56
Удод бачыў Гэлю некалі разоў у табары на Воўчых выспах, але звычайна з ёю размаўляў Варнак, распытваў пра становішча ў вёсцы і адпускаў дзяўчыну. З’яўленне сувязной прыкметна ўплывала на казакоў. Кожны з іх падцягваўся, прыхарошваўся, хацеў выглядаць прывабна, лез у вочы, стараўся загаварыць з дзяўчынаю. Тыя лайдакі, што ленаваліся галіцца зранку і хадзілі зарослыя шчэццю, як вожыкі, адчувалі сябе ніякавата і трымаліся на адлегласці. Гэля была даволі сімпатычная, апраналася акуратна, звычайна красавалася ў яркай квяцістай хустцы, трымалася сціпла, у гаворкі асабліва не кідалася, найчасцей адмоўчвалася на няхітрыя казацкія спробы залётаў. Дзяўчат для супрацоўніцтва з украінскімі паўстанцамі падбірала і рыхтавала Аксана, настаўніца з-пад Антопаля, якая праводзіла актыўную агітацыю ў жаночым асяродку. Відавочна, што ў Аксаны быў добры густ і неблагія агітатарскія здольнасці, умела яна знайсці падыход да сялянскіх цнатлівак, каб завабіць іх у падпольную ўкраінскую сетку. Зрэшты, і дзяўчаты мелі сваю рахубу, бо ў вёсцы зусім не засталося мужчын. Тых, што ацалелі ў час вайны, цяпер мабілізавалі ў Чырвоную армію. А ў лесе хаваліся прыгожыя маладыя хлопцы, вартыя кахання, з якімі можна было пабрацца, калі нарэшце сціхне гэтая калатнеча.
Сяргей шыбаваў дзе напрасткі, а дзе і па грэблях. Ведаў тут усе сцежкі з маленства, хадзіў на балота па журавіны і зусім не адчуваў страху ад таго, што мох пад нагамі хадзіў хадуном, можна было ўваліцца ў балотнае акно і назаўсёды застацца там, зацягнутым у багну. Збіраў маліны і ажыны, чарніцы і буякі. У бліжэйшым лесе штовосені была процьма грыбоў. Ён і зараз, як надараецца вольная хвіліна ходзіць па маслякі ды апенькі, а пасля повар частуе казакоў смажанаю бульбаю з грыбамі, і, здаецца, няма на свеце смачнейшае ежы. Хутар, дзе жыла Гэля, быў малы, жылі там, на выспе сярод балота, тры гаспадары. Сяргей не надта хаваўся. Няхай думаюць, што нейкі хлопец заляцаецца да дзяўчыны. Калі прызнацца шчыра, дык Гэля Сяргею падабалася. Гэта ён зразумеў нядаўна, калі з казакамі пабыў на вячорках ды прыгледзеўся да дзяўчат і параўнаў з ёю – стройнаю, зграбнаю і мілаю з твару. А таму нават трохі хваляваўся перад сустрэчаю.
Увайшоў у двор, убачыў хлопчыка-падлетка спытаў:
– Дзе Гэля?
– Каля клуні лён трэ, – адказаў той.
– А ты яе брат, ці што?
– Ага, – адказаў падлетак, насцярожана ўзіраючыся ў твар нечаканага госця.
Гэля сапраўды працавала ля клуні, спрытна закладвала пучкі лёну пад планку церніцы, націскала ручку – на зямлю ляцела шэрая кастра, якая ўжо добра выслала дол. А побач уздымалася ладная купа кудзелі.
– Памагай Бог, – сказаў Сяргей.
– Казаў Бог, каб і ты памог, – усміхнулася дзяўчына.
– Здаровая была, Гэля. Прывітанне табе ад Варнака.
– Добры дзень, – адказала яна, спыніла працу і выцерла рукі аб цёмны фартух. – Варнаку ад мяне таксама занясі прывітанне.
Гэта быў пароль. Сяргей чакаў, узіраўся ў сімпатычны дзявочы твар, а яна азірнулася па баках і сказала:
– Сёння раніцай у Вялікую Багну прыехалі мінёры, будуць нешта тут рабіць, спыніліся ў Панаса.
– Колькі іх?
– Чалавек восем, прынамсі, столькі я налічыла. А яшчэ Герасімчук з хутара Заліванка супрацоўнічаў з партызанамі, а цяпер прыслужвае чырвонапагоннікам.
– Гэля, ты наконт Герасімчука дакладна ведаеш, ці абы накляпаць на чалавека?
– Ведаю…
– Калі я перадам гэта Варнаку, Герасімчука расстраляюць.
– Ну і няхай, ён таго варты. Без чаргі лезе жыта малоць на млыне. Ён, ці бачыце, начальства нейкае, мае права без чаргі.
– Звычайная справа, кожны пад сябе грабе, дык ці ж за гэта трэба забіваць чалавека?
– Вам трэба звесткі, я вам іх даю. А калі не падабаюцца, дык пашукайце сабе іншую сувязную. Ці мо ты не ад Варнака? – прамільгнула ў яе вачах падазроная здагадка.
Твар Гэлі раптам стаў злосны і непрыемны: бровы ссунуліся, вочы па-сабачы аказаліся глыбока пасаджанымі.
– Дзякую за працу, будзь здаровая, – адказаў Сяргей і павярнуўся, каб ісці.
Гэля нешта прабурчала ўслед. Ён не пачуў і нават не азірнуўся, таму што быў заняты думкаю, ці варта казаць Варнаку пра Герасімчука. Але, мусіць, трэба перадаць усё, што паведаміла сувязная, інакш пасля атаман можа і расстраляць за парушэнне дысцыпліны. Апошнім часам Лёня Парахнюк вельмі змяніўся, стаў раздражнёны і злосны, пэўна, стаміўся ад ляснога жыцця. З тыдзень таму, як натыкнуліся на вялікі атрад чырвонаармейцаў і мусілі ўцякаць, Івасюк кінуў кулямёт у балота, ратуючыся ад пагоні. Пасля за тую правіну Варнак сам расстраляў Івасюка на вачах у казакоў. Мусіць, няма большае ганьбы, чым паміраць ад рук сваіх паплечнікаў. Гэтая Гэля нейкая нялюдская, магла б запрасіць у хату ляснога брата ды пакарміць, у яго ж яшчэ макавай расіны ў роце не было ад рання. А ёй няма справы да чужых турбот. Яна свайго суседа заклала і засталася задаволеная, ці бачыш, без чаргі лез жыта малоць! Зрэшты, з гэтымі войнамі ды захопнікамі цяжка ўтрымацца, каб не паддацца на якой паскудства.
Читать дальше