К абеду былі ўжо на месцы. Цешча хадзіла па нагрэтай ад сонца хаце і не магла нарадавацца. Нават не звяртала ўвагі на пыл, якога за паўзімы і вясну сабралася нямала. Вадзім схадзіў да студні, выцягнуў драўляную ражку чысцюткай, бы сляза, і халоднай вады, пераліў у свае два вядры. Не змог стрымацца, каб там жа, ля студні, не напіцца. Адчуў, як гаючая вадкасць прыемна студзіць разгарачанае цела. Дома, пакарміўшы і паклаўшы Сяргейку спаць, жанчыны пачалі выціраць пыл, драіць падлогу, выграбаць попел з печы і прыпечка. Пра абед і забыліся. Ірынка, якую былі адправілі на вуліцу, першая прыбегла і нагадала:
— Есці хачу, бабуля.
— Во, на свежым паветры і апетыт нагуляла, — парадавалася маці. — А так гэтага не буду, таго не хачу.
— Зараз, унучачка, зараз я што-небудзь згатую. Вось толькі кончым прыбірацца.
Вадзім думаў, як быць яму. Зараз, калі сям’я ў парадку, самы раз з’ездзіць некалькі разоў запар у камандзіроўку. Грошай заставалася мала, а трэба ж яшчэ пакінуць жонцы з дзецьмі, цешчы, бо сваіх запасаў, апроч бульбы ў склепе, буракоў ды салёных агуркоў, ніякіх няма. А трэба ж хлеб, алей, цукар, тлушчы якія, чаго без грошай нідзе не возьмеш. А дзецям яшчэ і малако вельмі патрэбна. Карацей, круціся, браце як уюн на патэльні, але раздабудзь самае патрэбнае для сям’і. Ён вырашыў, паабедаўшы, ехаць у Мінск, вечарам пасядзець над аповесцю, а ранкам, як толькі адкрыецца таварыства, папрасіць камандзіроўку. Гэты раз у раён з багатай прамысловасцю, дзе ахвотней прымаюць лектараў і ніколі не затрымліваюцца з пералічэннем грошай.
Пакарміўшы Ірынку, бо тая таксама захацела спаць, пачалі на керагазе варыць бульбу. Бульба за зіму захавалася нядрэнна, была сопкая і буйная, і цешча планавала частку ад той, якую трэба пасадзіць і пакінуць да новай, прадаць, каб мець у запасе лішні рубель. Паелі з агурком і салёнай кількай, якую ў слоіку прывезлі з Мінска. Вадзім падняўся з-за стала, падзякаваў і выняў з кішэні грошы, пакінуўшы сабе толькі на праезд.
— А за якія шышы ты паедзеш? — папытала Люся. — Табе ж і харчавацца трэба.
— Я заўтра камандзіровачныя атрымаю, вазьму аванс паболей, каб, вярнуўшыся, нешта яшчэ вам падкінуць.
— Хіба што так. Вой, як добра разам. Так бы хацела, каб ты нікуды не адлучаўся.
Люся выклікалася, пакуль дзеці спалі, трохі яго правесці. У бакоўцы Вадзім, зайшоўшы туды на дыбачках, яшчэ раз паглядзеў на сонных дзяцей, пацалаваў жонку, і яны разам выйшлі на вуліцу. Сонца па-ранейшаму пякло неміласэрна, што для гэтага месяца было нейкай анамаліяй. Пінжак ёй не стаў апранаць, надумаў несці ў руках. Вольга Іванаўна, усё ніяк не нарадаваўшыся, што вярнулася дадому, сядзела на лаўцы пры плоце, лушчыла гарбузовыя семачкі. Вадзім, падышоўшы, пацалаваў ёй руку, падзякаваў за ўсё, і яны з Люсяй падаліся ў завулак, які выводзіў на загуменне. Далёка ісці ён не дазволіў. Аглянуўшыся, ці няма каго паблізу, прыгарнуў яе да сябе, моцна пацалаваў. Люся нават гэты раз пусціла слязу.
— Не плач, мая харошая. Месяцы праз два-тры будзем доўга разам. Мне таксама без вас будзе вельмі маркотна. Ну, а табе яшчэ і цяжка. А бульбу калі саджаць, то як-небудзь накажыце. Рыгору скажы, у яго ж і дома ёсць тэлефон, а той з-пад зямлі мяне выкалупае. Трэба ж будзе і каня прыстарацца. А пасадзіць нам Коля паможа. Так што і маме скажы, каб не перажывала.
— Я за цябе перажываю, — Люся ўсё тулілася да яго, ніяк не адпускала ісці.
— Дурненькая, чаго? Ведаеш радкі ў Сіманава? «Жди меня, и я вернусь, только очень жди».
— Буду, буду чакаць, — жонка ціхенька падпіхнула яго ўперад і, не аглядваючыся, пабегла ў завулак.
Дома ў паштовай скрынцы яго чакаў прыемны сюрпрыз — ганарар на прыстойную суму з сатырычнага часопіса. «Вось бы гэтыя грошы зараз жонцы. Хоць ты заўтра не едзь нікуды, а купляй прадукты і вязі сям’і». Але, разважыўшы, вырашыў, што на тыдзень яды ім хопіць. Іды Адольфаўны паранейшаму не было дома, бо з яе пакойчыка не было чутно ні гуку.
— Іда Адольфаўна! — на ўсякі выпадак гукнуў Вадзім, але адказу не пачуў.
Вадзім вырашыў з гэтага ганарару купіць ёй які падарунак, бо дасюль ніяк
не выпадала належным чынам аддзячыць гэтай цудоўнай жанчыне. Вырашыў, што купіць ёй найноўшы прыёмнік, таму што радыё іхняе то працуе, то маўчыць. А па прыёмніку можна знайсці любую музыку, паслухаць радыёпастаноўку, усялякія навіны. Пісаліся апошнія старонкі аповесці з цяжкасцю. Да дзвюх ночы сядзеў на кухні не разгінаючыся, хіба што папіць гарбаты, і, адчуўшы, што і гэты раз не скончыць, згарнуў паперы і пайшоў спаць. Без жонкі і дзяцей было вольна, але тужліва.
Читать дальше