— Яшчэ чаго не хапала, выпіўку табе насіць! — адказала яна раздражнёна.
— Дык зрабі нам што паесці, — прапанаваў гаспадар.
— Ага, зараз, разагналася! Мала што цябе кармлю, дык яшчэ і алкаголікаў сваіх хочаш мне на шыю павесіць! Пайшлі прэч адсюль, расселіся, як на імянінах! — пачала яна выганяць мужавых хаўруснікаў.
— Не чапай маіх сяброў! Я за іх горла ўсялякаму перагрызу! — закрычаў Ігар.
Але мужчыны, адчуваючы, што ім нічога добрага не перападзе, панура ўсталі з-за стала і папляліся да выхаду. Ігар пайшоў іх праводзіць. Ала спытала ў Анжэлкі, як яе справы ў школе. Малая адказала, што ўсё добра, толькі Максім Малюк чамусьці да яе чапляецца і тузае за касу.
— Патрывай, я ў суботу прыйду ў школу, пагутару з гэтым паскуднікам, — паабяцала маці і звыкла прынялася варыць вячэру.
Анжэлка ўмасцілася на канапе, гартала кніжку. Ігар уварваўся ў пакой злосны, як раз’ятраны бык.
— Хто ты такая, каб тут распараджацца?
— Здаецца, яшчэ сёння была тваёю жонкаю, — спакойна адказала Ала.
— Ты жонка? — з пагардаю спытаў Ігар і брыдка вылаяўся. — Ды такіх жонак у мяне — хоць гаць гаці.
— Не лайся, тут дзяўчынка!
— Што? Мо я яшчэ павінен у вас прабачэння прасіць за нецэнзурныя словы? Вымятайся з маёй хаты са сваёй...
Ён не дагаварыў, схапіў Анжэлку і шпурнуў на падлогу, а сам лёг на канапу. Ала дапамагла падняцца дачцэ, спытала, што ёй баліць?
— Каленам моцна выцялася і локцем, — паскардзілася дзяўчынка.
Ала агледзела даччыны болькі, на калене і локці красавалася па сіняку, пацалавала, падзьмухала, каб хутчэй зажывала.
— Ты навошта дзіця крыўдзіш? Што яна табе зрабіла? — спытала разгневаная жонка.
— Маўчы, бо зараз абедзвюх прыкончу і ў агародзе закапаю, ніхто слядоў не знойдзе. Мне не першы раз! — адказаў Ігар, пыхкаючы толькі што прыкуранай цыгаркаю.
— Ты — забойца! Яшчэ і выхваляешся гэтым! Божа мой, з кім я звязала свой лёс!
— Маўчы! Задушу! — зароў Ігар, устаючы з канапы і накіроўваючыся да Алы.
«Зараз зноў будзе біцца», — з адчаем падумала яна. У яе душы ў гэты момант прачнулася натура бабы Малашы, якая ўмела бараніць сябе і сваіх дзяцей! Ала схапіла са стала вялікі кухонны нож, якім толькі што крышыла капусту на салату, ступіла першай да яго, усадзіла ў пукаты жывот і адскочыла ўбок. Сама здзівілася, як лёгка ўвайшоў нож у цела, быццам у масла. Ігар сагнуўся папалам, цяжка выдыхнуў і ўпаў на падлогу. Вакол яго расцяклася лужына крыві і яшчэ нечага смярдзючага.
Ала абняла дачку і сказала:
— Не бойся, Анжэлка, ён нас больш і пальцам не кране.
— Мама, там кроў!
— Гэта віно, чуеш, як смярдзіць! Пойдзем адсюль.
Ала завяла дачку да суседзяў, выклікала міліцыю і хуткую дапамогу, выйшла на вуліцу, застыла каля весніц у чаканні. Усё жыццё прамільгнула перад ёю за тыя дваццаць хвілін, пакуль з’явіліся міліцыянеры і дактары. Яна не разумела, чаму ёй пры жывых бацьках не шанцавала з маленства. Мусіла вучыцца восем гадоў у спецінтэрнаце на казённых харчах, ад якіх заўсёды хацелася есці. Насіла казённае адзенне, а потым яшчэ тры гады гэтак жа існавала ў вучэльні. Жыццё замужам за казахам не дадало радасці. А што датычыцца Ігара — дык гэта наогул не жыццё было, а кара Божая невядома за што. Самая страшнае, што пакутавала не толькі яна, але і дачка. Дзяўчынка расла вельмі ўражлівая і знерваваная, адмаўлялася называць айчыма бацькам, хоць ён упарта гэтага дамагаўся. Навошта? Невядома. Мо хацеў іншы раз казырнуць перад сябрамі, маўляў, глядзіце, які я шчаслівы, усё ў мяне, як у людзей.
44
За наўмыснае забойства Ала была асуджана на дванаццаць гадоў турмы. Дачку яе забралі ў дзіцячы дом. Яна пісала лісты Анжэлцы так часта, як толькі дазваляла турэмнае начальства, гэта падтрымлівала ў расстанні абедзвюх. Яны апантана марылі пра сустрэчу. Ала рабіла ўсё для таго, каб нічым не правініцца, не парушыць турэмны парадак. З жанчынамі, якія адбывалі пакаранне разам з ёю, не задзіралася, засяроджаная на сваім клопаце пра дачку. Ніхто Але пасылак не прысылаў, ніхто не падтрымліваў, яна выжывала толькі вялікім жаданнем зноў сустрэцца з Анжэлкаю.
Пашчасціла з амністыяй, ёй удвая скарацілі тэрмін, і яна раптам апынулася на волі. Найперш паехала да Анжэлкі ў дзіцячы дом і забрала яе адтуль. Абедзве былі такія шчаслівыя, што трымалі адна адну за руку, не жадаючы нават на момант разлучацца. Маці не магла налюбавацца на сваю чарнявенькую, па-ўсходняму прыгожую дачку. Дзяўчынка вырасла, пятнаццаць гадоў — той пераходны ўзрост, калі ўжо страчваецца падлеткавая вуглаватасць, і праступаюць абрысы будучага дзявочага хараства.
Читать дальше