Аднойчы раніцаю сказаў, што пойдзе ў сельсавет па нейкай справе. Г арпіна таўклася каля печы, а Таіса калыхала Анютку. Раптам крук, на якім вісела калыска, абарваўся і калыска паляцела на падлогу. Дзіця зайшлося ад плачу. Гарпіна кінулася да малой, праклінаючы мужа, што ён такі няздара, нават калыску не мог прымацаваць як след, ледзь дзіця праз яго не забілася.
Малая хутка супакоілася, толькі спалохалася, нічога не пашкодзіла, а Г арпіна ўсё пасылала праклёны на мужаву галаву. Потым спахапілася, што трэба бялізну зняць, паслала няньку. Таіса залезла па драбіне на вышкі і ўбачыла, што Кастусь стаіць.
— Што ты тут робіш? — спытала яна.
Ён нічога не адказаў. Таіса кранула яго рукой — ён бязважка хітнуўся, узняла вочы ўгору — убачыла, што вісіць ён на дроце, прымацаваным да кроквы. Ад жудасці закрычала, старчма паляцела з вышак, добра, што ўнізе быў гной, бо ў сенцах стаяла карова, дык дзяўчо не пакалечылася.
Потым прыйшлі родныя і суседзі, знялі Косцю. Ляжаў ён на ўсю кухню, здаецца, яшчэ даўжэйшы стаў, чым пры жыцці. Такое было ягонае каханне, што і жыць з Гарпінай не мог, і пакінуць яе не здолеў, выбраў смерць, каб вызваліцца ад нядолі.
Анютку забрала да сабе цётка Куліна. Вельмі ж бедавала маці, галавою аб сцяну білася, не магла змірыцца са стратаю сына. Тады прыставілі Таісу да цёткі сачыць, каб яна з сабою чаго благога не ўчыніла. Так і хадзіла малая за Кулінаю ўслед, ні на крок не адступала. Цётка карову доіць — Таіса пры ёй, грады поле — таксама. Кулінін муж, дзядзька Хведар, любіў Таісу як родную дачку. Сядуць абедаць, ён яе возьме на рукі і які кавалачак мяса знойдзе ў крышанах, ёй дае. У дзядзькі і цёткі таксама было дзіўнае каханне. Пасварацца яны за што-небудзь, Хведар складзе ў мех чыгунок, яшчэ якія мужчынскія прычындалы і пойдзе ў лес. Цётка Куліна з Таісаю сунуцца за ім следам і ўпрошваюць, каб вярнуўся дамоў. Урэшце лад і згода зноў вярталіся ў сям’ю.
Ужо наколькі Таісін бацька кахаў сваю Хрысціну, але аднойчы і яны нешта непаладзілі, дык ён так раз’ятрыўся, што ўсе гаршкі з вазонамі пакідаў у парог ды паразбіваў. Цяжка пражыць жыццё з чалавекам, папярэджваючы ўсе ягоныя жаданні, патураючы прыхамацям, бо пры гэтам трэба забыць на сябе, здрадзіць сваёй душы, памкненням і марам. Ці варта так жыць, ці справядліва губляць сябе, растварацца ў іншай асобе дашчэнту?
32
Аўдзею адразу знайшлася праца ў брыгадзе бетоншчыкаў, тым больш што ён меў пасведчанне, атрыманае на іншай будоўлі аб чацвёртым разрадзе. Такім чынам, якія б там заробкі ні былі, а ён будзе атрымліваць толькі трохі менш за брыгадзіра. Г эта яго цалкам задавальняла і надавала гонару.
Таісе прапанавалі капаць зямлю разам з Антолькаю Сабакароваю і Луцяю Бабцінаю. Яна адмовілася, ведала, што з яе ціскам там працаваць не здолее, таму пакуль гадавала Міцьку ды займалася хатняю гаспадаркаю, развяла курэй, трымала іх у хлеўчыку, збітым з дошак. На даху гэтага няхітрага збудавання пасадзіла цыбулю ў скрынцы, чым вельмі здзівіла лядчукоў. Яны кожны раз, праходзячы міма, тыцкалі пальцамі ў бок цыбулі і пасмейваліся. Гэтая маленькая Таісіна гаспадарка ўсё ж дапамагала выжываць сям’і на мізэрны Аўдзееў заробак.
Малаша вельмі злавала на Таісіных курэй, якія грэбліся ў двары, а іншы раз забягалі і на грады, нагою прытоптвала разгрэбеную зямлю і праклінала нявестку і яе жыўнасць. Давялося адгарадзіць каля куратніка маленькую вальеру, каб куры не хадзілі на волі.
У Аўдзея, хоць ён і жыў пакуль у вёсцы, пачалося новае гарадское жыццё. Хата, гарод і двор цяпер належалі малодшаму брату, а Аўдзей тут быў толькі кватарантам. Калі надыходзіла нядзеля, Аўдзей сумаваў без працы і бурчаў сабе пад нос: «Што рабіць? Хоць у калкі галаву саджай...» Ішоў у краму, купляў пляшку гарэлкі і напіваўся. Але піць аднаму было нецікава. Кандрата дома не было, ён у чарговы раз з’ехаў на заробкі. Таму Аўдзей пачаў запрашаць да сябе дамоў халастога хлопца Гену з брыгады бетоншчыкаў, якому было выгодна ўзяць пляшку, прыйсці ў госці, паабедаць ды павячэраць. Калі гарэлка заканчвалася, Аўдзей з Генадзем ішлі гуляць на ДРЭС.
Таісу непакоіла і раздражняла, што зноў паўтараецца старое, як было з Ганем, які таксама хадзіў гуляць адзін і вяртаўся дамоў пад ранне. А потым, калі яна з’ехала, наогул пабраўся з былою палюбоўніцаю.
Таіса ўшчувала Аўдзея, калі ён прыходзіў позна з прагулянкі. Ён адказваў, што ў свой вольны ад працы час мае права павясяліцца і добра адпачыць, каб потым з новай сілай працаваць цэлы тыдзень. Гэтая размова патроху перарастала ў сварку, а часам і ў бойку, таму жонцы даводзілася ўцякаць з хаты і сярод ночы туляцца па суседзях. Ліза назірала за гэтаю калатнечаю ў сям’і і з адчаем думала: «Навошта так жыць? Навошта заводзіць дзяцей? Дзеля чаго яны сварацца і брыдкасловяць, б’юцца і мірацца? Як гэта можна забыць і дараваць?.. Я ніколі не пайду замуж. Мне будзе добра адной.»
Читать дальше