– Дзякую, пан Руткоўскі, за ўсё.
Гаспадар развітаўся і выйшаў. Тадзік застаўся адзін. Доўга разглядваў пісталет, цешыўся, гладзіў яго, прымерваўся, як будзе страляць і ціха радаваўся: нарэшце займеў зброю, шкада толькі, што абойма пакуль была пустая, але нічога, хлопцы падзеляцца патронамі. Пасля схаваў каштоўны падарунак пад падушку, а сам ляжаў нерухома, сачыў, як у пакой напаўзае паўзмрок, думаў пра тых хлопцаў, якія палеглі ў сутычцы з немцамі, а найбольш яскрава стаяў у ягоных вачах паручнік, які падаў і падаў з раскінутымі рукамі проста на парозе, а Тадзікава сэрца шчымела ад болю і жалю.
21
Франц Руткоўскі быў перакананы, што барацьба, распачатая "Вахляжам", дасць добрыя вынікі. Сам таксама рабіў усё належнае, на што быў здатны як сапраўдны грамадзянін Польшчы. Сядзеў у службовым кабінеце, зацягваючыся цыгарэтаю, абдумваў план далейшых дзеянняў. Яшчэ ў маі па падказцы Тадзіка Сапранецкага ён пазнаёміўся з італьянцам, капралам Тоні Бачародэ, які служыў пры ваеннай камендатуры Брэсцкага чыгуначнага вакзала, лічыўся даволі вялікім начальнікам, намеснікам каменданта чыгуначнага вузла, праз які накіроўваліся на Усходні фронт не толькі нямецкія, але і італьянскія вайскоўцы. У камендатуры спатрэбіўся прадстаўнік італьянскай вайсковай улады, таму капрал і апынуўся ў Брэсце. Руткоўскі займеў знаёства з Тоні па службовых справах, а потым у іх склаліся даверлівыя сяброўскія стасункі. Неяк за куфлем піва Франц Руткоўскі даведаўся ад італьянца, што ў таго дома засталася вялікая сям’я, якую трэба падтрымліваць грашыма, а іх увесь час не хапае. Да таго ж Тоні ўпотай ненавідзіць свайго непасрэднага начальніка, які з пагардай ставіцца да ўсіх італьянцаў як да людзей ніжэйшай расы. Наогул, капрал не быў прыхільнікам фашызму і неасцярожна сказаў пра гэта неяк на добрым падпітку Руткоўскаму, што выклікала ў апошняга давер. Франц прапанаваў новаму прыяцелю супрацоўніцтва за плату і той згадзіўся даваць час ад часу сакрэтныя звесткі, якія будуць трапляць яму ў рукі.
Цяпер пану Руткоўскаму патрэбны былі грошы не толькі на падтрымку патрызанаў "Вахляжа", але і добра аплочваць паслугі Тоні Бачародэ. Сувязная, якая везла валюту з Варшавы, правалілася, таму на дапамогу зверху ў бліжэйшы час разлічваць не даводзілася. Франц прыклікаў сваіх памочнікаў – Рамуальда, Люцыяна і Зянона, каб абмеркаваць гэтую праблему і разам пашукаць выйсця.
Хлопцы з’явіліся па-вайсковаму дакладна. Увайшлі ў кабінет, без асаблівых цырымоній паселі ў крэслы, чакалі, што скажа шэф.
– У нас склалася цяжкая сітуацыя з фінансамі. Грошай катастрафічна не хапае. Якія ў каго будуць прапановы?
– Можна паспрабаваць абрабаваць банк, – прапанаваў Рамуальд.
– У выніку будзе шмат ахвяр, ды і наўрад ці ўдасца вынесці і схаваць тыя грошы, – адпрэчыў прапанову Руткоўскі.
– Можна ўзяць выручку ў канцы дня ў нямецкай краме. Сума там будзе малая, але ж на першы час хопіць, – прапанаваў Зянон.
– Тыя грошы не вартыя нашых ахвяр, – заўважыў Франц.
Люцыян, які да гэтага маўчаў, сказаў няўпэнена:
– Мо паспрабаваць абабраць майго шэфа?
– Асабісты шафёр надляснічага вынес вельмі цікавую прапанову! Ты ж без працы застанешся!
