– Добра, ідзі. Я ўмыюся і прыйду.
Вера ўздыхнула, павярнулася і пайшла, толькі ціха грукнулі дзверы. Тадзік падняўся з пасцелі, наблізіўся да люстэрка, агледзеў твар, пакратаў пальцамі падбародак, акрыты цёмным пушком і падумаў, што трэба недзе раздабыць брытву і пара пачынаць галіцца, бо хутка барада вырасце. Усміхнуўся сам сабе з гэтае думкі, умыўся пад рукамыйнікам, які вісеў на сцяне. Вада звонка зацурчэла ў медны таз, падстаўлены пад рукамыйнік. Выцерся ручніком, прычасаўся і застаўся задаволены сваім знешнім выглядам. З люстэрка пазіраў на яго светлавалосы, сінявокі хлопец, даволі прыемны, з тонкім прамым носам. Яму здалося, што ён усё больш рабіцца падобны да бацькі. Яго згадаў Тадзік і з сумам падумаў: "Калі ж настане той час, каб здолелі мы сабрацца ўсе разам на Каляды, як раней? Як там мама адна жыве?" Адказу на гэтыя пытанні не знайшоў, але супакоіў сябе тым, што ўсё мае канец, некалі скончыцца вайна і ўсё будзе яшчэ лепш, чым было.
Пасля сняданку Тадзік пайшоў у кабінет пана Руткоўскага. Гаспадар сядзеў за сталом, перабіраў газеты. У пакоі было накурана, быццам тут паліла добрая кампанія.
– Заходзь, Тадзік, смялей. Я чакаю цябе, – сказаў пан Руткоўскі, устаў з-за стала, перасеў на канапу. – Мо кавы хочаш?
– Дзякую, я добра паснедаў, – адказаў хлопец.
– Дык і добра. Як табе жывецца тут?
– Вы ж ведаеце, у гасцях добра, а дома лепш.
– Дамоў хочацца, да маці?
– Я хочу біць ворагаў, а замест гэтага ўсю восень малаціў снапы на таку, каб карміць іх. Дальбог, іншы раз хацелася ў зерне якой атруты падсыпаць!
Пан Руткоўскі засмяяўся і адказаў:
– Бачу ў тваёй асобе сапраўднага польскага патрыёта, гэта мяне радуе. Набліжаецца час адкрытай барацьбы з захопнікамі. Мы збіраем сілу і зброю. Патрывай яшчэ трохі. А калі табе набрыдла малаціць снапы, дык я прапаную табе службу ў Брэсце. Ці пойдзеш працаваць у гебітскамісарыят кур’ерам?
– Служыць немцам?
– Служыць будзеш Польшчы. Вывучай горад, заўважай, дзе збіраюцца немцы гуртам па вечарах ці ўдзень, сачы, запамінай, дзе можна непрыкметна праслізнуць міма вартавых, як уцячы ад пагоні, дзе можна падкласці міну, каб узарваць якое асінае гняздо. Я буду пасылаць цябе ў розныя ўстановы, а ты будзеш маім вачамі.
– Ці згодны ты на такую службу?
– Згодны на ўсё, каб толькі хутчэй вольнаю стала Польшча, каб зноў здолела сабрацца разам мая сям’я!
Пан Руткоўскі запаліў цыгарэту, выпусціў пухнатае воблачка дыму і злавіў сябе на думцы, што ён марыць пра тое ж самае, як і гэты юнак, але ці дадзена здзейсніцца гэтым марам? Ды не варта абцяжарваць душу сумненнямі, а рабіць усё, каб хутчэй настала вызваленне. Цяжка ўявіць, як выжывае яго Анеля з дзецьмі ў той страшнай Сібіры, без ніякіх сродкаў да існавання, без дактароў і лекаў. Усё ў руках Бога, калі ён паспрыяе, дык мо і сустрэнемся калі-небудзь…
– Добра, Тадзік, – сказаў пан Руткоўскі і адчуў, як прыемна яму прамаўляць гэтае імя, быццам на ягоны голас зараз прыбяжыць у пакой ягоны ўласны сын, – рыхтуйся, збірай, як маеш, якія рэчы. А пасля свята паедзем у Брэст. Падбяру табе добрую кватэру недалёка ад гебітскамісарыята. Гаспадыня будзе нешта гатаваць і на тваю долю, а ты будзеш плаціць ёй за гэта, бо мецьмеш магчымасць атрымліваць заробак і харчы па картках.
– Дзякую, пан Руткоўскі. Я пастараюся быць уважлівым кур’ерам.
– І яшчэ такое папярэджанне: я патроху буду знаёміць цябе з рознымі людзьмі, але калі раптам цябе схопіць гестапа, ні пра што не расказвай, нікога не пазнавай. Ты павінен зразумець, што з-за аднаго доўгага языка могуць загінуць сапраўдныя змагары, а іх шмат. Польшча падымаецца з каленяў. Пройдзе яшчэ трохі часу, і яна паўстане на поўны рост са зброяю ў руках, каб знішчаць ворагаў.
– Я разумею, пан Руткоўскі, што ад мяне патрабуецца, і пастараюся ўсё рабіць, як належыць, – узрадавана адказаў Тадзік. – Дазвольце ісці.
– Ідзі, – з усмешкаю ўзмахнуў рукою пан Руткоўскі і зноў злавіў сябе на адчуванні, што гэты юнак яму вельмі сімпатычны.
Тадзік выйшаў з пакоя радасны і ўзнёслы. Вочы ягоныя гарэлі прагаю дзейнасці. Адчуваў, што нарэшце толькі зараз пачынаецца яго сапраўднае змаганне. Калі пан Руткоўскі сабраўся ўзяць яго сваім памочнікам на працы, дык мо ў хуткім часе даверыць якую сапраўдную справу. Нездарма ж ён сказаў, што набліжаецца пара жорсткай барацьбы з захопнікамі. Хлопец выйшаў на ганак, удыхнуў марознае паветра на поўныя грудзі, агледзеў пусты двор, заінелы сад, і задаволена падумаў, што нарэшце ён пакіне гэты сонны куток.
Читать дальше