— А хто вам дазволіў сыпаць пад колы чуркі?
— Гора, таварыш інжынер...
«Таварыша інжынера» Петражыцкі выразаў, як пілой па дрэве. Ратушняку ад таго стала ўсяму горача: падступала злосць.
— Будзеш адгружаць. Дарогу заняў. І сам ні гам, і другому...
— Адгружаць? Хе-хе... Не стану, таварыш інжынер, вы ж ведаеце...
З Петражыцкім смяяліся і шафёры: «У дзялянцы крычалі: дагружай, а тут — адгружай... Смеху варта...»
Ратушняк падумаў, што ён дарма злуе на Петражыцкага, што больш ЗІСоў у калоне няма, што «чугрэі» не для такіх дарог, не для балота і дубу, што яны аджылі свой век даўно, што іх не варта было прысылаць зусім і што да іх у яго ніколі не ляжала душа... Падумаў, што план — як ні цісні — пусты. Бо яно ўсё тут — як мокрае гарыць. Розніца, мусіць, ёсць: ці бярозавую чурку кінуць у агонь, ці пырснуць бензіну... Не той дым...
— Будзем адгружаць, калі вы ездзіць не можаце. Наперадзе ўся грэбля такая...
— А дарожніцы, таварыш інжынер?
— Дарожніцы за Бабровам, на ямах. Там не такое пекла... Будзем адгружаць. ЗІС скора назад вернецца. Дарогу забілі...
— А куды скоціш, таварыш інжынер? Цесна... Што, дзялянку, можа, з боку ля прычэпа выразаць загадаеце?
Петражыцкі зноў пайшоў да кабінкі:
— Мяне гэта «разгружацца» як нажом...
— Абыдземся без нажа... Сюды, дзе стаіш, скінем два камлі... Лягуць...
— А я, можа, інжынер, не хачу распісвацца ў пустой графе ў ведамасці. Можа, я хачу за норму палучыць.
— Сёння нормы не зробім...
— Ты дай мне ЗІС на бензіне! Шафёр я ці не? Ці, можа, я вам — баба разанская? Не-е-е... Я вам не цыган, на кабыле здыхаць... У мяне, можа, ёсць і рукі і ногі... Можа, у мяне ёсць і на каго рабіць... Можа, я і рабіць магу... А на чым? Не-е... Ты дай мне плячо падставіць... А тады ўжо мне пальцам тыкай...
— Не я іх выдумаў... «чугрэі»...
— Седзіцё. Стаўка ідзе, ці дождж, ці снег. А пра тое, што, можа, нам не грэе на вашых «чугрэях», думаеце? Пра ўсіх нас? — паказаў ён рукой на шафёраў. — Дзень-ноч, каб зарабіць, — у гразі, у сажы... Рук няма чым абмыць... Хоць ты карасіну з сабой у банцы вазі, каб вечарам рукі ад масла ачысціць...
— Вось што. Не хочаце адгружацца, ад'язджайце назад. Да мастка дарогу занялі...
— Адступаць? — Петражыцкі закрычаў, і ён, Ратушняк, падумаў: «Крычыць... А чаму маўчаць усе шафёры? Слухаюць, зубы скаляць і маўчаць. Хочуць, мусіць, каб ён гаварыў: «смялейшы».
— І які чорт пагнаў нас сюды? — крычаў Петражыцкі. — У балота, у гразь... Гоняць, давай, Петражыцкі, нагружай... Давай, Петражыцкі, адгружай... Давай, Петражыцкі... А гэтаму Петражыцкаму і даваць ужо няма чым... Не гараць чуркі... — Ён пацішэў, тады спытаўся пошаптам, гледзячы ў вочы: — Дакуль вы нас ганяць будзеце? Муштраваць?..
Ніхто не хацеў ні адгружацца, ні ехаць назад: схадзі, выкіруй. Выцягні яшчэ з ямы Петражыцкага... Некаму ж трэба будзе цягнуць яго з ямы, зачапіўшы...
Стаялі. Курылі. Зноў крычаў сваё Петражыцкі, пасля яны ўсе насядалі на яго, Ратушняка: давай ЗІСы... Тады пайшлі за ім да задніх машын: можа, дзе заднія з'едуць набок, да мастка далёка. А Петражыцкага адгрузяць і пусцяць цераз грэблю. Праскочыць да Баброва, пакуль вернецца Рэва. А не праскочыць — чаго ж тады гнаць у гразь усе машыны...
Петражыцкі нікуды ад машыны не крануўся:
— Хочаце рабіць план — цягніце самі. Ці ўзад, ці ўперад. А я свой план ужо не зраблю. Інжынер сказаў...
Ужо ідучы, яны пачулі, што спазніліся: ехаў Рэва. Было чуваць, як далёка ззаду, недзе пад Бабровам, бразгаў ланцуг... Яны сталі кучкай на павароце і намерыліся вярнуцца назад: папросяць, Рэва падчэпіць Петражыцкага. Убачылі былі, як Петражыцкі выйшаў уперад на дарогу і, схаваўшы рукі ў кішэні, чакаў.
Рэва, пад'ехаўшы, стаў, адкінуў адразу двое дзверцаў; пасля зноў крануўся і ехаў, памалу, ледзь каціўся, на Петражыцкага. Той адыходзіў задам да сваёй машыны.
— Ты што? — саступіў ён пасля Рэву з дарогі, і машыны цяпер стаялі адна ля адной: лоб у лоб.
— А ты што? — пачулася з кабіны. Рэвы яшчэ не было відаць.
— А тое, што ты, старая чапля, ссівеў, а на чалавека лезеш. Не відзіш, што селі? Мала ўсё...
— Знайшлі месца, селі. А мне-е...
— Угу-у... Хочаш дарогі, значыць. Сухенькай... Чысценькай... І каб замінішча не было. Акруціся, зачапі мяне... А там і другіх цераз грэблю да Баброва... А так рэйсаў на норму не палучыцца...
— Я не рвач!
— Значыць, я рвач? Ану скажы-ы... — Петражыцкі заводзіўся. — Ах ты, падкалоднік...
— Падкало-однік? — Рэва толькі цяпер высунуўся з кабіны. — Што-о?..
— А тое, што ў цябе за душой ні... Адна калода. А ў мяне ў душы душа ёсць... І я нікому не дам... пляваць...
Читать дальше