Ванда сустрэла гасцей, апранутая ва ўсё чорнае. Тадзік паглядзеў на яе і міжвольна падумаў, што ў гэтым жалобным уборы яна выглядае яшчэ больш прывабнай.
– Што здарылася? – спытаў Руткоўскі.
– Да мяне прыходзіў сувязны з Беластока, прынёс горкую вестку: мой Нарцыз загінуў у Варшаве. Ад сёння я – удава, а мой Алічак – сірата. Я рыхтавала сябе да гэтага, здагадвалася, што гэта можа здарыцца, але балюча ад думкі, што ніколі не здолею наведаць з сынам ягоную магілу. Спаленая Варшава будзе яму помнікам.
– Прыміце нашы спачуванні, пані Ванда, – сказаў маёр, схіліў у пашане галаву, пацалаваў жанчыне руку.
– Заходзьце, госці, памянём майго палеглага мужа, няхай зямля яму будзе пухам.
Хлопцы ўмыліся на вуліцы пад рукамыйнікам, прычэпленым да плота. Увайшлі ў вялікі пакой, дзе іх чакаў накрыты стол. Па даўняй традыцыі стаяла тут у вялікай талерцы куцця, пляшка віна, салаты і закускі.
– Добра, што хоць вы ёсць, а так бы давялося памінаць мне мужа толькі з Алікам.
– А што суседзі.. – спытаў Руткоўскі.
– Неяк я не сабралася з імі пазнаёміцца. Наогул, людзі цяпер закрытыя для свету. Вайна робіць усіх недаверлівымі і асцярожнымі. Сядайце, калі ласка, за стол.
Тадзік усё ўзіраўся ў Вандзін твар, бледны, строгі, на якім яшчэ больш яскрава абазначылі дасканалыя рысы і разумеў, што гэта не нейкая выпадковая жанчына, а ягонае першае каханне – Ванда, якую ён нагледзеў і выдзеліў яшчэ падлеткам, і цяпер працягваў кахаць, таемна, пакутна і светла.
Першаю чаркаю памянулі нябожчыка. Ванда хваліла мужа, казала, што быў ён разумны і прыгожы, варты яе кахання, але лёс назаўсёды разлучыў іх, таму цяпер яна мае намер дажыць век удавою, каб выгадаваць Аліка, даць яму адукацыю, дачакацца ўнукаў. Гэта і будзе яе найвялікшае шчасце. Тадзік прачытаў па твары Руткоўскага, што ён не верыць маладой удаве, але і не пярэчыць. Гора толькі-толькі абрушылася на жанчыну, яна яшчэ не здатная пераасэнсаваць сваё становішча.
– Кажуць, час лечыць, – сказаў маёр.
– Час, у які нам выпала жыць, калечыць, знішчае, забірае лепшых людзей, – з абурэннем сказала Ванда. – Кажуць, у Варшаве – страшэннае пекла. А нашы мужчыны гінуць, не маючы магчымасці атрымаць медыцынскую дапамогу. Для чаго, каму была патрэбная гэтая бойня?
Па яе інтанацыі Тадзік зразумеў, што мужа яна забудзе не хутка. Але гэта не мела ніякага значэння, таму што цяпер яна была вольная жанчына, і ніхто не мог яму забараніць яе кахаць.
– Я павінна вас папярэдзіць, што мушу хутка выбрацца адсюль. Гэты хутар у спадчыну дастаўся старэйшай мужавай сятры, якая жыве ў Беластоку. Яна дазволіла нам тут пажыць. Але цяпер, калі яе брат загінуў, я мушу ёй падзякаваць і шукаць іншае месца.
– І куды цяпер? – насцярожана спытаў Тадзік.
– Думаю, у Лазнякі, там на Жыгімонтавым хутары жыве мой састарэлы дзядзька, тры сыны якога загінулі на вайне, а жонка памерла ад гора. Ён клікаў мяне да сябе. Наогул, мне вельмі пашанцавала, што вы гасцюеце ў мяне. Гэта ж я і начаваць сама баялася б…
– Не бядуйце, пані Ванда, мы вас у крыўду не дамо, – запэўніў яе Руткоўскі. – Вы адпачывайце, а мы самі з Тадзікам памыем посуд.
Ванда ўдзячна і стомлена зірнула на гасцей і пайшла ў пакой да сына. Чорны шалік споўз з яе залацістых валасоў, быццам падкрэсліваючы часовасць тугі і болю.
Толькі ў канцы верасня нарэшце ў чырвоным касцёле Тадзік сустрэўся з сувязным, маленькім і непрыкметным Гілем, імя якога нават не ведаў, але пазнаў адразу. Яны выйшлі з касцёла.
– Як дабраліся? – спытаў Тадзік.
– Доўга расказваць. Але, дзякаваць Богу, выпаўзлі з таго пекла.
– Дзе цяпер?
-- У Аўгустоўскай пушчы, там добра, – адказаў Гіль.
– Пайшлі да маёра.
– Ды ты на ровары? Дзе ўзяў?
– На хутары, дзе часова кватаруем.
Сапраўды, Ванда дала ў карыстанне Тадзіку ровар, шкадуючы хлопца, што ён ужо колькі тыдняў запар ходзіць пешкі ў Беласток.
– Пашанцавала табе, – не без зайздрасці сказаў Гіль. – А мы такую адлегласць пераадолелі пешкі, што страшна ўспомніць.
– Я буду памалу ехаць, а ты шыбуй за мной. За горадам павязу цябе на багажніку, або на раме, выбераш сам.
– Дамовіліся, толькі не гані хутка.
– Не хвалюйся, буду бачыць цябе ў люстэрку, – адказаў Тадзік і звыкла асядлаў свайго двухколага каня.
Яму згадалася, як некалі ён з Мішкам і Яськам вучыўся ездзіць на ўласным ровары. Пакуль адзін ехаў, астатнія падтрымлівалі ездака за сядло. Навучыліся хутка. А пасля па чарзе ганяліся па ваколіцах. Мішка стараўся патрымаць у руках ровар, як найдаўжэй, мусіць, імкнуўся атрымаць задавальненне ў запас, не давялося яму ўдосталь пажыць, вечна цяпер будзе ляжаць у зямлі сырой. "Добрыя былі сябры. Чаму былі? Яська недзе і цяпер упраўляецца з гаспадаркаю за сябе і за бацьку. І я пакуль жыву, хаджу, быццам па лязе нажа", – падумаў ён з прытоенаю тугою.
Читать дальше