– Можа, усё ж і мне, як ад’ютанту, паехаць у Вільню?
– Толькі гэтага не хапала? Ты, Базан, мне тут надакучыў, і там яшчэ давядзецца няньчыцца з табою, як за малым…
Тадзіка пакрыўдзілі гэтыя словы паручніка. Хаця яму іншы раз і не так даставалася, калі трапляў пад гарачую руку, таму палічыў за лепшае не працягваць гэтую гаворку.
За кустоўем на дарозе Руткоўскага чакала брычка, прысланая Уладзіславам Бандарчыкам. Паручнік павітаўся з незнаёмым хлопцам, які кіраваў лейцамі, ускочыў у вазок, нават не азірнуўся. Тадзік пастаяў, правёў паручніка позіркам і рушыў у зваротны шлях.
Пасля ад’езду Парушыны атрад быццам заснуў. Бусел і сваіх хлопцаў не асабліва нагружаў, чакаў, калі сыйдзе снег, каб перамяшчацца па чорнай сцежцы і не пакідаць слядоў, якія лёгка могуць прывесці ворагаў да базы. Час ад часу выбіраліся толькі па харчы ў бліжэйшыя вёскі. Тадзік, каб зрабіць Руткоўскаму справаздачу пра дзеянні атрада за час ягонай адсутнасці, пачаў весці дзённік. Але былі там занатаваныя ў асноўным звесткі пра рэйды ў вёскі.
15 сакавіка 1944 г. Пяцёра жаўнераў, у тым ліку і я, хадзілі на шашу. Чакалі якую-небудзь машыну, каб раздабыць паліва для нашага лімузіна, цэлы дзень праседзелі, але нічога не дачакаліся. Праўда, праехала адна грузавая машына, поўная немцаў-аўтаматчыкаў, дык мы не адважыліся яе спыніць. Увечары ад злосці перарэзалі адну тэлефонную лінію. Зваротны шлях быў цяжкі. Адліга расквасіла зямлю і апошні снег, лес трапіўся занадта густы, да таго ж з-за хмарнасці давялося ісці ў цемры, па сутнасці, не разбіраючы дарогі. Я некалькі разоў падаў, напароўся на нейкі сучок, які мне ледзь вока не выкалупаў. А самае горшае, што боты мае зусім раз’ехаліся ды мазалёў такіх панаціраў, што, дай Божа, каб за тры дні загоіліся. Зусім босы застаўся.
21 сакавіка. Пан паручнік Пухавіцкі не хоча пасылаць мяне на заданні, кажа, што атрымаў забарону на гэта ад Руткоўскага. Гэтыя афіцэры сцерагуць мяне, як сабакі. Учора хлопцам усё ж удалося здабыць паліва для самахода: на нейкай нямецкай базе абмянялі тры каністры бензіну на каністру гарэлкі. Бусел вельмі задаволены, а мяне разбірае злосць, што ўсё адбываецца без майго ўдзелу, быццам мяне тут няма, хоць і ногі загоіліся, і мае дзіравыя боты хлопцы паладзілі.
25 сакавіка. Тры дні адчуваецца вялікае напружанне з харчамі. Хлопцы хадзілі па карову, але вярнуліся з пустымі рукамі. Казалі, што не знайшлі нічога добрага. Сустракаліся або надта старыя жывёлы, або адзіная карова ўсям’і, якую быццам няёмка забіраць. Безумоўна, не надта прыемная справа аббіраць людзей. Мне гэтага таксама не хочацца.
29 сакавіка. Сёння балюем. Забеспячэнцы нарэшце прывялі карову, а ў дадатак прынеслі дзве скрыні масла з нейкай малачарні. Мы ўжо таго масла наеліся, ажно праз пуп на жываце праступіла.
1 красавіка. Сёння дзень смеху. Усе нешта выдумляюць, жартуюць, ледзь не здзекуюцца адзін з аднаго. Праўда, я стараюся трымацца годна, бо з камандзірам не пажартуеш. Між тым, паручніку Пухавіцкаму не да жартаў, ён цэлы дзень сядзіць над картамі, распрацоўвае нейкія аперацыі, але, думаю, без Руткоўскага сам ні на што не адважыцца. Пад вечар хлопцы распачалі неасцярожную страляніну, за што Пухавіцкі пасадзіў трох жаўнераў на гаўптвахту. Яно і не лішне, бо патронаў катастрафічна не хапае, колькі б іх ні здабывалі.
5 красавіка. Сёння наша выведка нарвалася на засаду, загінуў адзін жаўнер. Зямля яму пухам. Няхай спачывае вечным сном, мы будзем помсціць за яго і змагацца за вызваленне Польшчы.
9 красавіка. Сёння Пухавіцкі пасылаў мяне да Бандарчыка з пакетам. Ішоў увесь час па лясной дарозе і не надта стаміўся. Толькі аднойчы трохі спалохаўся. Калі пачуў гул машыны. Думаў: да нас немцы едуць. Збочыў і схаваўся. Пасля высветлілася, што машына ехала па дровы. Пан Бандарчык добра мяне прыняў, накарміў і ў кайстру наклаў харчоў, так што з панам паручнікам сёння мы атрымалі смачную вячэру. Спажывалі вяндліну, сыр і масла са свежаспечаным хлебам. Смаката!
15 красавіка. Хлопцы штодня некуды ходзяць: па харчы, да сувязных, на выведку, на нейкія дробныя заданні, толькі я прыкуты да штаба, як раб да галеры. На халеру такое жыццё?! Нешта пан Руткоўскі вельмі доўга не вяртаецца з Вільні. Без яго няма ладу ў нашым лясным царстве.
19 красавіка. Паручнік дазволіў мне пайсці з хлопцамі да пана Бандарчыка па харчы. Добра нагрузілі поўныя заплечнікі. Быццам і не вельмі цяжка было, а калі прыйшоў дамоў, дык уся сарочка была мокрая ад поту, хоць выкручвай. Вядома, гэта не бяда. Але ж сарочка ў мяне адна, пакуль яна высахла, дык сядзеў у штабе голы па пояс. А тут яшчэ якраз, як на злосць, прыйшла сувязная, сімпатычная паненка Юля. Давялося затуліцца світаю, каб не бянтэжыць дзяўчыну.
Читать дальше