Ён згледзеў, як яго аднесла ад каня, і пачуў, што не дастае нагамі дна. Вісіць, як дзе ўгары...
Чапляючыся рукамі за лёд, Ратушняк убачыў, як у чорнай вадзе, што хлынула на снег, заблішчалі і рассыпаліся агні...
Пачуў пасля, як трашчыць лёд і вецер свішча ў каня ў грыве...
Святло падала праз вузкія незавешаныя дзверы ў перагародцы і зверху цераз яе — перагародка не была аж да столі, — цьмянае, шэрае, як ад месяца. Ратушняк бачыў, як за перагародкай на рагу стала ля парога стаяў магазын ад лямпы — шырокая чорная бляшанка, — без шкелькі і без машынкі. Над ім калыхаўся шырокі і доўгі агонь: шырокі, відаць, быў кнот; ад агню ўверх паўзла чорная паласа дыму — краталася разам з агнём, — і ад яе па столі бегаў цень. Столь у тым месцы была закопчана — чарнела пляма, — магазын, недзе, стаяў кожны раз на адным месцы.
Ён чуў, як трашчала ўгары над ложкам столь, — мусіць, вецер кратаў страху, — як стукала ад ветру ў коміне не туга зачыненая юшка, як кратаюцца недзе ходзікі, — не мог толькі ўлавіць дзе: на сцяне ў галовах ці за перагародкай ля стала на дошках, дзе капцеў магазын.
Ён ляжаў на ложку ў самым кутку ў другой палавіне хаты. З-пад ложка з падлогі цягнула сырасцю, сцяна, абмазаная глеем і пабеленая, была халодная і вільготная, да яе не хацелася датыкацца голай рукой. У хаце была адна печ, далёка ў парозе, — грубкі не было.
Ён ляжаў пад пасцілкамі, наверх яму яшчэ ўскінулі суконную старую вялікую бурку, усё роўна было холадна — не лучаў зуб на зуб. Гарэлі агнём пяты на нагах, тады пачыналі балець; смылела, як ад прыску, скура на руках — пупышкі пальцаў.
Змяніцца не было ў што, і ён, лёгшы на ложак, зняў з сябе ніжняе і аддаў сушыць. Ляжаў цяпер пад пасцілкамі і не мог сагрэцца... Чуў, што мокрае цела, — не выціралася і не высыхала...
Думаў, што не памагае і чай на малінавым дуддзі, які ён піў, седзячы за сталом, дзе цяпер калыхаўся, копцячы столь, агонь ад магазына. Пачуў языком, што аблазіць у роце скура, — чай быў гарачы — вар, і ён сербануў, не астудзіўшы.
Заплюшчваліся самі вочы, і ён валіўся некуды ў яму... Тады свісцеў вецер у чорную конскую грыву, грыва адлятала ўбок, растрасалася на ўсё балота, сцёбала па твары, па санях, па зямлі — па снезе...
Пасля рабілася ціха...
Калі скрыпнулі былі дзверы, ён адплюшчыў вочы, убачыў цяпер, што вісіць, перакінуты цераз перагародку, рассцелены сушыцца, яго чорны кажух, — адтаў, з яго сцякала вада і капала: пок, пок...
Там, дзе вісеў кажух, у запечку за перагародкай нехта біў цвёрдымі нагамі аб падлогу і ёрзаўся... Пасля там замычэла цяля, — мякка і ценка, — зусім малое...
За акном, што было ў канцы ложка ў нагах, на двары раптам задугалі нагамі і нехта ўдарыў у сцяну... Заскрыпелі, расчыняючыся, вароты на вуліцу.
Ён аж падскочыў знянацку — ужо, мусіць, спаў. Нагнуўся, зірнуў у акно. Убачыў — на шыбах намерзла снегу. Святло ад магазына паласой падала якраз на падаконнік, дзе стаяла старое, адбітае з рагоў люстэрка. У люстэрку ён убачыў свой круглы белы твар, вочы, што сядзелі недзе глыбака і блішчалі, мусіць, ад агню; чорныя, раскіданыя па галаве і па белым ілбе валасы. Нос і бровы секліся ў люстэрку дзвюма чорнымі палоскамі — накрыж.
Пачуў пасля, як сыпле з двара па шыбах снегам... Пад пасцілкамі яму стала раптам горача ўсяму і пераціхлі, не балелі пальцы на руках. Пацямнела, мусіць, захінулі нечым дзверы ў перагародцы. Засвісцеў цененька недзе за сцяной вецер у конскую грыву і сціх...
— Цяля... Цяля... — загаманіла ў парозе жанчына, не дала звесці воч.
Ён не помніў, калі пачуў першы раз яе голас, тады здагадаўся: на лагу ля платоў, як вылез з ракі...
Убачыў ён яе ўжо ў хаце, пры агні. Убачыў і пазнаў, што лучыў у самыя Выгары... Пазнаў і яе, бо бачыў, бывала, на ферме, цераз якую ездзіў на ўчастак. Чуў, што яе звалі бабы Варкай, і запомніў.
Калі яна прывяла яго ў хату і падвяла да агню-магазына, які гарэў на краі стала, ён глядзеў на яе зблізку, у твар, не ведаючы, што сказаць. Ён помніў, што нічога ёй яшчэ не сказаў, ні слова; гаварыла толькі яна, і на лагу і на двары. Ён глядзеў усё ёй у твар, і калі яна пачала сцягваць з яго ў парозе мокры кажух, за рукавы.
Была яна ў адной старэнькай фуфайцы; пад яе схавала рагі вынашанай, вязанай з воўны сівой хусткі. Была высокая і тонкая, худая, з чорнымі валасамі — яны вылазілі з-пад хусткі, — з прамым носам і бліскучымі спераду — устаўленымі — зубамі. Вачэй яе ён не злавіў: яна ўвесь час сачыла за цялём — глядзела пад ногі на падлогу. Ён пачуў, што ў яе дужыя рукі, калі яна сцягвала з яго мокры кажух.
Читать дальше