— Стой, гонда недарэзаны!
— Маці! — крыкнуў Кандрат, баронячыся ад цяжкіх кулакоў. — Мяне мантажнік б’е!
Малаша схапіла ў сенях з лавы сякерку і кінулася на дапамогу сыну. Яна, разгневаная і ваяўнічая, быццам з-пад зямлі вырасла перад чужынцам, цюкнула яго сякеркаю ў лоб, той заліўся крывёю і пабег з двара.
— Чаго ты, дурню, бярэшся біцца з дужэйшым за сябе, — папракнула Кандрата маці.
— Скуль я мог ведаць, што ў яго кулакі, як бязмены...
— Мусіць, у цябе скура свярбіць, што чапляешся да абы-каго.
— Няхай не ходзяць тут! Гэта наша вуліца!
— Была наша, ды ўсё забралі. Якое поле мелі мы пад Янавічамі! Колькі я ў яго ўклала працы! Цяпер там Харунжы з хаўруснікамі сабе пляцы бяруць. У ваколіцах ведала я кожную лагчынку і балацянку, а цяпер нічога не пазнаць, перакапалі, бы свінні лычамі...
Кандрат уздыхнуў. Ён марыў пабудаваць новую хату не на старым котлішчы, а дзе-небудзь далей ад гэтага вэрхалу на скрыжаванні, на выгане ці ў гайку, каля Харунжага, каб глеба была ўрадлівая, не такая, як тут на ўзгорку. У Ленінкі ды ў Клема, якія жывуць насупраць, значна лепш родзяць капуста і гуркі ў нізінцы. На хату трэба мець грошы. А зарабіць Кандрат іх мог толькі адным спосабам, ездзячы на Украіну. Гэта ён і рабіў з году ў год, складаючы капейку да капейкі і не дазваляючы Ульяне ніякіх непатрэбных пакупак.
31
Калі Аўдзей вярнуўся ў родныя мясціны, дык не пазнаў іх. На былым полі стаяла каля дзясятка трохпавярховых будынкаў, вуліцы часткова пакрытыя бетонам. Прайшлі далей і ўбачылі прамтаварную краму.
— Ды тут заблудзіцца можна, — усміхнулася Таіса.
— Мусіць, мне тут праца знойдзецца, — сказаў Аўдзей, пазіраючы на высокі вежавы кран каля будынка, на якім працавалі муляры.
Прыйшлі ў Ляды, у двары іх сустрэў Кандрат і трое ягоных малалетніх сыноў. Кандрат абняў брата і задаволена сказаў, паказваючы на малых:
— Гондэ мае лётчыкі!
Адзін дзень патаўкліся госці разам з гаспадарамі ў хаце, разважаючы, дзе каму жыць, а потым Аўдзей з Таісай пачалі абжываць камору з адным акенцам, грубкаю і земляною падлогаю. Паміж сценамі якраз умясцілі два ложкі: адзін для сябе, другі для дзяцей. Праўда, каб паставіць дзіцячы ложак давялося трохі падчасаць сцяну, бо замінала грубка. Замест стала служыла Малашына скрыня, ля яе паставілі ўслон. Была тут яшчэ і шафа, паточаная шашалем і пафарбанаваная блакітнаю фарбаю, здабытая гаспадыняю ў той час, калі ў чарговы раз мянялася ўлада. На падлогу паклалі ліст фанеры.
Першым паглядзець, як яны ўладкаваліся, забег Антось Юдалька. Дома застаў толькі Таісу і Лізу, павітаўся, пахваліў каморку, якую яны няблага абставілі, даў па яблыку гаспадыні і дачцэ, спытаў пра жыццё-быццё. Таіса пачала скардзіцца на здароўе.
— Вой, Антаселя, зусім я занемагла. Усё ў мяне ў сярэдзіне баліць, а галава расколваецца. Мусіць, хутка памру. Ужо і на смерць усё падрыхтавала. Ці ты дапаможаш хоць яму выкапаць?
— Вой, Цімафееўна, пра што гаворка! Я табе такую яму выкапаю, што ўсе нябожчыкі на могілках пазайздросцяць! — засмяяўся госць.
— Люблю я тваю ўсмешку! Добры ты чалавек! Такія рэдка сустракаюцца, — шчыра сказала Таіса, пазіраючы Антосю ў вочы.
Гэты позірк працяў да сэрца. Так і карцела Антосю прыгарнуць мілую маладзіцу да грудзей, але стрымаўся і паспяшаў пакінуць чужое жытло далей ад граху.
Міцьку з Лядаў вывезлі зусім малым, у яго памяці не захавалася ніякіх успамінаў, таму ён з цікавасцю выйшаў з весніц, аглядаў вёску. Раптам да яго падбег Клемаў баран і тыцнуў рогамі ў грудзі. Малы зваліўся, а толькі падняўся на ногі, як баран зноў пхнуў яго. Міцька зароў з усяе сілы, бездапаможны перад гэтаю страшнаю рагатаю жывёлінаю. На дапамогу прыйшла Клемава сястра Вера, якая прагнала барана, падняла хлопчыка, выцерла запэцканыя рукі і апратку, пашкадавала і пацалавала. Праз акно ўбачыла іх Таіса, выбегла з хаты ратаваць сына. А Міцька ўжо ачомаўся на добрых Верыных руках і сказаў маці:
— Як вырасту, яе замуж вазьму.
Жанчыны засмяяліся: Таіса весела і замілавана, Вера — з прыхаваным сумам, бо і сама марыла некалі займець дзяцей ад свайго Аверкі, а яго ўсё трымалі ў турме.
Ліза пры першай жа нагодзе аббегла і агледзела наваколле. У канцы вёскі заўважыла нечыю новую клуню, а старой таполі на скрыжаванні, дзе некалі яна бавілася апалымі кутасікамі, ужо не было, нават пня не засталося. Затое поплаў быў на месцы, і сажалка сінела халоднаю вадою. Зірнула ў бок Янавічаў з надзеяю ўбачыць ветраны млын, але не знайшла яго і пашкадавала. Раней ён вельмі ўпрыгожваў прастору, навошта яго раскідалі? Ці не таму, што хлеба ўдосталь у краме? Няхай бы стаяў проста для прыгажосці. Хацелася яшчэ наведаць гаёк, але дзень выдаўся ветраны і дажджлівы, яна адклала тую вандроўку.
Читать дальше