3
— Колькі разоў я цябе прасіў, Танюсік, — з дакорам пазіраў Аркадзь Бабаеўскі на Зарэмбу, — не заходзіць сюды ва ўрочныя гадзіны.
Ён ускочыў з крэсла, жвава затэпаў да дзвярэй і замкнуў іх.
Таццяна, пусціўшы міма вушэй яго заўвагу, пакіравала да халадзільніка, што стаяў у далёкім куце прасторнага кабінета. Як у сябе дома, яна адчыніла яго і ўсчала шнарыць унутры. Неўзабаве вывудзіла пачак ананасавага соку, наліла ў фужэр і развалілася ў крэсле, пацягваючы жаўтлявы напітак.
— У-у-ф, нешта я сёння ператамілася, — штучна млявым голасам сказала актрыса і, раптам нешта ўспомніўшы, дадала куды жывей: — Што гэта Пугач такі пабіты выходзіў?
Бабаеўскі сярдзіта махнуў рукой і апусціўся ў сваё рабочае крэсла.
— А тое, што гэты жываглот у магілу мяне загоніць сваімі выбрыкамі. — Ён узяў самапіску і пачаў нервова перабіраць яе ў пальцах. — Вось ужо дзе — малая куча ды смярдзюча! Мёртвага дапячэ…
— Ты проста да яго нераўнадушны.
— Ды, па мне б, хоць ён пад зямлю праваліся! — фыркнуў Аркадзь Рыгоравіч. — Не ўмееш іграць, дык хоць не замінай іншым. Якога нячысціка ён толькі што падносам круціў, як жанглёр, калі ў сцэнарыі чорным па белым напісана: падай гаспадарам віно, пакланіся ды адыдзіся пачціва?!
— Не ведаю… — прыжмурылася Зарэмба. — Мне дык гэты яго жэст спадабаўся. — Ёй чамусьці хацелася зараз заесці Бабаеўскага, а Пугач быў яго любімым мазалём.
— Ага! — ускінуўся рэжысёр. — А то я бачыў, як ты на яго скасавурылася! Замест таго каб глядзець на суразмоўцу, што, дарэчы, — ён зрабіў націск на апошнім слове, — табе па ролі належыць.
— Дык я што, па-твойму, дрэнна іграла?! — падробна абурылася Зарэмба; а насамрэч ёй было напляваць і на гэтую рэпетыцыю і на меркаванне рэжысёра, настолькі ўпэўнена яна тут пачувалася.
— Я ж не гавару, што ўвогуле дрэнна іграла. Але ў гэтым элеменце схібіла. І вінаваты ў тым твой любімы Пугач!
— Чаму мой любімы? — крыва ўсміхнулася Таццяна.
— А таму, што зачаста ты яго, як пагляджу, бароніш, — прабурчаў Аркадзь Рыгоравіч.
— Я не бараню, а проста бачу, што ты цкуеш таленавітага чалавека, гноіш яго на ўсялякіх дзярмовых ролях… — Таццяна паставіла пустую шклянку на тумбачку, устала з крэсла і зноў падышла да халадзільніка.
— У гэтага таленавітага, як ты кажаш, чалавека было дастаткова магчымасцяў сябе праявіць. Хіба не даваў я яму роляў?! Дык ён мне спектакль праваліў. Сволач! — гаркнуў рэжысёр і ў запале змахнуў са стала нейкую паперыну.
Але тут жа перапужаўся магчымага прыліву крыві ў галаву і, адкінуўшыся на спінку прывольнага крэсла, замоўк і пачаў лічыць пульс на шыйнай артэрыі.
А Зарэмба тым часам шнарыла па халадзільніку.
— Слухай, Рыгорыч, — звярнулася яна да рэжысёра, — я тут учора паўшакаладкі пакінула. Не бачыў?
Бабаеўскі дэманстратыўна маўчаў, падлічваючы сардэчныя такты.
— Я ў цябе пытаюся, — патрабавальна павярнулася да яго Таня, дзівосна прыгожая ва ўбранні сярэднявечнай пані.
— А халера яе ведае. Я не еў, — адмахнуўся ад яе Бабаеўскі.
Ён быў дужа ўстрывожаны тым, што пры замеры пульсу адзначыў не толькі пачашчэнне, але і перабоі ва ўдарах сэрца. Гэта тахікардыя, прадвесце інфаркту. А тут Зарэмба са сваім паганым шакаладам…
Танька падышла да яго рабочага стала і бесцырымонна пачала рыцца ў службовых паперах і папках.
— Што ты тут забыла? — агарошана паглядзеў на яе Аркадзь Рыгоравіч. — Ды не камячы ты дакументы!
— Не, ну дакладна ж памятаю, што палову шакаладзіны я не даела. — Таццяна не звяртала ўвагі на яго абурэнні.
Раптам яна нагнулася і высунула ніжнюю шуфляду рэжысёравага стала. Бабаеўскі абамлеў, бо ў верхнюю ён толькі што паклаў лекі, пра існаванне якіх ведаць яго палюбоўніцы было зусім неабавязкова. У Аркадзя Рыгоравіча заняло мову, і ён здранцвела ўтаропіўся на Таццяну, што па-свойску корпалася ў гэтай аб’ёмістай скрыні. Добра што ён замкнуў верхнюю шуфляду! Але тут жа варухнулася ў галаве трывожнае: ці замкнуў, ці дакладна ў верхнюю шуфляду паклаў ён тыя ганебныя таблеткі? І адчуў дырэктар найвядомейшага тэатра сталіцы, як па яго спіне прабег халадок…
А тым часам Зарэмба, не здаволіўшыся павярхоўнымі пошукамі, стала вымаць з шуфляды папкі з дакументамі ды вывальваць іх на стальніцу, каб лацвей было шукаць сваю шакаладзіну.
— Э, ды ты што, Танюсік! — усклікнуў Рыгоравіч, хапаючы яе за рукі. — Ды тут жа міністравы ўказы ляжаць! Калі што згубіцца… — Ён збянтэжана пазіраў на стройны стан Таццяны, што нахілілася і арудавала ў напаўпустой шуфлядзе.
Читать дальше