— А чаго яны біліся?
— Не ведаю. Людзі могуць знайсці сто прычын для сваркі і бойкі. Хадзі хутчэй, — адказала старая, якая выправілася на вячоркі басанож, нецярпліва пераступала з нагі на нагу, каб не застудзіцца.
Сёння жанкі збіраліся ў Галены Бузюміхі, якая мела хоць і невялікую, але даволі чыстую хатку, з вышараванаю падлогаю. Мянушку сваю яна атрымала ад бацькі, які меў прозвішча Бузюма. Чалавек гэты рана памёр. Спачатку Бузюміхаю называлі ягоную жонку, прыгожую ды ладную Наталю. А пасля таго, як яе расстралялі немцы ў сорак першым годзе разам з іншымі вясковымі актывістамі, мянушка перайшла да старэйшай дачкі. Галенін муж Анісім быў чалавек гаспадарлівы, трохі маладзейшы за жонку, з вайны вярнуўся паранены ў шыю, мусіць, пашкодзіў жылы, дык галаву трымаў, схіленую набок, і ад таго здавалася, што кожнага суразмоўцу ён занадта ўважліва слухае, разумее і спачувае. Пабраўся ён з Бузюміхаю пасля вяртання з фронту, за час сумеснага жыцця паспелі нажыць чатырох дачок. Акрамя таго ў гаспадыні быў свой сын, якога нарадзіла ад чырвонаармейца Волаха, які перад вайною ўсю зіму бегаў да яе на лыжах з суседніх Вайцехаў, дзе ў былым палацы пана Буслоўскага размясціліся чырвонаармейцы. Што і казаць, надта прыгожы быў Волах! Невядома, ці знайшлася б якая дзяўчына ў вёсцы, якая б адмовілася прыручыць такога магутнага ды прыгожага волата. Бузюмішын сын — выліты Волах: стройны, сінявокі, з хвалістымі залацістымі валасамі! Проста паніч, а не сялянскае дзіця. Падлетак — ужо добры памочнік у сям’і. Пашанцавала Бузюмісе замуж выйсці, дзяцей нарадзіць! Паўвёскі ўдоў тут пасля вайны засталося, мала хто з мужчын вярнуўся з фронту. Так думала Малаша, адчыняючы дзверы суседчынай хаты. А там ужо было даволі тлумна. Жанчыны сядзелі на лавах з потасямі, пралі. Дзве старэйшыя Бузюмішыны дачкі за сталом выконвалі хатнія заданні.
— Заходзь, заходзь, цётка, — запрасіў Малашу Анісім, які сядзеў каля прыпечка і плёў лапаць.
Усе лавы былі занятыя. Новыя папрадухі прымасціліся на ўслоне, паставілі потасі, сталі прасці. Ліза мусоліла тоўстую нітку, няўмела накручваючы яе на верацяно, ды ўсё паглядвала на рамку, якая вісела на сцяне, дзе на чорным полі красаваўся букет кветак з белай фольгі. Прыгожая гэта была выява, на яе хацелася глядзець. А яшчэ на запечку ляжалі высокія падушкі з вышытымі яркімі кветкамі. Лізе вельмі хацелася таксама навучыцца вышываць, але яна не ведала, дзе ўзяць каляровых нітак, гораню, як называлі іх у вёсцы.
— Старанная ды працавітая ўнучка ў цябе расце, — сказала Бузюміха Малашы.
— Пахвалім цялятка, як цяліца вырасце, — адказала старая.
— Тваю Паўлінку, цётка Параска, надта прыгожы настаўнік вучыць чытаць, — прамовіла Вера Клемава прыгорбленай старой, — вось думаю, каб мне якога памагатага Бог паслаў. Гэта ж ніколі такога не было, каб дзяўчат грамаце вучылі.
— Дык пасылаў табе, Верачка, Бог упаўнававажанага Пастухова, а ты зганьбіла чалавека, — пасміхнулася старая.
— Ага, той Пастухоў па ўсіх сёлах дзяцей нарабіў, ды, кажуць, за ўдарную працу яго на павышэнне ў Брэст перавялі!
Жанчыны дружна засмяяліся. А Дамінка сказала, душачыся смехам:
— Хіба толькі Пастухоў такі? Нашы мужчыны не далёка адышлі. Маладыя мо і не помняць, як гондэ Настусін Ахрэм яшчэ за польскім часам, не маючы клуні, усё хадзіў, самі ведаеце да каго, каня ставіць, а заадно дачку той бабе зрабіў.
— Ён мужык быў спраўны, — сказала Малаша.
Жанчыны зноў дружна засмяяліся, некаторыя ажно да слёз, смех той стаў падобны на плач. Ім, удовам, горка і шчасна згадвалася мінулае даваеннае жыццё, калі іхнія мужы былі маладыя і здаровыя, але ўсіх іх неміласэрна забрала і знішчыла вайна.
— Годзе вам, Валя і Надзя, пісаць, давайце ўжо казкі чытаць, — сказала старая Параска, якую ў сяле яшчэ называлі Рэчычанкаю, бо была яна родам з вёскі Рэчыца.
Дзяўчынкі для прыліку яшчэ трохі пакорпаліся са сваімі сшыткамі ды падручнікамі, мусіць, толькі і чакалі гэтага загаду. Валя разгарнула вялізную кніжку беларускіх народных казак і пачала чытаць пра Пакацігарошка.
Ліза так заслухалася, што нават прасці перастала. Як жа гэта было цікава і страшна слухаць пра тое, як шматгаловы Змей украў сястру, перасыпаў сцежку саломаю, завабіў у свой хорам яе братоў і забіў. Які пачварны Змей! Гэта яго трэба было Богу змясціць на месяц! Няхай бы ён там жыў і нікога не чапаў, абурана думала малая, губляючы нітку аповеду. Схамянулася яна, калі Пакацігарошак ужо выратаваў сваіх братоў, а яны яго не прызналі ды прывязалі ў лесе да дуба. Цяпер Ліза здагадалася, якіх братоў Бог перанёс на месяц. Яны аказаліся горшыя за Змея, а Пакацігарошак не мог пакараць іх, бо яны былі родныя.
Читать дальше