоска кажа, што ты не знала. Не хочаш, відаць, браць. Ты баба цвёрдая. Ды яно, калі... — Петражыцкі стаў згінаць і разгінаць перад сабой рукі. — Але ж з другой стараны яно... Калі пусціць усё на самагонку... У ведамасці табе выпісана тры пуды жыта. Зарплата Сяльвестры за два апошнія месяцы, калі ён рабіў у калгасе. Такое ўказанне ў кантору старшыні прыслалі. Больш ён тады не зарабіў за два месяцы, твой Сяльвестра. Хто лічыў? А хто яго ў чорта лічыў. Рашылі вот, сабраўшыся, што тады больш за два месяцы ніхто не зарабляў. І сенакосу паўгектара выпісана. У Цяні, у балота, не павяду, а на Зурэччы, дзе пакінулі на працадні, ля крыніцы, адмеру сам, хоць заўтра... Дабавіш да свайго, што табе палагаецца і... А тры пуды палучы. Пусціш на самагонку — і скосяць, і зграбуць, і прывязуць...
— Нікуды я не хадзіла і не пайду. І вон з хаты... — сказала яна ціхенька, але Петражыцкі пачуў — у яго раптам шырака расплюшчыліся вочкі. І раззлаваліся.
— Дурная баба і не лечышся. Чорт з табой... Але на мне ты вісіш... Зноў мне загадана даставіць цябе і разлічыць... Старшыні аж адтуль загадана, а ён — мне. І ён з мяне не злезе. А я — з цябе... Адумаешся — заўтра раніцай я з Царуком еду ў Хадакі, у канцылярыю. Вольку пашлі, калі сама... такая... Старшыня сам бы табе прывёз тваю кампенсацыю. Даўно. Але ён цябе ведае. Баіцца, як чорт крыжа... Каб ты тым жытам у вочы яму... Хі-хі... Дурная баба. Выгнала б самагонкі...
Яна не паспела спіхнуць яго з парога ў сенцы — справіўся зачыніць за сабой дзверы.
Да калгаснай канцылярыі ў Хадаках яны: Александрына з Царуком — шафёрам — у кабіне, Петражыцкі ў кузаве, — сказаў, залазячы, што саступае ёй, пажартаваў, што яна за гэта «разлічыцца, хі-хі...» — пад'ехалі яшчэ свежай ранічкай — Царук спяшаў, — і ўсе трое падаліся калідорчыкам у кабінецік да старшыні. Дзверы былі на замку. Тады Царук шырака адчыніў дзверы ў «агульную канцылярыю» да «дзевачак». Яны былі на месцы. Стаялі, нагнуўшыся над сталом: адна з аднаго боку, другая з другога — склалі галовы. Бліжэйшую Александрына пазнала адразу — новы рахункавод, а другую, маладзенькую зусім дзеўчынёху, яна не ведала.
Незнаёмая дзеўчынёха, павітаўшыся, узяла са стала ключы — цэлы жмук, апусціла з бразгам у кішэню чорнага як смоль халата і сказала:
— Ведамасць у мяне. Старшыня загадаў мне, кладаўшчыцы, адпусціць, калі прыедзеце. Без яго... Можа, вы, цёця, і распішыцеся тут, у канцылярыі. Што насіць ведамасць туды-сюды... — Яна хуценька перакінула шырокую ведамасць з аднаго стала на другі, бліжэй да яе, Александрыны:
— Вот здесь, внизу. В уголочке...
Александрына пачула, як у яе зноў пачалі мерзці пальцы на руках, як на допыце ў хаце ў Юстыны... Калі яна першы раз дазналася, што за Сяльвестру даюць жыта і сена, яна і тады сцялася ўся ў халодны камень... «Не вазьму. Адкупіцца хочуць. У тры пуды жыта ацанілі чалавека... І вязку сена — наверх... Сярнічку пад тое сена, хай гарыць сінім агнём разам з жытам...» Не было з кім і пагаварыць. З Петражыцкім? З Магрэтай? На яе, Александрыну, глядзелі як на дурную: бяры. Аркадзя далёка. Загаварыла была з дачкой, з Волькай. «Як, мама, рошыш, так і будзе», — апусціла вочы дачка.
Да сённяшняй раніцы яна і была як камень. А додніцай, калі хадзіла па двары, калі грукала рагамі ў сцяну ў хлеве карова, калі пад ногі пускаліся бегчы куры, калі ў вёсцы яшчэ не было чуваць ніводнага чалавечага голасу, толькі на рабіне на вуліцы каркалі вароны, яна неяк суцішана сказала сабе: пакуль буду палучаць жыта — буду разам з Сяльвестрам... І пакуль буду касіць Зурэчча — буду разам з ім... Разам... А там — калі вытрымае сэрца...
Читать дальше