Сяргей вяртаўся на Воўчую выспу, удыхаў прыемнае прахалоднае паветра, азіраў прастору, думаў, што ўжо і птушкі адляцелі, засталіся вароны ды вераб’і, а ўсё роўна прыемна на іх глядзець, хочацца гэткае ж волі: куды захацеў, туды паляцеў. Але няма волі, ёсць толькі мусовая неабходнасць сядзець у лесе і чакаць невядома чаго. Вайна яшчэ доўжыцца, хоць, напэўна, чырвоныя перамогуць. А хто можа ведаць, што будзе пасля? Гэтае пытанне пакутліва даймала большасць казакоў. Ім тлумачылі атаманы, што Амерыка і Англія пасля перамогі пойдуць на Савецкі Саюз і перамогуць яго, тады Украіна атрымае незалежнасць. Ці вытрымаюць людзі яшчэ адну вайну і хто пасля яе выжыве, калі цяпер у вёсках засталіся толькі старыя дзяды, бабы ды дзеці?
Варнак насуплена выслухаў паведамленне Удода, сказаў:
– Ідзі, адпачні з дарогі.
Сяргей найперш падаўся да кухара, які наваліў яму ў міску пустой, ледзь цёплай прасяной кашы.
– Хоць бы засмажыў чым, – упікнуў Удод.
– Нічога не засталося, хлопцы пайшлі па харчы, нешта прынясуць. Вось маленькі кавалачак сала ёсць.
– Сала я люблю, – адказаў Сяргей, дастаючы з-за халявы нож і наразаючы сала на маленькія кавалачкі. – Гэта сапраўдная ежа.
Пасля позняга сняданку ён зморана пацягнуўся ў клуню, зашыўся ў салому і праваліўся ў сон. Пабудзілі яго пад вечар, сказалі, што Варнак збіраецца ісці ў Вялікую Багну. "Пойдзем браць мінёраў, – здагадаўся Сяргей, устаючы і атрэсваючы сена з адзення. – Мусіць, і Герасімчука не міне чорная доля".
У вёску ўвайшлі, калі ўжо добра сцямнела, акружылі Панасаву хату. Два вартавыя чырвонаармейцы насцярожыліся, калі пачулі незразумелы шолах. Адзін крыкнуў:
– Стой, хто ідзе?
Счакаў хвіліну і пальнуў угору з вінтоўкі. Казакі залеглі, пачалі страляць. Звонка дзынкнулі пабітыя шыбы. Хвілін праз пяць на ганак выйшаў чырвонаармеец, мусіць, камандзір і закрычаў, што яны гатовыя здацца і аддаць зброю. Варнак загадаў хлопцам спыніць агонь, падняўся, пайшоў да хаты, сказаў чырвонаармейцу скласці зброю. Каля ганка ляжалі два забітыя вартавыя, цемра хавала ад прысутных іхнія крывавыя раны. Шэсць салдатаў выйшлі ў двор, паклалі вінтоўкі, сталі каля сцяны.
– Хто такія! – спытаў Варнак. – Чаго прыехалі.
– Мы павінны размініраваць мост і дарогу.
– Добра, займайцеся сваёй справай, мы вам замінаць не будзем.
Безумоўна, Варнак спачатку схіляўся да таго, каб пастраляць гэтых баязлівых ваякаў, але згадалася маці, якая ўспрыме гэты акт як забойства невінаватых людзей. А яна павінна ведаць, што яе сын не рабаўнік і злачынец, а чалавек, які змагаецца за вольную Украіну. Хоць апошнім часам ён пачаў блытаць забойства з геройствам і не надта задумваўся, калі забіваў памагатых Саветам, бо меў апраўданне – змагаецца са злом. Зрэшты, вынікам праведзенай аперацыі ён застаўся цалкам задаволены: чырвоныя салдаты застрашаныя, набыта новая зброя. Зараз у атрадзе налічвалася трохі болей за сорак казакоў, а Варнаку трэба набраць сотню ды яшчэ ўзброіць яе. Ён быў перакананы, што навабранцамі папоўніць атрад без цяжкасці, ад позваў на вайну шмат дызерціраў хавалася па лясах, а вось са зброяй былі цяжкасці. Прынамсі, восень ішла на зыход. На зімоўку не варта набіраць шмат людзей, бо цяжка іх пракарміць і ўтрымліваць без справы, куды рэальней пачаць залучаць хлопцаў у свае шэрагі недзе бліжэй да новай вясны. Наогул, ён адчуваў, што пасля гэтай акцыі заўтра ж пачнецца аблава на ягоных казакоў, таму трэба было тэрмінова пакідаць родныя мясціны. Да атамана падышоў Сяргей і папрасіў:
– Дазволь мне дадому заскочыць.
– Дазваляю, але ўсяго на ноч. Заўтра на світанку вяртаемся зноў пад Ратна.
– Дзякую, – адказаў Сяргей і подбегам кінуўся да сваёй хаты.
Вокны цьмяна свяціліся. Ён ускочыў у двор, прыпаў да шыбы, а потым пайшоў у сенцы, намацаў у цемры клямку, убачыў, што маці і брат сядзяць за сталом, вячэраюць. Маці радасна пляснула далонямі:
– Сыночак, Сярожка! – памкнулася да яго, абняла, пацалавала ў лоб, прыпала да пляча і заплакала.
Сынава сэрца напоўнілася пяшчотаю і радасцю. І зараз ён востра адчуў, што не хоча больш ніколі пакідаць сваю хату, не жадае па-воўчы хавацца ў лясах, прагне жыць з роднымі ў вёсцы – гэта для яго найвялікшае шчасце.
57
Варнак вёў казакоў на старую базу каля Ратна, але каб падначаленыя не сумавалі і не галадалі час ад часу заварочваў на дзе-які хутар. Праўда, адчувалася, што настрой у хлопцаў быў не надта вясёлы, яно і зразумела, каму ахвота пакідаць роднае селішча і цягнуцца невядома куды. Калі атаман бачыў, што на іх нападаў одум, загадваў спяваць. Песні падымалі казацкі дух, прымушалі забываць мітрэнгі беспрытульнага ляснога жыцця, тым больш, што наперадзе быў даўгаваты пераход па балотах і лясах у халодны і слотны час, калі нават наваколле не цешыць вочы, бо лістота абляцела, а дрэвы, нібы ў маленні, уздымаюць голле ўгору. З самага ранку выправіцца ў дарогу не ўдалося, бо тры казакі, якіх Варнак паслаў прывесці Герасімчука, вельмі затрымаліся. Казалі, што ён ад іх ледзьве не ўцёк у цемры, давялося лавіць ды страляць. Нават паранілі ў сцягно, таму валаклі, бо сам ісці арыштаваны не мог. Потым атаман даўгавата дапытваў схопленага, але той адмаўляў усе правіны, якія яму выстаўляў Варнак і сцвярджаў, што гэта намовы зласліўцаў, маўляў, ніколі не супрацоўнічаў ні з партызанамі, ні з нкусаўцамі. Ён так упарта даводзіў сваю нявіннасць, што Варнак ледзь не паверыў яму. Але тут узбунтаваліся казакі і пачалі патрабаваць расправы над шкодным нягоднікам, які ім зубы загаворвае.
Читать дальше