— Божа ж мой, што ж гэта такое пішуць? Гэта каб такое пра Ігната... — спалохалася не на жарт Нюрка. — А хто ж, сынок, такую няпраўду напісаў?
— Тут мама неяк дзіўна напісана...
— Ну?
— Тут пісана так — «Наш».
— Вош гэта пузатая, а не нейкі наш. Яўна благі чалавек тое пісаў. Толькі б ведаць, хто напаскудзіў гэтак? — уголас прамовіла раззлаваная жанчына.
— Мама, а хто такія гэтыя А., М. і зноў А.? — пацікавіўся хлопчык. — Яны што, усе кепскія?
— Не, сынок, гэта добрыя людзі. А вось гэты «Наш» — нягоднік. Але гэта, сынок, дарослая справа. Давайце лепш вячэраць...
— Ура, картоплі ў мандзілях! З кісляком, мамка! — заскакалі на лаве пяцігадовая Волька і трохгадовы Ілля.
Жанчына прынесла ў місцы з істопкі пяць невялікіх кіслых агуркоў, перамяшала лыжкай у жбанку вяршкі з кіслым малаком і наліла кожнаму па няпоўнай конаўцы, каб хапіла ўсім патроху. Дзеці галоднымі вачыма пазіралі на яго, але не дакрануліся, бо ведалі: пачынаць есці трэба, калі мама скажа. Яна дастала з печы бульбу, перад Андрэйкам паклала чатыры, а перад меншанькімі па тры. І цяпер дазволіла есці.
— Толькі, дзеткі, не спяшайцеся...
Нюрка шчасліва назірала, як дзеці смакавалі бульбу, запіваючы кісляком, і думала, што бульбы хопіць да новага ўраджаю, а вось круп і мукі не засталося. Успомніла пра сход, які быў надоечы. Адамчык сказаў прама: «Цяжка ўсім, асабліва сем’ям, у якіх дзеці. Але арцель ім дапаможа. Не ўсім адразу, а паціху, пры патрэбе: прыходзьце, пішыце заяву, праўленне па кожнай сям’і будзе прымаць асобнае рашэнне. Не крыўдуйце, калі канторскія прыйдуць у хату, каб пераканацца, што ўсё закончылася. На складах ёсць трохі і жыта, трохі грэчкі, і пшаніца ды бульба ў буртах яшчэ нечапаная. Выжывем...»
«Во гэта чалавек, — думала Нюрка. — Не тое што нябожчык Гаўрыльчык, былы старшыня арцелі ніколі не дапапамог, толькі адна гаворка была ў яго: а скуль я табе вазьму? Усе ж недаядаюць! Не бачыш, колькі галодных з Украіны прыходзіць? Цяжкі час...»
І зноў успомніла пра заметку ў газеце, пашкадавала Верку: «Цяжка ёй, гаруе маладзіца, а цяпер і за Ігната хвалявацца трэба? Каб з ім чаго кепскага не зрабілі. А Верцы ж зараз спакой трэба, дзіця пад сэрцам носіць!»
Накарміўшы дзяцей, Нюра адправіла іх спаць. Сама ж чакала Міколу, які сёння чамусьці вельмі доўга парадкаваўся на канюшні. З усмешкай і радасцю падумала: хто б сказаў, што з такога п’янтоса будзе такі добры чалавек і бацька? Клопату ў мужа, ведала, нямала, асабліва вясной, і яна шкадавала яго.
8
У прасторнай канюшні, якую пабудавалі пазамінулай восенню, па рашэнні праўлення аратыя і возчыкі пакідалі нанач калёсы і вупраж, плугі і бароны. За ўсю гэтую маёмасць адказвалі двое: сам Мікола Аўдзейчык і яго нядаўні памочнік Андрон Супчык.
Мікола з дзяцінства вадзіўся з Андронам, раслі яны побач, двор у двор, суседзі, і гадаваліся як браты-пагодкі. Толькі адно, за што не ўзлюбілі іх вяскоўцы — рана распазналі атрутны смак самагонкі. П’яныя дурнелі, да кожнага, каго выпадкова сустракалі на вуліцы, прыдзіраліся. А калі хто скажа слова супраць, таго бязбожна збівалі.
Хлопцаў яднала і тое, што яны рана засталіся адны ў сваіх хатах. Ці не ў адзін год некалькі зім таму згасла ад незразумелай хваробы Міколава маці. Ён рос бязбацькавічам, як кажуць, без роду і племені. Казалі людзі: нагуляла Хрысцінка хлопчыка. Сын яе ні ў чым не папракаў, і з маткай быў добры. Дужа перажываў, калі яна хварэла, плакаў на яе пахаванні.
Андрона, наадварот, гадаваў састарэлы бацька, маці хлопца памерла зусім маладой. Некалі па суседстве старэйшы Супчык сватаўся да Хрысцінкі, але яна яго не прыняла. Праз год пасля таго, як памерла суседка, ён восенню накіраваўся ў лес. Захацелася старому позніх грыбкоў — зялёнак і плюсаў тады было процьма. Пайшоў ды так і не вярнуўся дадому. Жывым мужчыну больш ніхто не бачыў. Старога франтавіка, які ваяваў яшчэ, казалі, у імперыялістычную і які вярнуўся з яе цяжка паранены ў галаву, шукалі ўсе, хто мог. Знайшлі праз тыдзень. Ніцма на затравелым полі ляжаў ён недалёка ад былога хутара Расевічаў, а побач стаяла поўная скрыня зеленавата-шэрых грыбоў... Нябожчыка пахавалі. А яго сын Андрон на пахаванні так перабраў, што ледзьве не пайшоў услед за бацькам. Адхаялі неяк. Клопат пра яго цяпер узяла на сябе Нюрка. Людзі не толькі не разумелі, чаму сіраціна пайшла замуж за такога п’янтоса Міколу Аўдзейчыка, дык яшчэ дапамагае Андрону. Праўда, праз нейкі час дзівіліся гэтаму шлюбу: жанчына свайго чалавека хутка прыбрала да рук, і той неспадзявана для ўсіх зусім кінуў піць. Ды неяк і сябра свайго прыструніў.
Читать дальше