— Каршуны... Сям'я. Цэлая кантора леспрамгасаўская... — Петражыцкі, заклаўшы рукі за спіну, круціў галавой.
— Ну і вочы... Угледзіць жа. Аж дзе...
— Прыляпіўся, ты скажы. Ніколі б не паверыў. Што Сямён Калінавіч да свайго крэсла.
— Чысцяць гнёзды...
— Малыя, мусіць, ёсць. А бацька ўгары, назіркам... Зверху яно, брат, усё відаць. Што мы і хто мы. Таму нам, можа, і не даюць ЗІСоў на бензіне. Мудрыя птушкі наверсе.
— Не даюць ЗІСоў, бо няма...
— Што мы за шафёры? Ад нас нават бензінам не пахне...
Ля елкі на дарозе прытапталі ў мох і пясок кепку, што зляцела з галавы ў Петражыцкага; пасля адкінулі яе пад прычэп пад калёсы.
Ад ветру ўгары краталіся лапкі і патрэсквалі сухія сучкі, як на агні. Адтуль сыпалася труха, не даючы глядзець, задраўшы галаву; адрываўся і падаў на зямлю зялёны, доўгі і дробны мох, як сторжка ад нявымачанай пянькі.
Яны тады адышліся далей на дарогу, да самага прычэпа, і глядзелі ўверх.
— Во каму суха...
— Хто наверсе сядзіць, таму ўсягды суха.
— Ён плана табе не дасць, не задзірай галавы...
— План... План... У мяне радзікуліт.
— Знайшоў чым хваліцца. Грузчыкам не хочаш памагаць, знаю.
— Патрасе па калдобах — і ты схопіш. Не заракайся...
— Рэва скора вернецца, чаго мы стаім? Не размінёмся...
— А па мне... Машына хай адсапнецца. Рванеш — тады што? У грузчыкі ісці? Машын больш няма.
— Трэба нешта думаць. Пад дубам пакрышкі скора пачнуць страляць.
— Чорт з імі. Навейшыя дадуць. А то грузі і — бойся...
— У каго гэта матор не выключаны? Шум...
Пабеглі выключаць матор — былі пакінулі не выключаны: забыўся нехта ззаду.
Стала ціха. Стоячы на дарозе, яны цяпер глядзелі адно ўгару. Кідалі курыць і тушылі нагамі ў пяску акуркі.
— Хлопцы, што мы робім? План сарвём. Трэба нешта думаць.
— Хай начальства думае...
— Што ты ўсё на начальства? Інжынер чуе...
— Што інжынер? Яму чуркі мяшаць не трэба...
Калі ён, Ратушняк, падышоў да іх, усе змоўклі. Стаялі і глядзелі хто ўгару, на елку; хто ў зямлю; хто пад колы, пад прычэп. У вочы яму ніхто не глянуў. Пасля ад грамады адлучыўся Петражыцкі. Выплюнуў акурак з зубоў, скочыў здалёку на падножку і схаваўся ў кабінку. Махнуў дзверцамі, але не зачыніў, пакінуў насцеж.
«Чугрэй» заныў, як прыбітая муха. Крануліся, торгаючыся, бы чапляючыся за што, колы. Тады закруціліся на адным месцы шпарчэй і шпарчэй: зашасталі па шорсткай гразі, бегаючы хуценька і лёгка, бы пад імі не было зямлі і на іх зверху не наваліўся прычэп з дубам. Сюды, дзе стаялі людзі, паляцелі гразь і пырскі, ахапкам. З зямлі выбіла чурку, і яна, чорная, як у дзёгці, стукнула некаму ў бот і, фуркнуўшы, адскочыла аж у лес на мох.
«Чугрэй» ныў і ныў — звінела ў вушах, і стагнаў, здавалася, лес. Петражыцкі — было відаць — сагнуўся на сядзенні, нахіліўся ўперад, узлёгшыся на руль, — памагаў машыне.
Ратушняка як кальнула што: здагадаўся, — Петражыцкі хоча паказаць: на, інжынер, глядзі, якая дарога і якая машына... Палюбуйся, а пасля ўжо станеш... А мы табе тады пальчыкам пакажам, ціхенька і спакойна: вунь, пад нізам — балота, а вунь, наверсе — печ з чуркамі. Прастыла. Дыміць і чыхае... Аж неба чорнае — у сажы...
Тады сюды, дзе стаяў ён, Ратушняк, падышлі шафёры. Нехта махнуў рукой Петражыцкаму: «Канчай... Думаеш, яны не відзяць гразі? Самі стаяць па калені... Ды яны і не гэта відзелі... Не нас з табой... Не рві машыны...» Другі нехта вылаяўся. Петражыцкі тады адразу выключыў матор, памалу-памалу вылез з кабінкі, нібы ён быў увесь балючы; абышоўшы машыну спераду, падаўся на другі бок: пастаяў, пастукаў ботам па печы, дастаў качаргу і палез «за плечы» машыне, дзе была скрынка з чуркамі. Стаўшы на калені на скрынку, адкінуў у печы века — перакуліў, як вялікую патэльню, — і палез у печ з доўгай і ценкай качаргой.
На дарогу чхнула дымам і пагнала іскры.
Петражыцкі доўга перамешваў чуркі, тады, кашляючы ад дыму, стаў сыпаць са скрынкі ў печ свежыя — прыгоршчамі, што бульбу ў кацёл, — і тоўк іх качаргой.
Далоў з машыны ён саскочыў, ледзь-ледзь зыбнуўшыся ў каленях, якраз перад ім, Ратушняком, і глядзеў цяпер у вочы: пачуем, што скажуць...
Ратушняк тады ўсміхнуўся:
— Што ж... Паказаў. І гразь, і чуркі... Падвёў і носам тыцнуў. Што ката... Дзякуй.
— Няма за што, таварыш інжынер...
— Дык знай: я за цябе цягнуць не буду...
— Дарога, таварыш...
— Бачу і якая дарога. Не вылезлі вочы... Ланцугі абуй...
— Летам? Ланцугі? Ні ў кога няма. І не памогуць яны.
— Дамкратам падымі. Першы раз, ці што?
— Не першы... Ям многа, таварыш інжынер. Ля кожнай дамкрат не паставіш. Кожную чуркамі не засыплеш. Не хопіць лесу...
Читать дальше