– Калі разумна зрабіць, дык усё абыдзецца. Заўтра мы будзем везці грошы для лясніцтва па шашы Брэст – Высокае. Пяцьдзясят тысяч вас задаволіць?
– Выдатная ідэя! – узрадавана ўскрыкнуў Рамуальд.
– Такі варыянт, здаецца мне вельмі прыдатным, – ухваліў задуму пан Руткоўскі, рассцілаючы на стале карту. – Дзе найлепш учыніць засаду? – спытаў ён у Люцыяна.
Хлопец ткнуў пальцам у карту:
– Тут.
– Зробім так, падкінем на дарогу шыпы, спынім машыну, а далей усё проста, – сказаў Рамуальд. – Дэталі абмяркуем яшчэ раз перад аперацыяй.
– Добра хлопцы, якая дапамога вам патрэбна? – спытаў Франц.
– Патронаў мала, – сказаў Рамуальд.
– Будуць патроны. Генік прынясе табе іх сёння яшчэ да каменданцкага часу.
– Сустракаемся праз дзве гадзіны ў мяне на кватэры, каб абмеркаваць дэталі, – прапанаваў Рамуальд паплечнікам.
– Ну, з Богам. Жадаю ўдачы! Чакаю вас з перамогаю і добрым здабыткам, – сказаў гаспадар кабінета.
Хлопцы падняліся, развіталіся і па адным падаліся з гебітскамісарыята. Пан Руткоўскі прайшоўся па кабінеце, наблізіўся да акна, прасачыў, як ягоныя памочнікі выйшлі з будынка і разышліся ў розныя бакі без лішніх размоў, падумаў: "Малайцы, паводзяць сябе, як належыць падпольшчыкам. Не выхваляюцца, не выяўляюць пустога геройства, а сціпла робяць сваю справу". Вярнуўся зноў да стала, узяўся праглядаць паперы. Што і казаць, любяць немцы пісаць загады. Цыркуляры прыходзілі штодня, толькі паспявай з імі знаёміцца ды выконваць. Вайна – пані пражорлівая, ёй трэба жаўнеры, грошы, зброя, рабы, здатныя забяспечваць працу заводаў, фабрык і сельскай гаспадаркі, якія цяпер працавалі толькі на германскае войска: апраналі, абувалі, узбройвалі і кармілі. На Германію мусілі працаваць таксама людзі на акупаваных тэрыторыях. А немцы няшчадна рабавалі ўсіх. Асаблівую ўвагу накіроўвалі яны на габрэяў, сярод якія былі людзі багатыя. Усё габрэйскае насельніцтва сагналі ў гета, наклалі на іх кантрыбуцыю, і ўжо сабралі добры набытак. Не грэбуюць нават залатымі каронкамі і зубамі. Пан Руткоўскі таксама не драмаў у шапку, а назапашваў пэўныя каштоўнасці, каб пры магчымасці адправіць іх у Варшаву на адраджэнне Польшчы. Для гэтага адчыніў камісійную краму, куды насельніцтва, якое цяжка выжывала без сродкаў да існавання, зносіла свае самыя дарагія рэчы: творы мастацтва, біжутэрыю, золата, старажытную зброю і нават адзенне, што дасталося ад прадзедаў і ляжала ў сундуках стагоддзямі. Ён вельмі рызыкаваў, распачынаючы гэты бізнес на падстаўную асобу, не толькі пасадаю, але ўласным жыццём. Але спадзяваўся, што Бог заступіцца за яго, бо стараецца ён не дзеля сябе, а дзеля любай Айчыны. Яму вельмі хацелася дажыць да канца вайны, калі ён спадзяваўся сустрэцца з жонкаю і дзецьмі. Як яны вырастуць? Не пазнаць будзе! Ды і яны наўрад ці пазнаюць яго. Вунь ужо аблысеў, пастарэў, не тое жыццё, каб радавацца і маладзець. Успомніўся яму і малодшы брат, з якім не бачыўся з 1939 года. Перад пачаткам вайны Каэтан служыў у войску. Што з ім было далей, невядома, мо трапіў у палон, мо загінуў, але найбольш хацелася, каб брат выратаваўся і, магчыма, пасля вайны ўся сям’я сабралася б нарэшце разам.
Читать дальше