Цэлы дзень казакі правяралі вупраж, пакавалі вазы і заплечнікі, чысцілі зброю, каб на світанку выбрацца ў дарогу. Апоўначы нечакана пачалася страляніна. Ніхто не ведаў, што здарылася, усіх апанаваў страх. Пасля пранеслася чутка, што табар акружаны чырвонымі. Казакі пакідалі рэчы, беглі ў цемру і натыкаліся на сляпы агонь аўтаматаў. Неабстраляная моладзь мітусілася ў лагеры, не ведаючы ў які бок кінуцца, дзе шукаць камандзіраў-роевых, траплялі пад перакрыжаваны абстрэл і падалі, не маючы надзеі выбрацца з пасткі.
Сяргей Клімчук апошнім бачыў у паўзмроку, як атаман Камар прыпаў да зямлі, ці збіраўся адстрэльвацца, ці быў паранены – невядома. Гэта не мела значэння, таму што цяпер кожны імкнуўся выжыць любой цаной, трэба было прарывацца з акружэння. Пра тое, каб выносіць параненых і забітых, ні ў кога не ўзнікала думкі, бо вынік загодзь быў кожнаму вядомы: або цябе заб’юць зараз, або расстраляюць трохі пазней, яшчэ напакутуешся ў чаканні заўчаснай смерці. Паміраць ніхто не хацеў, а тым больш здавацца ў палон. Не мела сэнсу разлічваць на міласэрнасць чырвоных. Зрэшты, пра міласэрнасць і казакі не дбалі. Ваюючы за незалежнасць Украіны, яны лічылі вартымі ўсялякія сродкі для знішчэння ворагаў, толькі з тою розніцаю, што некаторыя з іх, надзеленыя паталагічнымі адхіленнямі ў псіхіцы, перад знішчэннем ахвяры жадалі паздзеквацца з яе рознымі вычварнымі спосабамі.
Наперарэз Сяргею выскачыў маларослы чырвонаармеец, мусіць, жадаючы ўзяць казака жывым, накінуўся, пачаў круціць рукі. Сяргей разгарнуўся, як сціснутая спружына, і адкінуў ворага ад сябе, тут жа секануў з аўтамата. Салдат тузануўся ўсім целам і аціх, а Сяргей асцярожна, па-звярынаму прыслухоўваючыся і прынюхваючыся, рушыў далей ад табара. У страшэнным напружанні прайшоў з кіламетр ці болей, а калі не заўважыў за сабою пагоні, зразумеў, што выйшаў з ачаплення і тады пабег, не разбіраючы дарогі, не звяртаючы ўвагі на пісягі і драпіны, якія пакідалі на твары і руках галіны дрэў. Пот струменіўся па твары і па спіне, сэрца ледзь не вылятала з грудзей, дыханне было сіплае, здавалася, што і лёгкія зараз не вытрымаюць і разарвуцца. Ён спыніў бег толькі пасля таго, як пад нагамі зачвякала вада, зразумеў: убіўся ў балота. Памятаючы свой першы бой, калі ён прайшоў кругам па лесе і вярнуўся на тое самае месца, спыніўся, агледзеўся, зірнуў на сонца, якое паднялося ўжо даволі высока, мусіць, было ўжо каля гадзін дзесяці раніцы. Адчуў, што вельмі хоча піць. Адчапіў біклажку, якая вісела на поясе, доўга піў, ледзь усю не апаражніў, пасля спахапіўся, што трэба трохі пакінуць на пасля. На купінах заўважыў буякі, зрываў блакітныя вадзяністыя ягады і прагна еў, пакуль не здаволіўся.
Нарэшце сарыентаваўся па сонцы, абышоў паўкругам лясное балота, і рушыў на паўночны захад, дзе ў бульбоўцаў была прамежкавая база, там яны збіраліся спыніцца на начлег. "За дзень меркавалі прайсці кіламетраў сорак, а тут давялося прабегчы паўдарогі, як марафонцу, – са злосцю падумаў Сяргей. – Гары яно ўсё гарам, калі нікога з нашых не сустрэну, пайду дамоў, годзе ўжо ацірацца па лясах. Урэшце, мусіць, усё тым яно і скончыцца, што пераловяць нас, як зайцоў, пераб’юць, нават магіл не застанецца ад нас, як ад тых хлопцаў, што палеглі сёння ў лесе. Хто іх пахавае, хто аплача і адпяе? Хіба толькі звяры! Не, я яшчэ пажыву, патрымаюся на гэтым свеце. Не ведаю, дзе тая куля, што спыніць маё жыццё, але адчуваю, што ёсць у мяне яшчэ час. Вось у Ціта жыццё было на зыходзе. Ён апошнім часам выглядаў стомленым, казаў, што ў ягоным узросце мужчыны ўжо ўнукаў няньчаць, я ён ніяк дзяцей не завядзе і ўсміхаўся вінавата, быццам прасіў прабачэння ці ў Бога, ці ў долі. Мабыць, там яго забіла. Трэба было спыніцца, паглядзець, што ды як, а я не здолеў, гнаны страхам. Ногі самі беглі, галавы не слухаліся. Шкада Ціта, усіх шкада… Чаму такое жыццё выпала маёй сям’і, навошта было нараджацца майму брату, калі ягонае жыццё абарвалася маладым. Ды хіба толькі ў нас? Вунь, колькі казакоў пагінула за той час, пакуль ваюем у лесе. Хто вядзе ўлік стратам? Найбольш яскрава засталіся ў маёй памяці Сцяпан, якога выносіў з першага бою, ды хахол Грыня з ягонай вясёлай песняй пра Катэрыну". Сяргей ад самоты замурлакаў песню:
Катерина відчини-но,
Катерина встань-но,
Дай мні їсти, дай мні пити,
Ото буде файно.
Катерина відчинила,
Катерина встала,
Дала їсти, дала пити,
Ще й поцілувала.
Заўважыў сунічную палянку, стаў на калені ласаваўся ягадамі, набіраючы ў жменю, высыпаў у рот, адчуваючы салодкі прысмак на вуснах, падумаў: "Як добра аднаму, калі ніхто цябе нікуды не гоніць, не страляе, не ловіць, не помсціць! Як добра самому нічога не хацець, нікуды не ўцякаць, а пасяліцца вось так у лесе, распрацаваць ляда, вырошчваць жыта, бульбу, грэчку, проса, ячмень, авёс для коніка, які зараз пасецца недзе на лужку, накасіць сена для кароўкі. І жыць, жыць, радавацца сонцу, дожджыку, ветрыку, гоману птушак, пошуму дрэў. Як жа я не разумеў раней, што Бог стварыў рай на зямлі, а людзі спаскудзілі ўсё сваёю сквапнасцю, войнамі, зброяю, жорсткасцю, нялюдскасцю. Быццам д’ябал усяліўся ў іхнія душы. Хіба я пакінуў бы родную хату, каб не ворагі? Жыў бы і працаваў да зморы, да мазалёў, да поту. І ніякага лепшага жыцця мне не трэба! Дык не далі, забілі брата, мяне за свет хацелі вывезці. За што нам гэта? За якія грахі? І як цяпер выжыць?.."
Читать дальше