– А як жа праца, кватэра, пані Магда?
– Пан Руткоўскі ведае пра тое, што ты будзеш адсутнічаць, колькі спатрэбіцца. Пані Магдзе можаш сказаць, што паедзеш у камандзіроўку.
Тадзік сабраўся за пяць хвілін, згрузіў у заплечнік самы каштоўны хлапечы скарб, які ў яго завёўся на той час, таропка развітаўся з пані Магдай, чым, здаецца, трохі пакрыўдзіў яе. Хлопцы рушылі на ўскраіну Брэста, спыніліся ў невялікай хаце, дзе ў пакоі было чалавек шэсць маладых мужчын у польскіх вайсковых мундзірах без знакаў адрознення і сіваваты гаспадар у цывільным адзенні. Людзі вячэралі, елі бульбу з салам і цыбуляю, запрасілі да стала і новых ваяроў. Рамуальд, які па ўсім было відаць загодзь пазнаёміўся з усімі, прадставіў Тадзіка:
– Панове, знаёмцеся, гэта Тадэвуш, а правільней сказаць Базан-Валошка. Ты, Тадзік, пазнаёмішся з усімі паступова ў паходзе, часу будзе дастаткова.
– Чаму ж? – запярэчыў паручнік, мусіць, ён быў тут галоўны. – Можна пазнаёміцца, другая справа, што жаўнер усе імёны адразу не запомніць.
– Пра гэта я і кажу, – паспяшаў апраўдацца Рамуальд.
– Сядайце, калі ласка, да стала, – прапанаваў гаспадар і паставіў перад новымі гасцямі па талерцы, паклаў відэльцы.
Мужчыны елі спраўна, без размоў. Бульба, якая стаяла на стале ў вялікай макітры, хутка скончылася, усе ўсталі з-за стала. Паручнік сказаў:
– Дзякуй гаспадарам за вячэру, нам пара.
– Няма за што, – ветліва адказаў гаспадар і таксама пачаў збірацца. – Я выведу вас трохі за горад агародамі, а далей ужо самі знойдзеце дарогу.
Тадзік падняў свой заплечнік і здзівіўся, што ён раптам зрабіўся вельмі цяжкі.
– Мне цэглу сюды паклалі, ці што? – разгублена спытаў ён.
– Узрыўчатку паклалі, трэба ж некаму яе несці. У нас таксама заплечнікі цяжкія, а ты ідзеш пустапарожні, – адказаў Рамуальд.
– Калі ласка, я не супраць. Проста падумаў, мо пажартаваў хто.
– У нас такая дурнота забаронена. Ну, пайшлі, – загадаў паручнік.
Яны рушылі ціха, без размоў, адзін за адным. Тадзік нават не заўважыў, калі знік гаспадар. Хутка пачаўся лес, а яны ўсё ішлі і ішлі, пакуль не пачало развідняць. На маляўнічай лясной паляне паручнік скамандаваў:
– Прывал. Сарока, Жук, Космач – на варту. Праз дзве гадзіны вас заменяць.
Усе, хто дзе стаяў, паселі на траву, з палёгкаю пазіраючы адзін на аднаго. Паскідалі заплечнікі, пачалі даставаць харчы і раскладаць у адну купу, робячы імправізаваны стол. Потым адкрывалі бляшанкі з кансервамі, з апетытам елі і зноў без лішніх размоў. Тадзік трымаўся побач з Рамуальдам, як заведзены рабіў тое, што і хаўруснік. Пасля сняданку хутка сабралі парэшткі, так што і слядоў не засталося, і палеглі покатам спаць. Тадзік таксама лёгка і хутка заснуў, удыхаючы прыемны пах маладой травы. Адчуваў сябе малою часткаю нейкага дзіўнага механізма, ад якога патрабавалася толькі дакладна выконваць каманды. Разумеў, што яго ўзялі толькі ў якасці насільшчыка, аднак і такі давер цешыў самалюбства юнага змагара.
Марш расцягнуўся на два дні. Адпачывалі па чатыры гадзіны і хутка рухаліся зноў, быццам баяліся спазніцца. Ногі і спіна балелі, але, здаецца, ніхто не прыслуховаўся да свайго стану, усе былі апантаныя заданнем, якое ім належала выканаць. Хоць Тадзік нават не ўяўляў, што яму давядзецца рабіць, але быў у прыўзнятым настроі. У грудзях нешта трымцела напятай стрункай, быццам ён ішоў на жаданае спатканне. Спачатку ён не разумеў, як гэтыя людзі так упэўнена могуць рухацца па невядомай мясцовасці праз лес не толькі ўдзень, але і ўначы, а пасля здагадаўся: рухаліся ўдоўж чыгункі, таму што час ад часу чуўся здалёку гул цягнікоў. А яшчэ адна рэч вельмі бянтэжыла хлопца, што яму так і не далі ніякае зброі, толькі нагрузілі узрыўчаткай ягоны заплечнік. Раптам давядзецца ўступіць у бой, а ён не толькі не мае чым адбіцца, але і страляць не ўмее, але гнаў ад сябе трывожныя думкі, рады быў і таму, што далучыўся да сапраўдных змагароў.
На світанку наблізіліся да чыгункі, падняліся па высокім насыпе і адразу прыступілі да працы. Тадзік і Рамуальд засталіся на варце, назіралі, як іхнія паплечнікі спрактыкавана закладвалі ўзрыўчатку, а потым разам чакалі эшалон. Час цягнуўся марудна, здавалася, што менавіта ў гэты дзень рух на чыгунцы спыніўся. Нарэшце здалёку пачуўся гул цягніка. Сэрцы падрыўнікоў закалаціліся ў чаканні выніку зробленай справы. Эшалон набліжаўся, зямля ўздрыгвала пад цяжкімі коламі. Над закладзенай мінай праехаў паравоз. На тварах хлопцаў з’явілася недаўменне: "Няўжо не спрацуе?!" І ў гэты момант выбухнуў узрыў, падняўшы ў паветра слуп агню і дыму. Гарачая паветраная хваля абдала твары падрыўнікоў, застукалі па спінах камякі зямлі. Паравоз сышоў з рэек і пацягнуў за сабой вагоны, яны са страшэнным грукатам грувасціліся адзін на адным, бязладна пераварочваліся, падаючы ўніз.
Читать дальше