Дзіўная прыгадка пра «іскру вачэй» троху раз’ясняецца іншай гістарычнай крыніцай. «Тайны летапісец вялікіх князёў літоўскіх», апавядаючы пра паход галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васількі Раманавічаў у 1253 г. на ятвягаў, удакладніў прычыны наяўнасці ў ваяроў спецыфічнага рыштунку: «Мняше на ятвингов рушити, имали надобу одевати хытрость резинову на себе, и кони такожде опрятнули. А то не ради похвалки якой, но здравия власного для, ыбо знавали уже в тых краех поражки, которы финисты своими бодцами рыхло чинили през силу их ентарну, она же в еллинах електрикой ся прозываеть». [9]Адсюль вынікае, што феніксы-бацяны мелі здольнасць выпраменьваць электрычныя разрады. Але як што згадкі пра гэтую свомасць нерэгулярныя, можна памеркаваць, што біць токам умелі толькі вельмі старыя птахі, якія ўсё жыццё назапашвалі прыродную электрычнасць. Кагадзе памянёныя «яйцы желязны», імаверна, патрабавалі электра-магнітнага імпульсу, каб з іх маглі вылупіцца птушаняты. Што праўда, феніксы былі бацькамі нядбалымі, бо многія яйкі так і прападалі. Недасведчанае паспольства, «ничтоже сумяшеся», уважала іх іншым разам за тэстыкулы старажытных волатаў. Рыжскія біскупы, аднак, нярэдка выпраўлялі ў заходнюю Беларусь адмысловыя гастранамічныя рэйды. Прыпамінак пра тое знаходзім у «Другой інфляндскай рыфмаванай хроніцы» Дытлеба фон Альпэнштока (XIII ст.):
Пойдзем па яйкі, што феніксы марна губляюць.
Пойдзем і возьмем! Мы – ваяры! Ваяры не купляюць!
Пойдзем пад Берасце, Пінск, Ваўкавыск не забудзьма!
Браць, забіраць, не пытаць – частавацца яечняю будзьма! [10] Scriptores Rerum Livonicarum. Riga—Leipzig, 1854. Band 1. Teil 2. S. 272. Вершаваны пераклад – наш.
Лішне казаць, што часцей бравым крыжацкім ваякам даводзілася, шылам патакі хапіўшы, вяртацца ў свае калоніі. «Лето 1290 з благославенства божъего немцам в каршель натолкали, дабы не покушалися гнезды ботяновы росскидать, ища потравы утробам своим ненасытным», – паведамляе прыпіска да «Наваградскага евангелля». [11]Тагачасныя кніжнікі цудоўна разумелі, што знікненне фенікса-бацяна можа спрычыніцца да крызісу экалагічнай сістэмы. У пасланнях Гедыміна ёсць добрае таму пацвярджэнне: «Жывёлу і птушку біем памяркоўна, каб і прырода да нас талеранцыю мела. Вот, скажам, бацян, або фенікс (batsian sive phaenix), птушка бязладная быццам, але мусім дбаць, каб жыла і яна, бо бязладдзе ейнае ёсць часткай суладдзя агульнага». [12]
Бязладнасць феніксаў прыгадваюць і іншыя дакументы. Вышэй паменаваны Рыгор Цамблак называў нашых бацяноў-феніксаў не інакш як «блазны летащи». [13]Што тут за прычына? У зборніку павучальных карацелек Івана Касабокага «Літуанскі дзесяцідзён» (канец XIV – пачатак XV ст.) занатавана гісторыя пра фенікса, які спыніў бой паміж літвінамі і крыжакамі: «В низине под горой да под дубом разложистым сойтися хотели наши литвины руськия з немчины рымськия в бою крывавом, в сечи бесщадной. Брали уже силы и отвагу ку початку сей марсовой деи. Але, оком мигнув, огледили фюнкиста-птицу в небеси, которая в полети оморочны крунгели вписовала и даже в древо тое вечистое ся стукнула звучне. По сем добре ся з дуба ляснула, на земли посела и якбы з подивленьем голову вбок свернула и смешно барзо «о-оу!» молвила. З того ооуканья воины обопольно животы со смеху надрывати стали, и смех трвал годину целую, по сей нихто уже не рачил брань усчинати, поехав восвояси улыбчиво». [14]
У т. зв. «Дзённіку караімаў» XV–XVI стст. (шматтамовыя рукапісныя мемуары вялікакняжацкіх целаахоўнікаў ды іх інструктараў) апісваецца сцэна з гаспадарскага палявання ў Белавежскай пушчы. Вялікі князь Вітаўт, упаляваўшы за дзень пяцёх зуброў, ладзіў на вялізнай лясной паляне імправізаваны банкет для ўсяе прысутнае браціі. У ёмістых чопах гатаваўся слаўны крупнік – гарачы хмельны напой на мёдзе і духмяных травах. Почат (то бок світа) усяляк пацяшаўся ў скоках і песнях. У гэты момант і прыляцеў бацян-фенікс. Дамо слова сведку: «Мы караимы спратов не поискивали, бо ж долг пред князьством великим литовским имали господаря славного от всякой холеры ослонити. То и обуступавали восемью Витовта, а еще пятех на плечи тых восьми постали. И было то, яко намет, мечами навонки ощепереный. Бухтян же не глянул ани до почату, ани до мяса жубрынаго, а як поземлился, ик крупнику пошибовал неуклюдне и, од смаги своей дикий, чан з гестым трункем до дна спорожнил, дуду у дудоря отнял, играти пробуючы, но од хмельной той утехи ся пал невомнози долу и тризнил през сон, песни вояцкие литовския ненадобне кривляючы». [15] Дневники караимов: [Рукапіс Публічнай бібліятэкі Буэнас-Айрэсу. Інв. № 1506–1410.] Сшытак 10. С. 140.
Читать дальше