— Дзякаваць богу, кароўка наша ўдала ацялілася. Хутка і свінні парасіцца. Вось я і замаўляю ды вузлы завязваю, каб столькі парасят было, колькі вузлоў на вяровачцы.
Нявестка толькі плячыма паціснула і адказала:
— Каб гэта толькі ад вузлоў залежала.
— Трэба верыць, верыць Богу і сабе, — нездаволена прабурчала Малаша. — Мусіць, цялятка нанач варта ў хату забраць, каб не замерзла тут.
Нявестка згодна кіўнула галавою. Адказала, што занясе малако, працэдзіць і прыйдзе па цялушачку.
Ах, і шчаслівы дзень выдаўся ў Лізы! Увечары ёй зноў далі напіцца малака, а потым прынеслі цялятка. Яны з бабаю Малашаю доўга не маглі нацешыцца маленькаю кудлатаю рыжаю істотаю, гладзілі яе — радаваліся. Далоні іхнія і вочы вылучалі пяшчоту і былі яны ў гэтай радасці вельмі падобныя адна да адной, як сапраўдныя бабуля і ўнучка.
Жыццё ў Лядах здавалася Лізе вельмі цікавым. Раней яна найчасцей жыла ў дзеда і цёці Полі, а мама працавала ў горадзе і прыязджала наведаць яе толькі па нядзелях. Сваю бабулю Ліза не помніла, была яшчэ вельмі малая, калі яна памерла. Іншы раз дзяўчынцы ўдавалася ўпрасіць маму ўзяць яе з сабою ў горад, але тады яна вымушана была цэлы дзень сядзець адна дома, перабіраць рэчы ў чамадане, гуляць з лялькаю, есці кукурузныя шматкі і ласавацца цукрам, які вісеў у палатнянай торбачцы на цвіку каля дзвярэй. Можна было падысці і пасмактаць ражок торбачкі — у роце рабілася соладка.
Калі мама прыходзіла з працы, толькі тады выпускала Лізу на вуліцу, але казала, каб дзяўчынка з двара нікуды не хадзіла, бо старцы забяруць яе ў мяшок і панясуць. Чым было заняцца ў двары? Хіба грэбціся ў пяску, пячы піражкі, але гаспадар хаты, у якой мама здымала пакойчык, вельмі злаваў, калі заўважаў, што малая псуе ягоны двор. Таму калі-нікалі Ліза ўсё ж адважвалася выйсці за вароты, а там проста праз дарогу быў вялікі парк, пасярод якога стаяла чырвоная трыбуна. Можна было ўскараскацца па прыступках на вялікую пляцоўку, або праз шчыліну залезці пад гэтае збудаванне, збітае з драўляных дошак, і схавацца ад усіх. А найбольш Лізе падабалася назіраць за дзецьмі з дзіцячага садка, якія гулялі за агароджай пад наглядам выхавацелькі. Дзяўчынка вельмі ім зайздросціла. Яны сябруюць, гамоняць, бавяцца рознымі цацкамі, а Ліза заўсёды адна. Помніла, што некалі даўно-даўно яна таксама гэтак жа гуляла з дзецьмі ў нейкім іншым горадзе, дзе жыла з мамаю. У дзедавай вёсцы равесніц Ліза не мела. Хаты там стаялі далёка адна ад адной. Вёска згарэла ў вайну, людзі загінулі цэлымі сем’ямі. Ацалелыя ці адбудаваныя двары хаваліся ад чужых вачэй за высокімі варотамі ды весніцамі. Гаспадары трымалі сабак. У двары Лізінага дзеда жыла злосная сучка Пальма, якая з дзікім брэхам рвалася з ланцуга да ўсялякага чужога чалавека.
У Лядах было ўсё адкрыта, ніякіх варот і весніц. Нават хаты не замыкаліся, затыкала гаспадыня калочкам прабой, калі куды адлучалася, каб бачылі суседзі, што няма нікога дома. Вокны фіранкамі не завешваліся, людзі жылі навідавоку адзін у аднаго. У кожнай хаце гэтаю лютаўскаю зімою кіпела праца. Дзяўчаты і жанчыны пралі, ткалі, вышывалі, вязалі, шылі. Хто сабе пасаг рыхтаваў, хто імкнуўся сям’ю апрануць, ды запасціся палатном на ўсялякія гаспадарчыя патрэбы, бо на крамнае адзенне дзе ўзяць селяніну грошай гэтаю пасляваеннаю парою, калі зарабіць у калгасе немагчыма? Ліза хутка спасцігла вясковы лад жыцця і ўжо не чакала, калі баба Малаша пакліча яе на вячоркі, а ўдзень сама выпраўлялася хадзіць па хатах. Спярша ішла да бабы Дамінкі. Там пасярод хаты стаялі вялізныя кросны, гаспадыня ткала, а яе дачка-падлетак Алеся навівала цэўкі, Ліза дапамагала ёй і хутка сама навучылася рабіць гэтую няхітрую справу. Потым, калі праца надакучвала, а цэвак было навіта ў запас на цэлы дзень, дзяўчынкі ішлі гуляць на вуліцу. Алеся вазіла Лізу на санках. Вёска стаяла на ўзгорку, які называўся Малашынаю гарою. Тут была найвышэйшая кропка, а дарога зімой ператваралася ў добрую коўзанку для дзяцей. Снег паскрыпваў пад палазамі. Абедзвюм дзяўчынкам было весела і цікава.
Алеся мела двух старэйшых братоў: падслепаватага дзецюка Якіма і шаснаццацігадовага даволі прыгожага Алёшу. Гэтых сваякоў Ліза таксама ўжо добра ведала ў твар, бо яны штодня наведваліся да бабы Малашы. Варта было зайсці ў хату Якіму, як тут жа прыбягала суседская дзяўчына Марыля папрасіць солі ці запалак. Хлопец абшчаперваў дзяўчыну, кідаў на запечак і навальваўся на яе ўсім целам. Палонніца верашчала, астатнія сямейнікі рагаталі, а баба Малаша на правах старэйшай загадвала:
Читать дальше