Ратушняк адпусціў лейцы і прыхінуўся бокам да ляжэйкі. Хіліла зноў на сон, і ён падумаў, што, бегучы за саньмі, быў распарыўся. Ён баяўся заснуць, але, каб адкасаўся сон, трэба было злазіць з саней і ісці ззаду — перастаўляць намуленыя ў валёнках ногі і махаць цяжкімі рукамі: яны ў рукавах у кажусе былі што чужыя і не гнуліся.
Ён падумаў, што не можа ўстаць, бы ўзваліўся хто на плечы і цісне. Ён бачыў цяпер перад сабой толькі белую дарогу і на ёй чорнага каня. Чорнага — аж сіняга. Конь рабіўся маленькі-маленькі, як жук, тады расплываўся і хаваў з воч белую дарогу. У вачах доўга было то чорна, то бела. Пасля стала лёгка ўсяму і лёгка стала дыхаць.
Закрычала на ўвесь лес сава, недзе ззаду за саньмі. Глуха, як адкуль з ямы: заінелы лес быў цяжкі — не пускаў рэха. Пасля сціхла, як знікла са свету.
Хроп недзе ўперадзе конь, але ён, Ратушняк, ужо не бачыў пары...
Спаткаўся з Петражыцкім другі раз ён ужо ўвосень, познюю, перад самай зімой. Стаяла на марозе, снегу яшчэ не было.
Дрэва вазілі за Выгарамі, на бераг да Віліі — к вясне на сплаў. У той дзень, помніцца, пацерушыла з раніцы сняжком, вецер зайшоў з-за ракі, з поўначы, і пачалася зіма. З планам паціснулі, як і цяпер, і ўсе з канторы выехалі на ўчасткі.
Тады і спаткаўся ён, Ратушняк, з Петражыцкім другі раз.
Выехаў ён у той дзень на бераг на разгрузку яшчэ з цямном: «лавіў шафярню за крыло»...
З першым рэйсам прыгналі тры прычэпы — разгрузілі яшчэ з фарамі, — і цяпер прычэпы падымаліся ціха адзін за адным на гару ад ракі, бразгаючы ланцугамі па лёдзе, — пайшлі ў самую далёкую дзялянку, пад Ліпнікі, па рудстойку. Рудстойкай і дрыўмі-метрамі шафёры лягчэй рабілі план.
Развіднела. На беразе стала ціха. У лагчыне, дзе паклалі новыя легары, краталіся грузчыкі — раўнялі шліхту. З-за ракі з поля дзьмуў вецер, несучы ў лес рэдкі снег; свістаў і ныў у шкуматах сасновай кары ў шліхтах і ў сухім на зямлі верасе. На ветры было холадна, і ля дарогі, унізе пад шліхтамі, стары, без адной нагі пасля вайны, прыёмшчык Шыла раскладаў агонь. Вецер круціў там дым — дымам ад сасновых лапак пахла на ўвесь бераг, — зрываў у яго з плеч новы брызентавы плашч з капюшонам, які Шыла палучыў у леспрамгасе цераз магазін. У такім плашчы быў і ён, Ратушняк. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў ля шчыкалатак голыя рукі. Без агню ў такім плашчы за дзень можна было адубець...
Ратушняк абыходзіў шліхту ля дарогі — спускаўся да прыёмшчыка Шылы, да агню. Калі ён ужо, быўшы сярод дарогі, угледзеў машыну, — перабег на другі бок. Машына на вялікай хуткасці ўся ныла і звінела — ад яе аж разлягаўся ціхі раніцай лес. Высунуўшыся з сосніку на пасецы, яна кацілася дарогай уніз — з гары да ракі на шліхты... Ён падумаў, што тут нешта не так па тым, як бразгалі на прычэпе ланцугі: стукалі аб зямлю, аб колы, аб дышаль. Каб сядзеў у кабіне чалавек, той бы гэта чуў.
Ён, Ратушняк, здагадаўся: машына коціцца да ракі адна... Яна нават не валюхалася з боку на бок, як тады, калі яе асцярожна выкіроўваюць на калдобах, а ішла па глыбокіх каляінах роўна, як па шнуры; падскоквала толькі на прычэпе бярвенне, высока ўгару, з грукатам і звонам: у каляінах былі ямы.
На Ратушняка падзьмула бензінам. Ля самых ног па сасновай кары на зямлі ўдарыў канцом ланцуг, белы, цяжкі, — цягнуў з сабою трэскі...
У кабіне чалавека не было, Ратушняк убачыў цяпер на свае вочы. Машына па выезджанай грудаватай каляі перлася адна на бераг — у раку. Ён пачуў, як закрычаў прыёмшчык Шыла. Убачыў тады, як падскочыў ля самага берага ўгару прычэп, — відаць, колы лучылі на пень, — і павярнуўся, падцялежыўшыся, бокам; як скацілася зверху з прычэпа бервяно і стукнула аб зямлю ля дарогі, як пасля праваліліся, бы куды ў яму, і машына і прычэп, знікшы адразу з воч. Закалыхалася ля ракі старая голая ніцая лаза — адны дубцы, і доўга яшчэ кацілася па беразе бервяно, пакуль не зачапілася ў кустах, задзёршы ўгару канец.
Калі ён падбег з Шылам да ракі, угледзеў, як па вадзе — рака пасля асенняй паводкі яшчэ не ўвайшла добра ў берагі — паплыло бярвенне, круцячыся і выраўніваючыся адно за адным у шнур: на прычэпе, мусіць, парвала ланцугі.
Кабіны з ракі відаць не было, тырчаў толькі кавалак дышля ад прычэпа, што хвост з нары, аб яго плёскала чорная вада. На тым месцы, дзе, мусіць, была кабіна, круцілася белая пена, вір... Ён угледзеў пасля, як далёка ракой плыло бярвенне, хаваючыся з воч за паваротам. Шумеў у голай лазе, шэпчучы, траснік...
Закрычаў быў зноў, кульгаючы па беразе, прыёмшчык Шыла — паказваў рукой назад на гару, у соснік...
Читать дальше