— Хутка ўсе паедзем у Маскву. Запрашаюць на працу. Спачатку адзін падамся, а як дадуць асобную кватэру, прымчуся па вас. Так што рыхтуйцеся.
— І што гэта за кантора такая, каб адразу і працу, і кватэру? Ты, відно, зяцёк, жартуеш, на ноч гледзячы.
Люся таксама пакуль што не верыла, што казаў муж. Аднак калі ён удакладніў, што гэтая кантора — выдавецтва «Советский писатель», яны абедзве ажно за галовы схапіліся.
Цешча не магла стрымаць сваіх эмоцый.
— Во пазайздросцяць у вёсцы, калі дазнаюцца. Гэта ж не жартачкі, — яна ўвіхалася з ядой, каб дагадзіць зяцю.
— А як ты думаеш, якую кватэру нам могуць даць? — гэта ўжо Люся прыкідвала, як яны ўчатырох размесцяцца ў новых сценах.
— Пэўна ж, не пакой і не аднапакаёўку. На чатырох ужо мае быць як мінімум двухпакаёвая.
— Божа, няўжо гэта будзе? У мяне сэрца выскоквае ад радасці.
Паеўшы, Вадзім прапанаваў, нягледзячы на позні час, прагуляцца. Угаворваць жонку не трэба было. Яна хуценька апранулася як мага цяплей (ноччу абяцалі замаразкі), адпаведным чынам абулася, і абое выйшлі ў двор, пад зоркавае неба. Адразу за парогам Люся прытулілася да мужа, пацалавала ў вусны.
— Ты паглядзі, паглядзі, — яна паказала на знічку, якая, зрабіўшы ў небе вогненны след, знікла за гарызонтам.
— Няўжо і мы такія знічкі? — пыталася на вуліцы, не зводзячы вачэй з неба, усеянага мірыядамі большых і меншых зорак. — Гэта ж ходзіш па зямлі, хвалюешся, гадуеш дзетак, а прыйдзе час — і ў адзін міг ты, як тая зорачка, мільганеш апошні раз і недзе згарыш. Крыўдна. А ведаеш, сэрца мне падказвала, што ты прыедзеш сёння. Вось жа ёсць нейкая інтуіцыя. Хто б разгадаў гэту таямніцу.
— Я думаў пра цябе і вельмі расхваляваўся, дазнаўшыся пра такую навіну. Вось ты кажаш — інтуіцыя. Яна мяне сёння і давяла да Рыгора. Аказваецца, ён шукаў нас, а мы сядзелі на хутары і ў вус не дзьмулі.
Выйшлі на сценку, як удзень асветленую поўняй. Вёска спала, толькі бліжэй да рову перабрэхваліся сабакі.
— Трэба ўжо бульбу капаць, — сказала яна. — Мама начамі не спіць, усё думае, як быць з канём, хто разгоніць.
— Я заўтра да Колі схаджу, мо ён што прыдумае. Сабе ж таксама будзе разганяць. То ўжо заадно, — супакоіў жонку Вадзім. — А ўбіраць і насіць у склеп буду таксама. Некалькі дзён пабуду з вамі.
— Добра было б, — Люся мацней прыціснулася да яго.
Далей рову не пайшлі, вярнуліся ў хату. Цешча яшчэ і не думала класціся.
— Вы што, мама, — занепакоілася дачка. — Мы адно, а вам спаць даўно пара. Усё ж добра.
— Не магу ўявіць, як буду жыць без вас, дзеткі, без унукаў сваіх. Яно і радасна за вас, але ж у мяне ўсярэдзіне як абарвалася што. Месца сабе не знаходжу.
— Мы вас, мама, возьмем да сябе. Хай толькі кватэру дадуць.
— Ой, дзеткі, што я буду рабіць у тых чатырох сценах? Гэта ж хутка вынесуць мяне ўперад нагамі. Не, лепш ужо тут застануся. Маё месца — у вёсцы.
Раніцай Вадзім пайшоў да брата. Трэба было расказаць пра свой хуткі ад’езд, а заадно папрасіць і каня. Яму пашанцавала — Коля якраз уводзіў у двор буланага, а Лілька ля склепа вытрасала мяшкі.
— Во, паспеў ухапіць. Добра, што рана пайшоў. З зубамі давялося вырываць.
Брат схадзіў у сенцы, прынёс у вядры абіркі ад бульбы, даў каню.
— Даўно цябе не бачыў, — сказаў Вадзіму. — Відаць, усё па камандзіроўках ездзіш?
Яны прыселі на ганак.
— Больш не паеду, — сказаў Вадзім. — Хутка ў Маскву падамся. Бяруць туды на працу. Так што прыйшоў і развітацца, і папрасіць, каб заадно разагнаў
і цешчы.
Навіна Колю таксама ўразіла. А калі Вадзім расказаў, што дадуць і кватэру, і дзе будзе працаваць, той ажно языком зацмокаў:
— Хто б мог падумаць, што сама сталіца запросіць?
Гаварыць доўга не выпадала. Адразу ж пасля сябе Коля абяцаў пад’ехаць да Вольгі Іванаўны, разагнаць праз градку ўвесь участак.
— Толькі каб картапляніку не было, — ён падаўся да каня.
У прызначаны дзень ад’езду ў Маскву яго праводзілі Люся і Рыгор з Палінай. Рыгор прыйшоў з бутэлькай шампанскага, са сваімі шклянкамі. Пеністы напой разлілі ў посуд проста на пероне. Чокнуўшыся з усімі і абдымаючы жонку, Вадзім сказаў:
— Дарагія мае! Вы не ўяўляеце, як мне цяжка пакідаць вас. Што чакае наперадзе, не ведаю. Але добра ведаю тое, што буду сумаваць па родных, блізкіх, па мясцінах, дзе хадзілі мае ногі і якія будуць сніцца па начах. Бацькаўшчына заўсёды была ў мяне асновай усяго, і я як мог дбаў пра яе. Думаю, што і там, у другой сталіцы, я чым магу паслужу ёй. Беларус заўсёды застанецца беларусам, і родную мову з мяне ніхто і ні чым не вытравіць. Ведаю, што гавару пафасна, але ж зразумейце стан маёй душы. Я доўгія гады біўся як рыба аб лёд, пераходзіў хісткія кладкі і ўсё ж, думаю, выкараскаўся на сухі бераг. Раздарожжа, на якім я стаяў і не ведаў, у які бок пайсці, думаю, засталося ззаду.
Читать дальше