З таго часу, калі раніцай пайшоў з хаты Петражыцкі, Александрына думала толькі пра Сяльвестру. І не пазнавала сябе: успомніць ці пачне гаварыць пра яго — робіцца вялая і не можа стаяць на нагах. Толькі слёзы цякуць з вачэй, як рака... Раней такога не было.
МАЗы праз Сушкава не пайшлі, адзін за адным звярнулі перад вёскай на гароды і падаліся полем у аб'езд, працёрлі сабе новую дарогу да шашы на Плешчаніцы: у вёсцы вуліца была занесена снегам вышэй частаколу. А вецер, дзьмучы з поўначы, усё гнаў і гнаў сухую белую муку, уперамешку з дробненькімі крупкамі, якраз сюды, у вуліцу, ім у спіну, заносячы адразу тор ад саней. Палазы скрыпелі, чапляючыся за вяршкі частаколін.
У Сушкаве яны спыніліся каля Юстыны, якраз пасярод вёскі. У Юстыны, у вялікай, на дзве палавіны, хаце была некалі калгасная канцылярыя; калі злучылі калгасы, канцылярыю перавялі ў Хадакі, у цэнтр, і ў Юстыны была школа, не доўга, гадоў пяць, пакуль пабудавалі новую ля вёскі.
Юстына, невысокая ростам, паўнаватая жанчына, можа, трохі маладзейшая за яе, Александрыну, чысціла на двары лапатай, якой садзяць у печ пячы буханкі хлеба, снег — зграбала і перакідвала за частакол у гарод. Лапата ў яе руках была ўся белая — і ад мукі, і ад снегу, і ў самой Юстыны выбіваліся з-пад хусткі з двух бакоў пасмы белых валасоў.
«Чысціць мне дарогу да кагэбіста...» — падумала Александрына яшчэ ў вазку.
Петражыцкі, калі пагнала, закруціўшы на горцы, у вочы снег, прачнуўся сам, не трэба было яго будзіць і цяпер, хукаючы ў чырвоныя пакрэплыя рукі — рукавіцы ці забыўся дзе на ферме, ці згубіў на дарозе, — прапусціў яе наперад у двор да Юстыны, як успомніў, што яе, Александрыну, трэба даставіць і што яна можа спалохацца і збегчы ў апошнюю хвіліну.
— З самай раніцы вас, такіх, чакаем, любка. Не вы першыя. І ўчора вас прымалі... — адказала ім Юстына, калі Петражыцкі спытаўся: «Ну дзе тут хто?», і пайшла наперадзе ў хату, несучы перад сабой драўляную лапату. У прыхожай паставіла ў качарэжнік, сказала: «Снег можаце не счышчаць, растане і высахне», калі Петражыцкі пачаў грукаць аб падлогу вялікімі кірзавымі ботамі, і паказала рукой у другую палавіну хаты ад вуліцы — у першай яна жыла сама, дажываючы веку.
Петражыцкі, усё яшчэ грукаючы аб сухую і звонкую падлогу ботамі, піхнуў навотліж рукой дзверы ў другую палавіну хаты, і Александрына яшчэ з парога, спыніўшыся, убачыла кагэбіста — сядзеў за сталом пасярод хаты — і ўтаропілася адразу ў яго вачыма. Петражыцкі, стаўшы перад сталом, сцягнуў з галавы скамечаную шапку, выпрастаўся — успомніў, мусіць, як сам быў у арміі, — і «далажыў»:
— Даставіў, таварыш начальнік... — і назваў яе імя, прозвішча і вёску.
«Таварыш начальнік» паглядзеў на яго і, нічога не сказаўшы, лёгенька махнуў рукой: паказаў яму на дзверы.
Петражыцкі такога не чакаў, думаў, што будзе сядзець, растапырыўшы ногі і разявіўшы рот, і слухаць, як стануць «дапрашваць баб», тады пачне прадаваць «новасці» па ўсёй вёсцы за сто грам. Павярнуўшыся, ён з нейкай злосцю сказаў ёй, Александрыне:
— Дамоў дойдзеш сама. Маё дзела было даставіць. У мяне работа.
— Хвіліначку... — кагэбіст устаў з-за стала і падышоў да яе. — Дойдзеце? Па такой дарозе? Снег, мяцеліца... А то — будзе чакаць столькі, колькі трэба. Прывёз і адвязе...
— Не-не... — у яе перасохла ў роце, не загаварыць. — Дайду-у... Далёка тут. І сюды магла б сама прыйсці. Не такі я вялікі пан. Чаго гэта будзе і ён, — паказала рукой на Петражыцкага, — марнець тут і конь на вуліцы мерзці. Дайду.
Петражыцкі ціхенька зачыніў за сабой дзверы.
Кагэбіст вярнуўся і зноў сеў за стол. І пакуль ён падыходзіў да яе, яна добра яго разгледзела.
Зусім малады хлопец. Гадоў дваццаці, ну, можа, дваццаці пяці ад сілы. У яе такія ўжо ўнукі. Лёнік і Вова. Нечым і падобны трохі на Лёніка. І ростам, і нос вастраваты. І стрыжаны коратка. Валасы русявыя, залізаны на лобе набок.
У чорным касцюмчыку, пад гальштукам, сарочка белая. Вочы светлыя, добрыя. Глядзіць на яе ціха, з лагодай, хоча ўсміхнуцца, каб не быць строгім, а ў яго не выходзіць. У бліскучых чорных чаравіках...
«Як ён даехаў па такім снезе і марозе? Нібыта яго прывезлі на легкавой машыне аж сюды, у Сушкава, на двор да Юстыны. І высадзілі ля ганка...» — падумала яна пра яго. Падумала пасля, што ён мог папрасіцца ў кабіну МАЗа і ехаць у цяпле. Хацела нават спытацца.
Ён паказаў ёй лёгенька, як і Петражыцкаму, рукой на старое круглае крэсла, што стаяла перад сталом, трошкі збоку — сам ён сядзеў на такім жа з другога боку, ад акна, — і яна падышла і села.
Читать дальше