Калі яна вярнулася, дык застала мужа ў пятлі. Вольга пасля ягонай смерці пражыла толькі паўгода і пайшла ўслед за Ленінкам. Яшчэ адна хата апусцела ў Лядах.
Цяпер самы старэйшы мужчына ў вёсцы Якім, дваюрадны Аўдзееў брат, яму таксама ўжо за восемдзесят. Ён цяжка хварэе. Нядаўна з-за гангрэны ампутавалі нагу, якую ён загадаў закапаць у магіле маці. Спадзяецца, што там яна будзе пад надзейнаю аховаю, аднак ведае: нагу забраў Іван Банадысін, якога ён некалі ўтапіў, каб ажаніцца з ягонай дзяўчынаю. Ці быў Якім шчаслівы з жонкаю, не ведае, не меў з чым параўноўваць, пражылі неяк абыякава. Яна таемна шкадавала Івана, што загінуў без пары, і кахала толькі яго. Якім усё жыццё сумняваўся, ці тую дзяўчыну ўзяў за жонку, вельмі ж халодная і злосная аказалася яна. Увесь час шукаў, чым падсаладзіць жыццё, еў шмат цукру, у выніку — дыябет, ад якого немагчыма вылечыцца, застаецца толькі пажыццёва калоць уколы: ужо ўсе сцёгны, як ён кажа, на дзірках, а іншага выйсця няма.
Клемава Вера дачакалася ўсё ж свайго Аверку з турмы праз трыццаць гадоў. Праўда, вярнуўся ён з жонкаю і сынам. Але аднойчы ўбачыў Веру, пачуў яе голас і не здолеў больш трываць. Развёўся з жонкаю, падаўся да каханай. Пражылі разам нядоўга. Замаркоцілася Вера, што чужую долю паламала, ды і памерла.
Антось Самота адышоў у лепшы свет на кані, з-за высокага ціску зваліў яго інсульт. Упаў ён на родную зямлю, як даспелы яблык, і болей не падняўся. Хавалі нябожчыка сонечным жнівеньскім днём. Якраз тады камбайн малаціў снапы ў дварах калгаснікаў. Уся вуліца была заслана свежаю саломаю. Па гэтым золаце і павезлі на могілкі Антося Самоту ў суправаджэнні жонкі, шасці дачок, мноства ўнукаў, родзічаў, суседзяў і аднавяскоўцаў.
Стэпка Сабакарова ўсё жыццё адпрацавала грабаром, капала зямлю, працуючы на будоўлі, ужо будучы на пенсіі, прыбілася да баптыстаў, стала добраю верніцаю, замольвала свае старыя грахі. Хаця ці можа быць грэшным каханне? Памерла яна ў сваёй аднапакаёвай кватэры, якая пасля яе смерці дасталася пляменніку.
Гэля Юстынава двойчы няўдала выходзіла замуж, выгадавала трох сыноў, да пенсіі працавала мулярам, на гэтай цяжкай працы на марозе, слоце ды гарачыні прызвычаілася да гарэлкі, спілася і заўчасна памерла. Такі ж лёс напаткаў і Люську Новікаву. Лёс даў ёй бацькоў п’яніц, яна пайшла іхнім шляхам. У дзевяностыя гады з’явіліся ў Сіньгорадзе свае прадпрымальнікі, з Янавічаў. Былі яны ў маленстве моцныя, бы грыбкі. Так іх маці з замілаваннем называла. Выраслі яны, а мянушка засталася. Асноўны бізнес Грыбкоў складаўся з таго, што яны танна скуплялі кватэры ў алкаголікаў, даводзілі да ладу і прадавалі іх дорага. Трохпакаёвыя кватэры Г элі і Люсі памянялі на аднапакаёвыя, заплацілі гаспадыням трохі грошай, што дало падставы гэтым няшчасным жанчынам яшчэ больш піць і хутчэй сысці ў магілы.
Шура Хроімаў, які кахаў Люсю Новікаву, працаваў на будоўлі, хаця ў яго была адна мара — стаць кінамеханікам. Кожны вечар пасля працы ён бавіў час у кінабудцы з дзядзькам Мішам. Маці аддала Шуру ў прымы ў вёску, якая знаходзілася за возерам. Аднойчы ён апоўначы вяртаўся зімой напрасткі праз возера дамоў і праваліўся пад лёд. Знайшлі яго толькі вясною.
Бузюміха, нягледзячы на жыццёвыя мітрэнгі, аказалася доўгажыхаркаю. Пражыла амаль дзевяноста гадоў, пакінула шмат прыгожых унукаў і праўнукаў, ляжыць цяпер на кладах побач з мужам. Яе Анісім на фотаздымку — малады мужчына, яна — бабулька ў хустачцы.
Пакуль яшчэ ліпяць на свеце Таіса ды Луця Бабціна — дзве тутэйшыя доўгажыхаркі. Апошняя так і не выйшла замуж, жыве адна, маці яе даўно памерла. Пачуваецца яшчэ няблага, з-за самоты любіць пагутарыць з прадаўшчыцамі ў краме ці з гандляркамі на рынку. На лаўках ля пад’езда цяпер ніхто не сядзіць, таму Луця сноўдаецца па горадзе проста для таго, каб сустрэць каго з даўніх знаёмых, а іх з кожным годам робіцца ўсё меней. Таіса кволіцца, яе, як і раней, даймаюць хваробы, перанесла некалькі аперацый, пра якія гатова бясконца расказваць кожнаму сустрэчнаму, пільна сочыць за ціскам і рэгулярна п’е патрэбныя лекі, тым і трымаецца. Да яе прыходзіць два разы на тыдзень сацыяльны работнік, які трохі прыбірае ў кватэры і прыносіць патрэбныя харчы. Таму яна толькі ў вельмі добрае надвор’е выбіраецца з кватэры.
Многія людзі, якія некалі жылі ў бараку, разляцеліся па свеце. Сярод іх, кажуць, нямала знакамітых і добра ўладкаваных. Нямала хто застаўся ў горадзе. Жывуць годна, працуюць. Але ж хапае і тых, у каго не ўдаўся лёс, напрыклад, пра Вінчышку дайшлі весткі, што аднойчы, п’яны, ён абліў бензінам сваю жонку Маню і спаліў...
Читать дальше