— Гэта я плюю табе ў душу? Морда... Загарадзіў дарогу, і я яшчэ яму плюю. — Рэва раптам схаваўся ў кабінку, даў назад, ад'ехаў, тады пусціў машыну зноў на Петражыцкага. Пад'ехаў, зноў высунуўся з кабінкі: — Знай. Быў рвачом, рвачом і здохнеш. І сябе ў зямлю загоніш і машыну... З-за рубля загавееш... Наклаў...
Яны не пачулі, што сказаў Петражыцкі. Убачылі толькі, як ён скочыў з дарогі ў кабінку, спрытна, што кот, як адразу над яго «чугрэем» падняўся дым, густы і сіні. Зазвінеў зноў матор ад вялікай натугі.
Пасля яны яшчэ здалёку ўбачылі, як прычэп вылез з ямы і папоўз па дарозе. Яны тады пабеглі за ім...
Прычэп поўз і поўз, закрыўшы сабой і дарогу і Рэву з машынай. Яны чулі, што гудзе не выключаны матор у Рэвы, чулі, як стогне, не могучы, ад натугі «чугрэй», і не ведалі, што робіцца ўперадзе.
Калі ён, Ратушняк, падбег да прычэпа, убачыў, як стукнуліся лоб у лоб машыны, як «чугрэй», сунучы коламі гразь, пхнуў перад сабой Рэваў ЗІС. Сапхнуў набок з дарогі, падцялежыў і пхнуў далей, упёршыся ўжо не ў буфер, а ў падножку ля дзверцаў, — сагнуў яе і карабаціў кабінку...
Машыны гулі, дрыжалі і скрыпелі...
Ратушняк закрычаў, але крыку яго з дарогі Петражыцкі не пачуў. Тады ён, Ратушняк, ускочыў на падножку і схапіў яго за рукі...
Прычэпы ў той дзень цераз грэблю не пайшлі.
...Вечарам Сямён Калінавіч ужо ведаў пра ўсё.
Замялі...
Трашчыць план, а шафёры варон страляюць... Адзін на аднаго кідаюцца з машынамі. Тады, калі зводку па форме № ... хоць ты два разы на дзень перадавай: жыцця не даюць... Тады, калі ў дзялянцы сам інжынер быў... Вачыма лыпаў... І ў дзялянцы і на грэблі ля машын...
Зрабілі, каб усё было ціха.
Ціха было і ў калоне.
Толькі праз тыдзень вечарам на беразе Рэва пачуў, што ў кабіне пахне ворванню... Пайшлі «нюхаць» усе шафёры. З-пад сядзення выцягнулі тады дохлага ваўка — старога, як толькі там тоўпіўся. Рэва цэлы дзень вазіў яго ў кабіне: не знайшлося патрэбы злазіць пад сядзенне.
Пасля ўжо ў маразы, калі дрэва вазілі да Віліі, падняўшы адзін раз сядзенне, Рэва згледзеў снарад. Тоўсты і круглы, з тупым носам, як гарбуз, бывае, вырасце ўдоўж...
Не падыходзіў да машыны цэлы дзень. Прастаяў, пакуль не прыехаў ён, Ратушняк, — быў у дзялянцы. Снарад ляжаў парожні — адна цяжкая ржавая адаробка, — відаць, партызаны выплавілі з яго некалі тол.
Калі пасля Новага года Петражыцкаму далі ЗІС на бензіне, пад сядзеннем Рэва ўжо нічога не знаходзіў...
Маладзік пашырэў, стаў зусім цьмяны — слеп. Спусціўся нізка над зямлёй і мільгаў у вачах, то хаваючыся за соснамі, то чырванеючы зноў у прагалінах крывым шырокім бокам.
Пацямнела. Белая была толькі дарога. У лесе на снег апала густая шэрая мярэжа; на елках — на лапках — не было ўжо відаць інею: яго крала цемната.
Ратушняк мінуў Хатавічы — пакінуў убаку; праехаў краем Рудню, маленькую вёсачку з маленькімі, рассыпанымі па снезе хаткамі, — ад Мсціжаў ад'ехаўся ўжо далёка, — праехаў блізка што паўдарогі. Гэтым месцам у лесе павінна была быць рака — ён не помніў, мінаў масток ці не.
Хроп конь, часцей стаў біць у хамут — жахаўся.
Лес падрабнеў — пайшлі нізкія тонкія елкі, было відаць, як вытыркаецца на дарогу разгаты альшэўнік — дарога павяла імшарай. На імшары стала зноў святлей, — усё роўна як выехаў з пуні на двор.
Ля мастка — ля старых асін, чорных уначы, што абгарэлых, — закрычала на ўсё горла сава, кінуўшыся зверху на снег, пад ногі каню. Конь форскнуў, адсеў у аглобнях, тады рвануў угалоп па дарозе, — вазок стала кідаць з боку на бок. Нахіліўшыся ўперад, Ратушняк цягнуў да сябе лейцы як меў сілы. Суцішыўшыся, конь доўга яшчэ ціснуўся ў адзін бок. Па лесе ззаду крычала сава — палявала пры маладзіку.
Доўга цягнулася імшара — рэдкі альшэўнік, дарога па ім віхляла з боку ў бок, з кургана на курган. За імшарай зноў пачаўся сасновы лес — стары, аб'інелы да самага долу і, здавалася, ад таго дзідаваты, не падступіцца. Ля самай дарогі гэтым месцам рос малады соснік, — конь чапляўся дугой за лапкі, і на калені, на кажух і на валёнкі ў вазок сыпаўся зверху іней доўгімі долькамі, як пакрышаная ў сячкарні салома.
Калі зайшоў месяц, у лесе адразу сцямнела; пачарнеў конь — угрэўся за дарогу і на ім растаў іней; бліжэй да дарогі нагнуліся сосны. Зноў заскрыпелі сані, па лесе пайшоў пошум, за спіну краўся шорах.
Здалося, памякчэла, не калоў у шчокі мароз. У небе зніклі зоркі, відаць, яго зацягнулі хмары. Хроп конь, пускаючы пару сабе пад ногі: ішоў — гэтым месцам пад гару, — апусціўшы галаву. Чуў далёкую дарогу.
Читать дальше