– Дык вядзі свайго брата да нас.
– Хапіла з мяне гэтага сабачага жыцця, яшчэ і брата сюды ўцягваць?
– На вайну яго пусціш?
– Ад лёсу не ўцячэш. Наш Андрэй застаўся, не паехаў у Германію, дык яго тут партызаны забілі. А мо там ён і выжыў бы…
– Глядзі сам, што і як чыніць. Як думаеш, паспеем павячэраць на хутары?
– Не ведаю.
– Што ж, трэба выслаць выведку, каб чырвоныя не засталі нас знянацку.
– Шмат іх там?
– Не разгледзеў. Заўважыў два грузавікі.
– Цяжка будзе адбіцца, ды не дазволім, каб чырвоныя сапсавалі нам вячэру.
Сяргей нічога не адказаў, адышоў убок, а Варнак адклаў гармонік, паклікаў разведчыкаў, даў адпаведны загад. Кухарам сказаў хутка зрабіць вячэру, астатнім дазволіў адпачыць, бо заставацца тут нанач было небяспечна. Навіна казакоў трохі засмуціла, але ім не прывыкаць хадзіць па начах, галадаць, мокнуць і мерзнуць. Да ўсяго прызвычаіліся за гады падпольнага ляснога жыцця, якому, здавалася, ніколі не будзе канца, бо па ўсім было відаць, што ні адзін рэжым не быў гатовы апраўдаць іх. Толькі ўлада, створаная ўласнымі рукамі, магла ацаніць іх, бо стараліся яны для яе з’яўлення. Варнак падышоў да гаспадара, які рубаў дровы і сказаў:
– Дзядзька, я твой гармонік забіраю.
– Бяры, нашто ён мне? Тут не да весялосці.
– Мо ў цябе якая світа цёплая ёсць, бо мая ўжо зусім знасілася, а ў лесе, сам разумееш, крамаў няма.
– Бяры, што знойдзеш, – абыякава адказаў гаспадар.
Варнак пайшоў у хату, думаючы, што трэба хутчэй пакінуць Брэстчыну. На тэрыторыі Украіны іх шукаць не будуць. Там можна перажыць зіму. У Ратнаўскім раёне шмат хутароў, на якіх заўсёды магчыма абагрэцца і запасціся харчамі. А гэта неабходная ўмова для выжывання падпольнага войска. Тры казакі ўжо адчынілі скрыню і з імпэтам латашылі яе змесціва.
58
Сувязны Гіль сядзеў насупраць Каэтана Руткоўскага і няспешна расказваў пра тое, што перажыла брыгада, покуль дайшла да Аўгустоўскай пушчы. Тадзік, як і належыць ад’ютанту, быў побач з маёрам і таксама ўважліва слухаў.
– Рухаліся адначасова з фронтам, чулі гул самалётаў, бачылі на дарогах савецкія танкі і аўтаматчыкаў, з лесу на дарогу не вытыркаліся. Спачатку пайшлі ў бок Гародні, але там фронт затрымаўся, таму прабіцца ў пушчу не здолелі, ды і ежы не было дзе здабыць. Павярнулі на поўдзень да Ваўкавыска, ішлі па компасу напрасткі. Напаткалі шасейку, а перайсці не можам. Інтэнсіўна ідзе савецкае войска: танкі, грузавікі, цягачы з гарматамі. Толькі ноччу ўдалося пераадолець гэтую перашкоду. У Ваўкавыску знайшлі былых акаўцаў, якія падтрымалі нас ежаю, бо мы некалькі дзён галадалі.
– Такі худы, а любіш паесці, толькі пра ежу і гаворыш, – заўважыў Руткоўскі.
– Дык які жаўнер без харчоў?
– Што далей? – нецярпліва прыспешваў сувязнога Парушына.
– Там даведаліся, што ў Варшаве ідзе паўстанне, а мы сядзім у лесе пад Ваўкавыскам і ніяк не можам выбрацца стуль, бо скрозь чырвоныя. Толькі ў канцы верасня дадыбалі да Белавежскай пушчы. Знайшлі нейкую былую стаянку партызанаў і там абжыліся, ад’еліся на дзічыне. Добра, што хоць няма партызанаў зараз у лясах, усе пайшлі на вайну з рэгулярнымі часцямі, у іншым выпадку было б нам зусім дрэнна.
– Дык цяпер маем базу, дзе можна пажыць?
– Так, можна там зазімаваць, калі чырвоныя не надыбаюць. Была ў нас адна сутычка з імі па дарозе ў пушчу. Напалі на нас на світанку. Пачалі акружаць. Не ўсім нашым удалося выбрацца, але ж большасць усё ж выжыла…
– Што гэта я з табою, Гіль, тут час губляю, байкі твае слухаю? – раптам спахапіўся маёр. – Паехалі ў брыгаду!
– Можа, галоднага Гіля пакарміць трэба? Я папрашу пані Ванду, няхай зробіць што-небудзь, – прапанаваў Тадзік.
– Няма часу. Мы і так тут ледзь дзядамі не сталі, чакаючы брыгаду.
Руткоўскі рашуча пайшоў да дзвярэй. Тадзік пастукаў у дзверы пакоя, дзе была Ванда з сынам і сказаў:
– Мы спешна ад’язджаем.
– Чаму?
– Знайшлася нарэшце наша брыгада. Камандзір імкнецца хутчэй сустрэцца з жаўнерамі. Але я адшукаю вас, пані Ванда, дзе б вы ні апынуліся.
– Безумоўна, радая буду пабачыцца, сустрэнемся ў Лазняках. Я збяру вам што-небудзь у дарогу.
– Дзякую сардэчна за гасціннасць, – сказаў Тадзік, пацалаваў ёй руку на развітанне, усхвалявана забілася сэрца, хацелася затрымаць яе пальцы ў сваіх і не адпускаць ніколі, але ён перасіліў сваё жаданне.
У двары Руткоўскі ўжо завёў машыну, сядзеў за рулём, прыкрыкнуў на Тадзіка:
– Дзе ты там?
– Вы не развіталіся з гаспадыняю, – нагадаў ад’ютант.
Читать дальше