Тады пачуў, як стала холадна ў ногі — у калені. Здагадаўся, што набраў у валёнкі вады, што мокрыя шкарпэткі, — хоць і выкруціш іх цяпер, усё роўна мокрае прымерзне да нагі...
Скінуўшы з сябе кажух і шапку, ён сцягнуў з плячэй цесны пінжак і здзёр цераз галаву сарочку — чорную, цёплую. Разарваў спераду, дзе былі гузікі, тады, раскусіўшы зубамі ў падоле шво, разарваў яе на спіне: на дзве анучыны. Сеўшы на санкі — на кажух, — сцягнуў з нагі валёнак; перавярнуўшы, выграб рукой мокрую гразь з халяў — яна бралася на марозе ў камякі, — звалок жывасілам з нагі мокрую шкарпэтку і акруціў сухую анучу з сарочкі. Насунуўшы на нагу валёнак, пачуў, што торгае ў пальцы.
Другі валёнак не злазіў з нагі — набрак, — і Ратушняк, пакуль пераабуўся, пачуў, што астылі плечы. Накінуўшы кажух, зашпіліў яго на ўсе гузікі.
Тады яго пачало трэсці...
Паклаўшы мокрыя шкарпэткі ў перадок у сена, ён тузануў за лейцы. Конь не пайшоў. Зарзаў і не пайшоў.
Тады ён зноў забег наперад і ўзяў яго за цуглі. Конь, ідучы, правальваўся ў снег па калені і выцягваў наверх чорную гразь. Пад нагамі было балота, падапрэлае ад снегу.
Ратушняк чуў, як трашчаў лёд, калі на яго ступалі, і крышыўся, што сухая кара летам у лесе. Нанава нацякло вады ў валёнкі, — ногі зноў былі мокрыя...
Ісці стала цяжка, і ён спачатку ўчапіўся за аброць, тады ўзяўся рукой за аглобню.
Конь, пачуўшы, што аслаблі пад пашчэнкамі цуглі, стаў, і прыйшлося зноў забегчы яму наперад.
Снег цяпер сек проста па твары — было балюча і горача; вецер хлыстаў па доўгіх полах кажуха, адкідаў іх і прабіраў наскрозь ногі ў каленях — яны гарэлі, як ад агню. Уперадзе на балоце стала шэра: было відаць, калі ўгледзішся, як мітусіцца снег, пляйстрамі, бы хто павесіў сушыць на мароз бялізну і не паспеў зняць яе нанач. Вецер ныў ля вушэй, густа і глуха, аж шумела ў галаве. Здавалася, ад шуму галава падымалася ўгару, кружылася, і адтаго яго, Ратушняка, блажыла.
Ён не ведаў, ці многа вёў каня за цуглі: балота было без канца, пашырэла, пабялеўшы ад свежага снегу. Спатыкаўся і падаў на калені конь, дастаючы галавой да зямлі: балота стала правальвацца часцей.
Ён пачуў, як сцяліся, змерзшыся, у мокрых валёнках халявы і стукалі адна аб адну, калі ён ступаў. Зайшло ў ногі, здавалася, ён на снезе босы; тады ногі пачало сціскаць, як абцугамі...
Ён не ўтрываў, клікнуў:
— Гэ-э-эй!..
Крыкнуў глуха, як у яму; падумаў, што яго ніхто не мог пачуць: вецер скуголіў на ўсякія галасы.
Спудзіўся конь, скочыў убок і стаў на цвёрдае — не праваліўся. Стаяў цяпер вышэй яго, Ратушняка, збоку, і ён бачыў, як у каня калоцяцца ногі.
Ён падумаў, што конь узбіўся на дарогу; падышоў да саней, тузануў за лейцы. Конь смела ступіў уперад і праваліўся зноў у снег, — ляглі на зямлю аглобні. Таргануў разы са два хамут, хочучы ўстаць, але аглобні не далі. Лёгшы на бок, ён застагнаў...
Ратушняка падхапіла злосць.
Падскочыўшы бліжэй, ён пачаў біць каня лейцамі:
— Падла...
Пасля ён сціх: «конь не вінаваты», абышоў наўкола санак, сагнуўся адпусціць падпінак. Адсупоніў хамут, выняў з аглабень дугу. Конь ляжаў на снезе, не кратаўся.
Са злосці ён тады сунуў яму валёнкам пад хамут ля шыі. Конь доўга перабіраў нагамі, — ён, Ратушняк, чуць справіўся схінуцца, — пасля ўскочыў і стаў зноў на цвёрдае. Страсануўся і стаяў...
Ратушняк тады перацягнуў цераз чорную латочыну на снезе, дзе качаўся конь, санкі. Сам, — узяўшыся за аглобні. Не чуючы пальцаў, зноў пачаў запрагаць каня — засупоньваць і падпінаць.
Ехаць наперад ён цяпер не рашаўся з асцярогі.
Конь стаяў на цвёрдым, і яму, Ратушняку, зноў прыйшло ў галаву: недзе тут дарога. Зайшоўшы каню наперад, ён памалу пайшоў па цвёрдым, мацаючы нагамі. Ішоў, не праваліўся — адтаго ішоў усё далей і далей ад каня. Аглянуўшыся, згледзеў, як чарнее пляма на снезе — конь усё роўна што ляжаў. Падумаў, што каня не згубіць з воч, і ішоў усё далей па цвёрдым. Расшпіліў кажух і адкінуў каўнер. Конь быў яшчэ відаць, цьмяна расплываючыся на снезе. Ён падумаў тады, што трэба вярнуцца і ехаць па цвёрдым, бо не чуе ўжо ног пад сабой...
Тады яму здалося, што ён угледзеў агонь. Мігнула наперадзе, далёка на балоце, у тым баку, куды ён ішоў.
Забыўшыся на каня, ён пусціўся подбегам па цвёрдым... Агню нідзе не было відаць. Ён падумаў, што яму здалося. Стаяў і доўга глядзеў уперад, захінуўшыся рукамі ад ветру.
Далёка, недзе на краі свету, зноў бліснуў агонь. Адзін, другі... Бліснуў і пагас.
— Агні-і-і... — прашаптаў ён, пачуўшы, што горача і горка ў роце — перасмягла — і што хочацца піць. Сагнуўшыся, ён засіліў рукой снегу. Снег быў халодны, аж калола ў зубы...
Читать дальше