Словам — хацелася ўдасканаліць і выратаваць свет.
Праўда, на добры пачатак маглі б кінуць залатоўку або і дзве гэтай утаптанай у тратуар, схудзелай румынцы. Маглі б дапамагчы пераправіцца на другі бок вуліцы пагорбленай бабульцы, калі яна стаіць і бяссільным зрокам углядаецца ў бясконцую чаргу машын. Маглі б, таксама, падняць з тратуара дзядзьку Антося, п’янага як шавецкі панядзелак, калі ляжыць там ніц, званітаваўшы пад сябе ўсё, што ў Алесевым бары найлепшае. Маглі б, прынамсі, выцягнуць яго з непрыстойнай мазі. Маглі б. Аднак усе тыя добрыя ўчынкі, па сутнасці, кароткачасовыя ды іх уплыў на вобраз свету не мае рэальнага значэння. Румынка, атрымаўшы дапамогу, заўтра з’явіцца з чародкай малалетніх дзетак; бабулькі будуць клыпаць з тратуара на тратуар, быццам бы тое клыпанне было апошняй мэтай іхняга жыцця. А Антось? А дзядзька Антось будзе ляжаць тут і заўтра, і паслязаўтра, а калі месца апарожніцца, значыць, сціплая дзяржаўная пенсія пацярпела паражэнне ў канфрантацыі з дашчэнту прыватным, узбуялым апетытам гэтага ж дзядзькі.
А нам хацелася перайначыць свет з далёкім разлікам.
— Адзінка свет не перайначыць, — Тадзік ікнуў у парожні куфаль.
— Адзінка — абсалютны нуль, — праўду, прыдбаную ў школьныя гады, падкінула Курапатка.
Гэтыя праўды, добра ўсім вядомыя, як і вядомы факт, што канчаткова яны абанкруціліся і выратаваць свет не ў сіле. Новы час патрабуе новыя ідэі, і я, паглыбіўшыся ў ёмістыя кішэні мазгавое матэрыі, стараўся тыя ж ідэі адшукаць, ахвяраваць іх свету і сябрам. Аднак новае нараджаецца памаленьку і не бязбольна.
Даводзілася клікаць на дапамогу Алесеву барменку — раз, другі і трэці — аж мазгі, сяк-так прылашчаныя і памякчэлыя, прамовілі чалавечым голасам:
— Трэба нам заснаваць партыю.
— Нам трэба незалежная партыя, — удакладніла думку Валя.
— Не правая і не левая, — рассудзіў Тадзік.
— Нам трэба партыя кучаравых, — сказаў я, паглядаючы на залатыя кудзеркі Алесевай памочніцы. — Хаця б вось такіх.
На ружовай сурвэце паспелі мы яшчэ напісаць кароткую аб’яўку: “Сёння пачала дзейнічаць Партыя кучаравых. Сядзіба — тут. Чакаем спонсараў, членаў і сімпатыкаў. Подпіс. Тэлефон”. Сурвэту павесілі ў добра відочным месцы і з за недахопу фінансавых сродкаў падаліся ў рээміграцыю. Сказаўшы больш зразумела — пайшлі дамоў.
З белай раніцы пазваніў тэлефон. У пошуках крыніцы нахабнага галасу мая рука, няўпэўненая і дрыготкая, скінула на падлогу будзільнік, акуляры, бутэльку з пад мінеральнай вады, напаткала эбанітавую трубку і, вяртаючыся навакольным шляхам, абмінаючы коўдру, падушку ды нагавіцы, якія невядома чаму апынуліся на маёй галаве, данесла гэтую ж трубку да вуха. Трубка азвалася голасам Майсеевай скрыпачкі.
— Алё? Гэта сядзіба Партыі кучаравых? Я — рэдактар незалежнай беластоцкай газеты. Скажыце, калі ласка, якія галоўныя тэзісы вашай партыі?
Якая сядзіба? Якая партыя? — падумалася мне ў першы момант. Баляваў чалавек усю ноч, а цяпер вось шукае больш п’янага за сябе!
— Вы будзеце дзяліць ці аб’ядноўваць грамадства? — трубка не адступала.
Быццам з за белага туману паплыла да маіх вачэй знаёмая ружовасць сурвэты. Разгортваючы густую імглу, з прорвы здэфармаванага часу выбраўся на свет і Тадзік і з абліччам чалавека, натхнёнага высакароднай ідэяй, яшчэ раз прыклеіў ружовую аб’яву на сцяне Алесевага бара.
— Алё! Ці вы мяне чуеце?
— Чую, чую...
— Значыць, як: ці дзеліце, ці аб’ядноўваеце?
— Спачатку будзем дзяліць, а потым — аб’ядноўваць.
— А які ваш погляд на беспрацоўе?
— Праца толькі працавітым, бабы — бабнікам, а віно — вінава-тым, — каб апярэдзіць наступныя пытанні, я выкінуў з сябе ўсё, што якраз паспела прыдумаць не зусім яшчэ спраўная галава.
— Вінаватым у чым? — не зразумела трубка.
— Напішыце, як вам падыходзіць, — сказаўшы гэта, я адкінуў трубку і зваліўся ў незакончаны сон.
Апоўдні хтосьці пастукаў у дзверы. Праўда, тады яшчэ я не ведаў — поўдзень гэта, раніца, а мо адвячорак? — і толькі разглядаючы канфігурацыю промняў на ваконным шкле, стараўся здагадацца: пакідае нас стары дзень ці сустракае новы?
Грукат у дзверы паўтарыўся. Хтосьці даваў знак, што жыве і чакае, значыць — трэба адракацца ад касмічна-метэаралагічнай шарады, падняцца ды глянуць — хто і навошта патрабуе маю асобу.
— У горадзе — вайна, — два звычайныя словы паспеў сказаць Тадзік і амаль нежывы зваліўся на падлогу.
Читать дальше