Птушку на просьбу Вітаўта так і пакінулі на паляне, а самі перабраліся на іншае месца. Караімы змаўчалі, але акурат з тых часоў колькі феніксаў прыручылі для дзяржаўных патрэбаў. Недалёка ад Вільні быў зладжаны адмысловы гадавальнік. Чарада феніксаў у небе над сталіцай Вялікага Княства адлюстравана на гравюры ва «Універсальнай хроніцы» Себастыяна Мюнстэра (Базэль,1545). У 1579 г., калі войскі Рэчы Паспалітай пад загадам Сцяпана Батуры вызвалялі ад маскоўскага непрыяцеля Полацак, «дождж і непагода ўвесь час дапамагалі асаджаным так, што просты жаўнер прыпісваў гэта якім-небудзь чарам…». Таму пастанавілі выкарыстаць феніксаў для разгону хмараў. «Кароль загадаў, каб баявыя птахі ляцелі да полацкіх сцен і не адляталі да тых часоў, пакуль апошняя хмурынка не растане ў нябёсах», – паведамляе каралёў сакратар Райнгольд Гайдэнштайн. [16] Гайдэнштайн Р. Над Полацкам ізноў дажджы: Фрагмэнты ўспамінаў. Рэгенсбург, 1946. С. 8.
У гаспадарыча Ўладзіслава Вазы быў свой персанальны фенікс (personal phaenix). Ён узяў яго з сабою ў 1610 г. на сакрэтную экскурсію да Масквы, калі сам у выніку геапалітычнага поспеху атачэння свайго бацькі быў пасаджаны на тамтэйшы вялікакняскі сталец. Пражыла птушка менш, чым Уладзіславу давялося ўладарыць Маскоўшчынай, бо баяры спаілі яе гарэлкай. «Слабовата есть королевская птица, коль нас перепити не в силах», – цынічна заяўляў адзін з вінаватых у тым злачынстве Фядотка Марозаў. [17] Сношения с Польшей. Цэнтральны дзяржаўны архіў старажытных актаў (Масква). Ф. 79-біс. Воп. 1. Спр. 86. Арк. 31.
Паказальна, што за часы ваеннага ліхалецця сярэдзіны XVII ст. феніксы, незадзейнічаныя ў дзяржаўнай службе, упорыста спрабавалі трымацца нейтралітэту. Здаралася так, што птушкі рабіліся ахвярамі ўсіх бакоў тагачаснага канфлікту. У жніўні 1654 г. пад Шкловам дзесяць маскавітаў пулялі ў фенікса з ручніцаў, прымаўляючы: «На кой ляд ты здеся кружишь? Коль не имаеш второй головы, то мы тебе сим часом первую твою открутим». [18]Троху раней, улетку 1649 г., нехта Рафал Крок загадаў служкам, каб злоўленаму ў сіло бацяну «сто пятдясят прутов прописали, поелику сей мужикам на украйну до Хмеля летати помогал». [19]Дзеля справядлівасці трэба адцеміць, што потым сам распараджальнік быў за сваё самаўпраўства пакараны высокім спагнаннем у «восемсот грошей пенезных» (амаль кілаграм срэбра), бо «фалчеваных светок для избиенья ботяна притягнул и злым обычаем безвинну птаху звиноватил а на здирство з наругой спустил». [20]Між тым самі «мужыкі», напрыклад, ліпеньскім дзяньком 1654 г. у Быхаўскім павеце, «яко мальцы сопливые у батяна из рагулек стрыляли». [21]
Нейкі Іёна Трывольскі з гэтай нагоды адзначаў: «Деялося тое не для злоиманья албо улегцыменья онай птицы, а так для утехи своволной. Бачно, же злыя часы для матки всих – Речы Посполитой нашой – настали, бо всяко в тым мальцовским обычаи а способе мыслиться и чыниться: мужыки не знають панов и кроля ягомости, а паны и кроль ягомость не знають мужиков. Мало хто стоить на клопоте а рупности для панства целаго. Вси прагнуть валки и загубленья ближняго свойго. Леч я, як той ботян, не хочю ани валченья, ани побиванья кого люб чого-колвек. Еднако ж не хочю я теж, як и птах той, жебы мене злым обычаем зачепляли». [22]
Пра цікавы момант дазнаемся з сатырычнага твору другой паловы XVII ст. «Казанье поляшуцке схызматычне». Ананімны аўтар, прамаўляючы ад імя праваслаўнага, верагодна, насамрэч не быў ані праваслаўным, ані каталіком, бо ў творы жорстка высмейваюцца абедзве канфесіі. Як што ў сатырычную аблямоўку патрапілі вылучна рэальныя падзеі і асобы, то нельга сумнявацца, што і згадка пра бацяна-фенікса не размінаецца з рэчаіснасцю: «Та ж вы нам мерзености робыты горазды. Тильки мы помыслылы, абыхом ку вере наськой истинной ботяна повернуты, яко обачылы в сьроде обитанья оных птыц вас – попов папэжских. И що ж тэпэр маемо? Горэ, бида, огорченье! Ибо крычаты сталы тыя птыцы святодавныя: «Аллах акбар!», од вас одступовавшы. Що вы там робылы?». [23] Казанье поляшуцке схызматычне. [Рукапіс Галоўнага архіву старажытных актаў (Варшава). Інв. № 5903-43.] С. 2.
З азначанага часу фіксуецца сугучча (для некаторых вушэй) клёкату феніксаў з пачаткам мусульманскіх модлаў. Зусім нядзіўна, што ў 1683 г., на аснове адмыслова заключанага «ряда» (адмысловай дамовы), колькі феніксаў разам з войскамі Рэчы Паспалітай на чале з Янам Сабескім адправіліся да аўстрыйскай Вены, якая цярпела ад асманскае пагрозы. Параза турэцкіх войскаў на чале з Кара Мустафой была прадвызначаная: налёт трох феніксаў, якія нікога не чапалі, а толькі на ўсю моц дралі горла, прывяла туркаў у святарнае трымценне, паніку, з якой і скарысталі нашы войскі. З кім каралеўскія ўлады заключылі «ряд», з рэшты дакумента зразумець цяжка. Але факт вымушанасці польскамоўнае вярхушкі Рэчы Паспалітае ствараць па-беларуску афіцыйны дакумент той парою, калі палітычныя эліты амаль цалкам з беларушчынай разбраталіся, вельмі важны. За феніксамі стаяла нейкая таямнічая палітычная (?) сіла. Што за яна? На жаль, у паперы, папсаванай мышамі і стрыжамі, дзірка між літарамі «к» ды «ы». [24] Акты Литовской метрики, собранные И. Я. Погранзоновичем. Варшава, 1887. Т. 2. Вып. 1. С. 431.
Купцы? Курвы? Крэвы? Пытанне застаецца адкрытым.
Читать дальше