— А ў гэты раз хто? Новыя саюзнікі ці старыя? — нахіліўшыся над ляжачым, я стараўся выціснуць з яго нейкую, прынамсі, элементарную інфармацыю. Тадзік ляжаў, аднак, бы той марафонскі бягун, які прабег кавалак свету, сказаў, што сказаць яму загадалі, а потым упаў і дзеля несмяротнасці сканаў, бы той апошні ідыёт.
Ляжаў Тадзік хвілін пяць. А потым — расплюшчыў вочы, ажыў — праўдападобна ягоны маршрут быў значна карацейшы за сорак кіламетраў. Вярнуўшыся да натурай прадбачанага стану, падсунуў пад мой нос газету: На, чытай!
Акуляры, шчаслівым выпадкам, стрымалі ранішнюю сустрэчу з падлогай, я мог карыстацца імі надалей, на тое хаця б, каб даведацца пра актуальную сітуацыю ў горадзе. А справы выглядалі так: “Учора ўзнікла новая партыя — Партыя кучаравых. Узнікла з мэтай падзяліць спакойнае грамадства на дзве супрацьлеглыя сілы. Нашых богабаязных жонак і дочак кінуць на волю распусным бугаям, а лепшыя штукі адправяць за мяжу, вядома — не за адно слова “дзякуй”. І калі, дарагія суродзічы, запоўняцца арыентальныя гарэмы нашымі славянскімі нявінніцамі, ніхто — ні Бог, ні гісторыя не даруюць нам такі сорам!
Партыя кучаравых рыхтуе яшчэ іншае злачынства. Разглядаюцца праекты, каб усякай масці злачынцаў, зладзеяў і забойцаў у будзённыя дні частаваць напоем маркі “Швейк”, а ў дні святочныя, у дні душэўнага аднаўлення прымаць гэтых нягоднікаў імпартным віном! Як можна здагадацца, пачастунак прадбачваецца за кошт сумленнага падаткаплацельшчыка”.
— Так страляюць з правага фланга. А з левага таксама не маўчаць. Чытай во, чытай, — распасцёр Тадзік іншую незалежную газету.
“Партыя кучаравых у сваіх шматлікіх праграмных выступленнях абяцае занятак толькі і выключна працавітым. Тады пытаем вас, панове: а што з іншымі? Якая будучыня перад звычайнымі, добрасумленнымі жыхарамі нашага горада? Перасяліць лянівых у далёкія краіны? Кінуць іх у абдымкі бяды і голаду? А мо адразу тых гультаёў расстраляць?! Панове Біндзюк, Лапаеў, Какаліцкі ды іншыя грамадзяне — не ёсць нашым намерам палохаць вас! Калі, аднак, возьме ўладу Партыя кучаравых, пачынаючы з наступнага дня вы можаце шукаць сабе месца на гарадскіх могілках”.
Іншыя газеты пра нашу партыю не пісалі. Мо не ведалі пра яе існаванне, а можа, звычайна, не лічылі сябе незалежнымі?
Аднак і такая невялікая прапаганда зрабіла сваё. Людзі прыходзілі, неслі свае клопаты і радасці. Мы вельмі рады былі бачыць іх. І Алесь — таксама.
Летні час няспешна калыхаўся на захад. Збіраў з тратуараў яркія малюнкі і, як лішняе смецце, згортваў іх у паўзмрочныя падвалы горада.
Гэтаксама згортваюцца ў забыццё людзі, рэчы і здарэнні, калі нябачна канчаецца ахвяраваны ім добры час.
А мы — усё яшчэ заставаліся ў цэнтры здарэнняў. Нашы думкі давалі кшталт бесцялесным справам, а людзі адпраўляліся на жыццёвыя шляхі з нашым праклёнам або блаславеннем.
— Я не хачу ў гарэм, — жанчына родам з часоў ранняга Гамулкі прыпынілася побач і, пераступаючы з нагі на нагу, углядалася ў нас адцвіўшым блакітам надзеі і разгубленасці.
— Якое “не хачу”? Няма “не хачу”, ласкавая пані. Мы ўжо апланавалі вас аднаму шэйху. Абяцалі, падпісалі адпаведныя дакументы і не будзем рабіць з рота халяву.
Жанчына збялела. Яе ўпарадкаванае жыццё, яе справы, раскладзеныя па шуфлядах згодна з іерархіяй важнасці — усё раптам пераварочвалася дагары нагамі! Здавалася, хвіліна яшчэ і ўпадзе яна на калені, каб з гэтай, спакон вякоў знаёмай пазіцыі, бараніць сваю будучыню. Аднак не ўкленчыла. Адступіўшы крок назад, дзесьці з кутка, з летняга паўзмроку выцягнула на святло ці не апошні свой аргумент.
— А ў мяне ёсць яшчэ і муж. Во, глядзіце.
— Так, так. У яе ёсць яшчэ і я, — аргумент заявіў сваю прысутнасць.
Тадзік аналізаваў якраз свежападстаўлены куфаль.Яму здалося, што ўзровень беспрадуктыўнай пены значна перавышае ў ім нормы прыстойнасці і дылема “ўносіць рэкламацыю ці не ўносіць” поўнасцю займала ягоную ўвагу.
— А так, дарэчы, ведаеце вы, што такое — шэйх? Нафта. Пальмы. Пляж. Даляраў — бы вады ў Семяноўцы...
— Даляры... Даляры ж не ўсё. Ёсць яшчэ і сорам...
— І нязручнасць, — выцягнуты на святло муж трымаў фасон. Не адыходзілі, тапталіся ў месцы, стараючыся вычуць свой лёс з нашых непранікальных твараў.
— А як — багаты гэты шэйх? Багацейшы за Васю Шэшаля? — Усё ж такі нябачны, петрадалярамі прыхарошаны д’ябал засеяў у бабінай галаве маленькае зярнятка граху і, наступаючы на спіну, далікатна, але і рашуча папіхаў яе ў абдымкі пякельных віроў.
Читать дальше