Злева ад іхняга пакоя жыла сімпатычная і ладная пара з маленькаю дачушкаю. Гаспадар Максім меў дзядзьку ў Амерыцы, які прысылаў маладым прыгожыя рэчы. Дзяўчынку сваю яны апраналі, як лялечку, Ліза любіла з ёю гуляць.
Справа жыла прыгожая і высокая маладая жанчына Зося, да яе заляцаўся высачэнны, з вырачанымі вачамі Шамрай, страхапудны з выгляду. Ён ездзіў на грузавой машыне і часта некуды вазіў сяброўку, мусіць, да яе бацькоў у вёску.
Насупраць жыў Віктар з Волагды, жанаты на тутэйшай Мані, мелі яны дзве малыя дачкі. Г аспадар да капейкі аддаваў заробак жонцы, а потым кожную надзелю прасіў: «Дай рублішко на вінчышко». Яго інакш у бараку не называлі, як Вінчышка.
Далей жыла тоўстая рыжая мардоўка. Муж у яе быў худзенькі і маленькі чалавечак, абое працавалі на земснарадзе, як яны казалі, матросамі. Дачка Маруська ўдалася ў маму, такая ж рыжанькая і вясёлая. Мардоўка з захапленнем казала пра яе: «Мой Маруське хітры, як старый баб!» Мардоўка была на дзіва руплівая гаспадыня, яна наварвала варэння, запасалася на зіму салёнымі гуркамі і квашанаю капустаю, як ніхто. Казалі, што яна з мужам разабрала падлогу і выкапала сабе склеп, каб захоўваць прыпасы. Таіса ўзялася няньчыць Маруську, бо для малой не было месца ў садку, але менавіта Ліза вазілася ўсё лета з дзяўчынкаю, а заадно ласавалася мардоўчыным варэннем.
За кухняю жыла сівая ленінградка Жэня Коршунава. Яна шмат курыла, хварэла на сухоты. У сорак выглядала на шэсцьдзясят. Але толькі адна яна ўлівалася ў мужчынскую кампанію, якая па нядзелях і святочных днях гуляла ў карты ці дружна піла гарэлку на кухні зімою, а летам — на вуліцы за драўляным сталом.
У левым канцы калідора заўсёды было асабліва тлумна. Там таўкліся чацвёра сыноў Тонькі-татаркі, няўрымслівай моцнай маладзічкі, якая ад няма чаго абуць бегала сярод лета па ваду ў валёнках. Мела яна адны туфлі на свята, але берагла іх. Сястра яе мужа жыла ў процілеглым канцы барака. Пашанцавала ім аказацца побач.
У правым канцы калідора было заўсёды ціха. Там жыў хваравіты малады гаспадар, Арцём Захаруша, які атруціўся нечым у войску і цяпер быў на інваліднасці, чытаў кніжку, у якой апісваліся розныя лекавыя расліны, але адчувалася, што ён надта слабы. Арцём сядзеў дома з маленькаю дачкою, а Ліза любіла заходзіць да іх у пакой, дзе заўсёды было вельмі чыста, а на сценах віселі плакаты з прыгожымі кітаянкамі. Іншы раз Ліза брала ў Арцёма пачытаць кніжку пра лекавыя расліны, бо ў яе сталі з’яўляцца на твары прышчы, і яна шукала лекаў. Вычытала, што серпарэзнік робіць скуру прыгожай і гладкай, але гэтая трава ёй не дапамагала.
Далей жыў халасцяк Галюк са старою маці. Ён быў шызафрэнік, аднойчы зімой у яго здарыўся чарговы прыступ хваробы. Галюк цэлы дзень насіў ваду з калонкі, цалаваў яе і хрысціў, вусны прыкіпалі да мёрзлага жалеза, крывавілі, а ён не адчуваў болю і ўсё насіў ваду, паліваў клямкі, зямлю вакол прыбіральні і вакол барака. Потым яго забрала хуткая дапамога, больш яго ніхто не бачыў, бо ягоная маці таксама некуды з’ехала.
Наогул людзі ў бараку мяняліся вельмі часта. Кожны з іх быў нечым адметны. Нарыклад, у аднаго чалавека было напісана на ступнях: «Ну, пайшлі». Ён часта хадзіў басанож, каб усе бачылі ягоную татуіроўку. Другі чалавек усё хваліўся сваёю маладою і прыгожаю жонкаю і спяваў прыпеўку:
У маёй мілахі ляхі
Сорак дзевяць дзесяцін,
Хоць я хлопец без рубахі,
Апрацоўваю адзін.
Жыхарамі барака былі рабочыя людзі, простыя і звыклыя да розных жыццёвых нязручнасцей. Толькі аднойчы на месяц пасялілася тут нейкая начальніцкая сям’я. Гаспыдыня, худая і высокая, хадзіла ў атласным халаце па калідоры, як прывід, ні з кім не віталася і не размаўляла, а гаспадара ніхто толкам і не разгледзеў, бо яго рана забірала райкамаўская машына, а потым прывозіла позна ўвечары.
У бараку Аўдзей яшчэ больш запіў. Тут знайшлася яму кампанія. У нядзелю з самага ранку мужчыны ўжо дамаўляліся, як ім лепш бавіць час. Збіраліся за сталом, гуляючы ў карты, складваліся па колькі рублёў, пасылалі ганца ў гастраном, потым яшчэ і яшчэ. Аўдзей быў не гаваркі, але меў добры голас і хораша спяваў. Яго слухалі, яму падпявалі, і толькі тады, як лічыў, ён адчуваў сябе чалавекам самай высокай пробы. Пітва заўсёды было мала, мужчыны трэслі жонак, учынялі сваркі і бойкі. Дзень заканчваўся шумна, там і тут чуўся лямант, грукалі дзверы, плакалі дзеці.
Ужо напярэдадні нядзелі Таісу трэсла ад прадчування таго, што зноў у хаце будзе бязладдзе. Ні ўсчуванні, ні пагрозы — нішто не дапамагала. Так жылі ўсе навокал у кожным з дзясятка баракаў, пабудаваных на былым полі. Усе гэтыя здаровыя і маладыя мужчыны адарваліся ад зямлі і сялянскай працы, а тут, у горадзе, не знаходзілі сабе годнага занятку ў вольную часіну, акрамя як піць гарэлку. Гэта называлася ў іх адпачынкам, а другога яны не ўяўлялі, не маючы ніякіх іншых захапленняў і цікавасці.
Читать дальше