Быць — дзеяслоў дужа пераходны. Каб чыніць хоць-што, трэба сьпярша гэта быць. Праца, прафэсійная дзейнасьць — толькі шум пракручваньня колаў нябытнага, жыцьцё. Чын жа — калі ўначы недалёка ад рэек на скелзе, заваленым жарствай, чуваць гэты гук, відзён яго цень, і баліць зламаная ў падзеньні рука. Мастацкі чын вымагае працягласьці бытнага й угрунтаваньня ў ім.
2
Вось пакаленьне, багатадасьведчанае яшчэ не пражытым жыцьцём. Статак юных старцаў са слоганам: усё было. Як безумоўны рэфлекс, імгненная першая рэакцыя, адразу, у той жа момант, калі ў поле зроку трапляе хоць штосьці ўчыненае — загадзя палічанае цытатай зь непрачытанай кнігі. Вайна яшчэ не абвешчана, але ўжо падпісана капітуляцыя.
Бытнае было, мінула, і ёсьць адно ў мінулым часе. Бытнае ўжо былое, і гэтым нябытнае. Выкінутае на сьметнік, на які какетліва навесілі шыльду “музэй”, і гэтым яны зраўняныя. Ня замста, але выкід, адваротны праект бытнага ў мінуласьць, што паўтараецца безупынна, як толькі яно зноў зьяўляецца, бо ня можа не зьяўляцца.
Вярнуць краіну ў мінуласьць, значыць вярнуць яе ў бытнае, то бок націснуць понаж у кабіне самазвала й вытрасьці яе на звалку. Адраджэньне — тое самае што бамжаваньне. Вяртаньне бытнага азначае хаджэньне па сьметніку й проста цудоўнае знаходжаньне некранутай аўтэнтычнасьці нядаўна скарыстаных крывіцкіх прэзэрватываў, падрапаных гельскіх кампактаў, пажаваных ліцьвінамі гумак, каб спажыць іх яшчэ раз й натуральна, нанава выкінуць.
Мастацкі чын ужо ўтварае паражнечу, а не запаўняе яе, і патрабуе ўжо не пакутаў, а сьмерці. Закаханы павінен крочыць утропы каханьню й каханаму. Выпадаць з кузава самазвалу на дно, і праходзіць усё кола перапрацоўкі другаснай сыравіны, каб ізноў быць спажытым. І хай пэрліны гуляюць самі з сабой, Кнэхт ня можа не ўваскрэснуць, патануўшы ў мазутнай сажалцы.
Калі пост прыядаецца спажыўцом, можна яго пахаваць. Але кожныя ягоныя хаўтуры — толькі нараджэньне новай гандлёвай маркі старога добрага найнеабходнага тавару і падсілкоўваньне фальшывай размаітасьці рынку. Эстэтычны зрух немагчыма ўтылізаваць толькі таму, што ён проста не фіксуецца фотаэлемэнтамі плясмасавага сьвету.
Калі раней праект быў проста адкладаньнем бытнага на пасьля, то цяпер, калі пасьля засталося ззаду, праект — ужо адкіданьне бытнага ў цёмнае ўчора, і закіданьне ў сьветлае заўтра нябытнага. Апыненьне па-за праектам — ужо ня простая адмова ад выкананьня пяцігадовага пляну.
Экалягічная рыторыка пакліканая як легітымізацыя ўтылізацыі, як спроба машыны зрабіць вечнай хісткую раўнавагу новага парадку. Невідочныя зялёныя свастыкі на штандары эўрапейскай супольнасьці. На экскрэмэнтальнай багне будуецца глябальны пецербург. Падваліна гэтай хаты раней ці пазьней збуцьвее, і сыты залаты мільярд захлынецца ў сваіх спаражненьнях.
Зблытаныя, ужо неразрозныя й нікому не прыналежныя культурныя парадыгмы, новая бабілёнская вежа, што ўвесь час будуецца й разбураецца самымі будаўнікамі. Калі істота панкавай эстэтыкі ў выпадзеньні з праекту, дык мэтапанкавы стан эстэтычна значыць адданьне расьцятасьці надвое — адначасовае быцьцё падлай, выпадзенасьцю, сьмецьцем і зьдзіўленым позіркам Вія ў сьмелую новую рэчаіснасьць.
Чым горш, тым лепш. Калі ўсе жывыя істоты кладуцца спаць, ёгін сустракае зольле. Пара атрымаць дывідэнты з пэрманэнтнага покрышу ў гэтай мясцовасьці. Ды такое становішча трэба было б скласьці, калі б яно ня склалася само.
2000 г.
РЭЧЫ
У некаторых музэях няма вітрынаў, і дазваляецца дакранацца рукамі да экспанатаў. Цяжка ўстрымацца ад гэтай спакусы: чалавек адчувае сябе амаль несьмяротным (параўнальна з уласным жыцьцём — старэйшым на некалькі стагодзьдзяў ці тысячагодзьдзяў), калі трымае ў руках старажытную рэч. Са свайго боку, напэўна, і рэчы ня хочуць быць пахаванымі ў шкляных саркафагах. Дотык цёплай рукі ізноў вяртае іх у жыцьцё, як пацалунак прынца зь вядомай казкі — сьпячую прыгажуню. Каштоўнасьць рэчы вымяраецца тым часам, які спатрэбіўся чалавеку (альбо чалавецтву), каб яе атрымаць. Усялякая рэч — гэта загусьцелая да цьвёрдага стану гісторыя.
Інструмэнты нашых продкаў, якія мы бачым у этнаграфічных музэях, адпаліраваныя скурай чалавечых рук амаль па ўсёй паверхні гэтак жа гладка, як камяні, што тысячы гадоў лашчыла вада. У сучасных рэчах гаспадар пасьпявае адпаліраваць пальцамі хіба што некаторыя клявішы. Прыкладна тое самае адбываецца й са словамі. Калісьці ў мове не было ніводнага слова, якое не аблашчылі б сваімі рыфмамі паэты. Сёньня штогод канструююцца сотні нэалягізмаў — яны ўжо амаль ня маюць шанцаў трапіць у верш альбо прымаўку. Таму й паэзія, якая калісьці была амаль тоесная мове, цяпер выглядае нейкім архаічным спосабам мысьленьня й маўленьня.
Читать дальше