Цэнтр Беластока аказаўся зруйнаваны яшчэ больш. Ад некалі прыгожых камяніц, якія помніў Тадзік, засталіся толькі горы друзу. Немцы павысякалі дрэвы на вуліцах для пабудовы сваіх умацаванняў і бліндажоў, на іх месцы засталіся толькі свежыя пянькі. Гэтае відовішча прыгнятала, рабіла змрочнае ўражанне. Панявечаны горад выглядаў бездапаможным і мёртвым. На ягоных вуліцах можна было ўбачыць толькі рэдкую вайсковую машыну ды нешматлікіх чырвонаармейцаў, фронт імкліва аддаляўся ў бок Варшавы. Адсюль яшчэ было чуваць кананаду. На шчасце, касцёл, дзе была прызначана сустрэча з сувязным, ацалеў. Тадзік накіраваўся да яго, падняўся па высокіх прыступках у храм, убачыў некалькі жанчын, якія сядзелі на лаўках і моўчкі маліліся. Сувязнога не было. Тадзік таксама сеў на лаву, памаліўся за здароўе бацькоў і за сваю ўдачу, перажагнаўся. Тут было ўтульна і прахалодна, не хацелася нават варушыцца. Хлопец даўгавата пасядзеў з заплюшчанымі вачамі, адпачываў, успамінаў тату і маму, толькі пасля гэтага выйшаў з храма. Ужо за тую гадзіну, пакуль Тадзік быў у касцёле, сітуацыя ў горадзе змянілася, ён быццам ажыў, з’явіліся жыхары на вуліцах, хлапчукі бегалі па руінах, нейкі стары ў рызманах капаўся ў друзе. Тадзіку давялося вяртацца да Руткоўскага ні з чым. Пасля ён яшчэ тройчы наведваў касцёл, але ўсё было безвынікова.
Прамінуў месяц з гакам, а сувязны брыгады не з’яўляўся. Ад нявызначанасці становішча маёр Руткоўскі выглядаў раздражнёным, а злосць зрываў на ад’ютанце. Іншы раз садзіўся за руль машыны, ехаў з Тадзікам па вёсках агітаваць моладзь уступаць у Армію Краёву. Аднойчы іх спыніў чырвонаармейскі патруль з пытаннем:
– Хто такія, куды едзеце?
– Я забеспячэнец, гэта мой падначалены, – адказаў Руткоўскі. – Ездзім і дамаўляемся на пастаўку харчоў для дзіцячага прытулка.
– Чаму машына з нямецкімі нумарамі?
– Трафейная.
– Дакументы.
Руткоўскі дастаў нейкія паперы. Тадзік сцяўся ў прадчуванні небяспекі, гатовы кінуцца бегчы ва ўсялякі зручны момант.
– Чырвонаармеец пагартаў паперы на польскай мове, здаецца, нічога не зразумеў і прапусціў падарожнікаў.
Руткоўскі завёў машыну і паімчаў па калдобістай дарозе, нібы апантаны, праклінаючы захопнікаў:
– З’явіліся новыя гаспадары! Пакажы ім дакументы! Хоць бы якую мову вывучылі! Псякрэў! Ліха вашай матары!
– Пан маёр, не спяшайцеся, нас ніхто не даганяе, – паспрабаваў астудзіць яго Тадзік.
– Мы даганяем час, які цячэ, быццам вада праз пальцы, – злосна адказаў камандзір. – Курыць хачу, а нічога не маю. Можа ў цябе што завалялася?
Тадзік у адказ адмоўна хітнуў галавою. Руткоўскі нездаволеным позіркам змераў ад’ютанта, павярнуў машыну да лесу, прапанаваў:
– Давай пажуём трохі, мо адпусціць.
Яны выйшлі з машыны, развязалі торбачку, у якую Ванда клапатліва паклала некалькі лустаў хлеба, сала, гуркоў і памідораў. Размясцілі ежу на капоце машыны і пачалі сілкавацца. Маёр еў з апетытам, але быццам прыслухоўваўся ўвесь час да сябе, да нейкага прыхаванага жадання. Урэшце адкінуў агрызак гурка і злосна сказаў:
– Прыбяры.
– Няўжо жаданне пакурыць большае за голад? – насмешліва спытаў Тадзік.
– Калі наеўся, дык курыць хочацца ўтрая больш.
– Ды кіньце вы гэтую дрэнную звычку. Вы ж баявы афіцэр, прыклад жаўнерам! – засмяяўся ад’ютант.
– Замоўкні, жаба! – крыкнуў Руткоўскі і схапіў юнака за горла. – Прыдушу паскуду!
Тадзіку перахапіла дыханне, ён бездапаможна захрыпеў, замахаў рукамі, твар зрабіўся чырвоны, а вочы быццам выйшлі з арбіт. Руткоўскі схамянуўся, кінуў хлопца на зямлю, адышоў у бок.
Тадзік падняўся, паціраючы шыю, вінавата спытаў:
– За што?
– За доўгі язык… Сядай, паедзем…
– Мо я лепш пайду пешкі?
– Не пярэч мне, бо заб’ю, – адказаў Руткоўскі і ляснуў дзвярамі машыны.
Тадзік паслухмяна залез у салон, зашыўся на задняе сядзенне і маўчаў увесь шлях, ніяк не мог утаймаваць крыўду, пакуль яны ехалі на хутар да Ванды. Ён думаў, што трэба было б наведаць маму, але ж пачнуцца слёзы, дакоры, просьбы. А што ён, паслухмяны сын, можа ёй паабяцаць? Адмовіць маці не здатны і саступіць з абранага шляху таксама ўжо не здолее. Нават, бываючы ў Беластоку, не адважыўся зайсці да цёткі, не жадаючы парушаць канспірацыю, а яшчэ больш не жадаў зноў жа тых папрокаў і дакораў ад мамінай сястры. Няхай усё будзе пакуль так, як ёсць, час пакажа, як быць далей, хоць маму шкада. Як там яна сама спраўляецца з гаспадаркаю на працягу столькіх гадоў?.. Чырвоныя прыйшлі, мо і тата вернецца. Чым ён вінаваты? За што забралі? Каб сабрацца нам усім разам!
Читать дальше