Дувалаў маўчаў. Толькі ў нашым канцы вёскі ён паглядзеў на мяне зверху ўніз:
— Ну, зірні апошні раз на сваю хату...
На двары ў нас нікога не было, не было нікога і ў акне ад вуліцы. На варотах усё яшчэ вісеў белы мяшэчак з ліповым лісцем з Кур'янаўшчыны...
І па грэблі мы ехалі памаленьку, мінаючы яміны з падсохлай граззю. Сонца, даўно звярнуўшы з паўдня, ціха вісела ў сівой смузе над могілкамі.
Дувалаў і на грэблі ні разу да мяне не загаварыў — глядзеў увесь час недзе пад сябе, на пярэдняе кола матацыкла і на руль. Не падымаў воч — думаў, ці што...
На горцы ля могілак ён стаў і злез з сядла. Доўга стаяў на пяску на дарозе, расставіўшы шырака ногі, як усягды ў вёсцы, і глядзеў на могілкі, на Сушкава і на далёкае поле за імі...
— Ану вылазь, джынджык, са свайго гнязда... — сказаў ён мне і, падышоўшы, адкінуў з калень у мяне брызент. Я, усё яшчэ баючыся, вылез з каляскі і стаў ля матацыкла на дарозе. Ногі адразу схаваліся ў пясок, аж па костачкі. — А што тут, школа да вайны была? — спытаўся раптам Дувалаў, неяк цішэй, паказваючы рукой праз дарогу, дзе ў самым канцы вайны згарэла школа і дзе яшчэ і цяпер ляжала дробная бітая цэгла і вялікія белыя валуны.
— Школа... — прасіпеў я перасохлым голасам.
— Ну иди... Учись... Потом всё поймешь... Ты мне больше не нужен...
Сказаўшы і не глянуўшы нават на мяне, Дувалаў ажаргаў матацыкл і так рвануў з месца, што адразу ўспыхнула за ім вялікае сівое воблака пылу і хутка панеслася паласой да Сушкава. Пасля паднялося адразу над усёй вуліцай і доўга вісела над вёскай — не было ветру.
Я стаяў ля спаленай школы і глядзеў на сівы пыл, пакуль ён, падняўшыся над стрэхамі, не растаў, рассыпаючыся ў высокіх ліпах над Сушкавам.
Пасля памалу пайшоў назад на грэблю, усё яшчэ не верачы самому сабе: чаму адпусціў Дувалаў? Ля мастка ў канцы грэблі я спыніўся і апёрся на пярэчку з сухой, рудаватай яшчэ ад саскобленай кары альшэвіны і доўга глядзеў у маленькую рачулку. Хацелася плакаць...
У рачулцы на дне ляжала белае каменне, а там, дзе жаўцеў пясок, краталася ад вады нагнутая трава.
Праз рачулку, падняўшы ўгару з вады на палец галаву і віляючы ў вадзе пад сабой хвастом, пераплывала на другі бок гадзюка. Пераплыўшы, схавалася ў высокай траве.
Доўга яшчэ на балоце ў тым баку краталася асака і дробненька дрыжала мятліца...
* * *
Недзе праз тыдзень, ідучы раніцай з Жукаўшчыны ад трактара, я пачуў ад Федзі на ўчастку, што францужанак з бацькам у Жызнаве забралі...
* * *
А праз якія тры месяцы, калі над вёскай азваліся высака ўгары, адлятаючы, журавы, я пайшоў, познячыся, у школу. Босы, у тых жа штанах і той жа фуфайцы, у якіх хадзіў да трактара.
Ісці трэба было ў шосты клас — аж у Грыневічы, кіламетраў за пяць ад вёскі.
Кожную раніцу я ішоў грэбляй, дзе ўбачыў апошні раз францужанак...
* * *
Дзе вы цяпер, мае францужанкі, што схаваліся назаўсёды ў пыле на нашай грэблі паўвека назад?..
1997
Памяці Сяльвестры і Александрыны
У акно ад вуліцы прасіўся гіль — стукаў дзюбкай у круглую незамерзлую латочынку ў шыбіне, — чырвоны ўвесь, як жар у пячурцы на прыпечку.
Александрына, таўхануўшы худым вострым локцем стол, падышла да самага акна — запахла свежым снегам і ядранай вуліцай.
Гіль, скрабучыся растапыранымі крыллямі па падаконніку, падскокваў да шыбіны, нейкі ўвесь устрывожаны і натапыраны — на холад. Падаконнік быў вялікі, збіты з дошак і засыпаны мяленнем — ад паўночнага шалёнага ветру з Загумення. Ён закрываў знізу паўшыбіны, увесь аброслы за ноч свежым снегам, як белым грыбам. Гіль, згледзеўшы яе, залапатаў дробненька крыллем і стукнуўся дзюбкай у шыбіну, востранька, здавалася, разаб'е — прасіўся ў хату.
«А можа, на гасця...» — падумала яна.
Гасця не давялося доўга чакаць. Бразнула клямка ў дзверцах ад брамкі; з вуліцы іх нехта папхнуў моцна, з разгону, сунучы па зямлі гурбай сухі снег, і на двор уціснуўся Петражыцкі — брыгадзір. Акно ад двара яшчэ не замерзла — узялося толькі знізу лядком, і яна добра бачыла Петражыцкага. Быў ён у жаўтаватым, да калень, кажушку, у злінялай ваеннай вушанцы з абвіслымі вушамі, з паднятым угару правым плячом — нейкі скрыўлены ўвесь і недаспаны. Круглы дробны твар з маленькім, з лясковы арэх, носікам быў у яго чырвоны і нейкі пажваканы. Петражыцкі цяжка адсыпаўся — хадзіў вечарамі па вёсцы па ўдовах, дапаганяючы не толькі самагонкі, хоць і жонка ў яго была зграбная, і дзяцей куча. Было яму ўсяго сорак гадоў, яна помніла: равеснік яе незамужняй дачкі Волькі. Самы вясковы гіль.
Читать дальше