— Што, птушка пералётная, дамоў вярнуўся? Можа ў калгас пойдзеш? — спытаў прывітаўшыся Харунжы, невысокі, хударлявы, з маленькімі, учэпістымі вочкамі.
— Не, дзядзька Конан, пакуль я не гатовы ўлезці ў калгасны хамут.
— Куды дзенешся?
— Свет вялікі.
— Твая праўда, свет вялікі, ды нас нідзе не чакаюць. Як надумаеш, прыходзь.
— Дзякую, але, мусіць, не надумаю.
— Што, паспытаў лёгкага гарадскога хлеба, дык ад сялянскай працы нос вернеш?
— Не такі ён лёгкі гарадскі хлеб. Але ж задарма ў горадзе ніхто не працуе. А ў сяле — падаткі плаці, а за што? Было б з чаго, можна было б і плаціць. Несправядліва гэта.
— Ну-ну, пашукай праўду, калі такі разумны, — пасміхнуўся Конан. — У каго ўлада, у таго і праўда, падпарадкуйся і маўчы. Такая табе мая парада, хлопча.
Харунжы сцебануў каня і паехаў. Аўдзей з пагардай правёў яго позіркам і міжвольна падумаў, што гэты стары хмыр сам ніколі па праўдзе не жыў. У вёсцы казалі, што Конанаў бацька яшчэ пры цары ездзіў у Амерыку на заробкі і прывёз грошы, якія хаваў недзе на вышках. Харунжы ажаніўся і жыў з бацькамі, але марыў займець уласную сядзібу. Перад тым, як прыйшлі саветы, пан Буслоўскі пачаў прадаваць зямлю. Тады высякалі і некуды вывезлі лес, які падступаў да самай вёскі з захаду. Конан украў бацькавы грошы і купіў сабе ладны кавалак зямлі ў гайку, дзе жыў панскі аканом Кубіцель. У хуткім часе паставіў там ладную хату. Зайздросцілі яму вяскоўцы: гэта ж займеў чалавек пры хаце агарод, а побач шырокі поплаў ды лес. Суседзяў побач ніякіх. Воля табе! Трымай плойму свойскага птаства! Карову нават у статак ганяць не трэба, пры хаце пасецца. Усё побач, усё на вачах!
Конанаў бацька здагадаўся, хто ўкраў ягоныя грошы, падаў на сына ў суд. Але даказаць віну Харунжага не ўдалося, сведкаў не было. Конан пакляўся на Бібліі, што бацькавых грошай не браў. А другі раз Харунжы, паклаўшы руку на Біблію, сведчыў, што яго сябра Макар Гімола, які забіў вясковага хлопца, невінаваты. Кожную вясну ў разводдзе лядчукі ставілі запруды ў канцы сваіх пляцаў ля возера. Разам з вадою прыходзіла туды рыба. А калі паводка спадала, збіралі рыбу, якая боўталася ў мулі.
Казалі, быццам Макар заспеў суседскага дзецюка, калі той збіраў ягоную рыбу, выцяў па галаве калком ды і абязвечыў. Знайшлі хлопца мёртвым каля Макаравай запруды. Ніхто нічога не бачыў, падазрэнні ўпалі на гаспадара. Харунжы выратаваў сябра, пакляўся, што ў тую ноч быў разам з Макарам, ён ні ў чым не вінаваты, нікога не забіваў, але ж за хлусню дорага заплаціў. Адзінаццаць дзяцей нарадзіла яму жонка. Трое першых памерлі. Тры наступныя дачкі аказаліся калекамі, пакручаныя былі ў іх пальцы на руках, бы карані старога дрэва. Толькі пяцёра астатніх дзяцей аказаліся здаровыя і раслі на радасць бацьку.
Аўдзей быў перакананы, што на няпраўдзе шчасце сабе не здабудзеш. Трэба жыць сваім розумам: Конан яму не ўказчык. Бач, які стаў адданы саветам, а спярша бунтаваў супраць іх. Помнілася, як пасля вайны прыехалі ў вёску з райцэнтра першыя ўпаўнаважаныя, каб стварыць калгас, заначавалі ў Якуба, дык нехта падпёр дзверы і падпаліў хату. Ветраная тая была ноч, трынаццаць хат занялося і згарэла ў вёсцы. Людзі казалі між сабою, што такое маглі ўчыніць толькі Конан з Макарам. Якубава сям’я разам з упаўнаважанымі з дымам узнялася на неба, прыязджала міліцыя, але вінаватых так і не знайшла. Калі калгас усё ж стварылі, Харунжы актыўна падтрамаў новы лад жыцця, падлізваўся да начальства, выбіўся ў брыгадзіры. І вось ён у літаральным сэнсе зноў на кані. Аўдзею ж даводзіцца саматужна вазіць дровы на санках, якія ён здабыў у пачатку вайны: адступаючы пакінулі чырвонаармейцы. Тады ён з маці па пяску валок тыя жалезныя санкі дахаты з Вайцехаў. А яшчэ знайшоў штук шэсць салдацкіх шапак з чырвонымі зоркамі. Якраз хапіла па дзве на кожнага з братоў. Калі прыйшлі немцы, давялося зоркі паадпорваці і чубы паадразаць, але ўсё роўна тыя шапкі добра ім паслужылі.
6
Стары пацук ноччу баляваў у Малашынай каморы. Гаспадыня яшчэ з вечара, калі налівала брагу з бочкі ў вялізны чыгун, распырскала гэты, як здавалася пацуку, найсмачнейшы на свеце і п’янкі напой. Ён вылізаў усю падлогу, адчуў насалоду і незразумелую весялосць. Цяпер можна было б зашыцца ў нару і адсвяткаваць бражны дзень, не дбаючы пра ежу. Але дарожка з пралітых кропель цягнулася праз сенцы ў пакой і пацуку карцела яшчэ і яшчэ лізаць гэтую п’янкую слодыч, напаўняць страўнік цёплай энергіяй, якая разлівалася па ўсім целе, расслабляла кожную мышцу, што нават хада ягоная стала няўпэўненая, а хвост зрабіўся быццам чужы і ніяк не жадаў падпарадкавацца гаспадару.
Читать дальше