– «А мне за паўгода прыносіш два пачкі дробнымі купюрамі,– мільганула ў Надзіных думках. – Цікава, усе «новыя беларусы» такія жмінды, ці толькі ты свайму сыну грошай шкадуеш?»
– Калі ты захочаш дыск запісаць, можаш патэлефанаваць: як былой жонцы зраблю выключэнне. Запішам тваю любімую класіку разам з тваім любімым сімфанічным аркестрам.
«Пашукаю ў іншым месцы, а цябе прасіць не пайду. Сабе даражэй абыдзецца», – падумала яна.
– Шкада, што твая класіка – стратная, прыбытку ад яе ніякага. Ну, нічога, можна вялікі наклад не гнаць. Экзэмпляраў трыста зробім для душэўнага задавальнення.
«Няйначай, масты наводзіць, – думала Надзя. – Чаго раптам з’явіўся такі клопат? Ніколі яго не было…»
– Надзя, скажу па шчырасці, калі ў чалавека дастаткова грошай, успрыманне жыцця істотна мяняецца. Многія невырашальныя праблемы аўтаматычна знікаюць. Самі па сабе. Цяпер мы прабіваем будынак пад казіно. Ён будзе побач з маім фестывальным цэнтрам. Ты не ўяўляеш, якая залатая ручаіна ў маю кішэню паплыве! Чалавечымі слабасцямі трэба ўмець карыстацца…
«Бач, павучае! Настаўнік знайшоўся…» – падумала Надзя, а ўголас сказала:
– Скажы, а бардэль побач ты не плануеш пабудаваць?
– Надзька, – зарагатаў Алег, – мне заўсёды падабалася твая дасціпнасць! Якая здагадлівая! Мо з цягам часу і такую ўстанову адкрыем. А чаму? Ве-ельмі пікантная сфера жыцця. Наведвальнікаў было б мора! Шкада, што афіцыйна забаронена. Давядзецца неафіцыйна. Але калі ёсць попыт, будзе і прапанова. Дарэчы, ты не адказала на пытанне, колькі вам цяпер плацяць за канцэрт? Ведаеш, я ў іншай сферы працую, дзяржаўных расцэнак не ведаю…
– А ты язва добрая!
– Маўчыш, бо суму называць не хочаш. Разумею! Слухай, калі вы такія высакародныя, чаму дзяржава вас так нізка цэніць? Так, што на жыццё не хапае?
– У цябе спажывецкі падыход да мастацтва. Ты глядзіш на яго з пункту гледжання грошай. Колькі даходу яно можа табе прынесці. Глядзіш як на тавар, якім коштам яго можна прадаць.
– Гэта падыход прадзюсара. А хіба ён можа быць кепскі?
– Калі чалавек ставіць за мэту мець грошы, ён будзе мець менавіта грошы. І нічога болей… – парыравала Надзя. – Калі хоча стварыць тое, што застанецца, як кажуць, у вяках, ён створыць. Магчыма, грошай пры гэтым не будзе. Што хацелі атрымаць Моцарт, Шуберт ці Чайкоўскі? Яны пісалі сваю музыку – і ўсё. I нічога не патрабавалі ўзамен.
– Ну, ужо і нічога! Яны імкнуліся да славы, папулярнасці, багацця.
– Большасць вялікіх памерла жабракамі.
– Ад мяне гэтага не дачакаюцца! – імгненна парыраваў Алег.
– Ты не вялікі.
– А я не прэтэндую… – ухмыльнуўся бізнесмен.
– Моцарта пахавалі ў агульнай магіле. Шуберт пражыў трыццаць адзін год, і пры жыцці яго мала хто ведаў. Рэмбрант памёр у беднасці. У Пушкіна засталіся велізарныя даўгі.
– Усё-такі трэба неяк больш разумна абыходзіцца з грашыма!
– Чайкоўскі шмат гадоў жыў на тое, што яму давала ў якасці субсідыі Надзея Філарэтаўна…
– Лепш, калі мужчына зарабляе сам, – абарваў яе Алег.
– Бедны Чайкоўскі, дзе яму дацягнуцца да твайго фінансавага размаху!
– Можаш не працягваць прыклады. Асноўны пафас мне зразумелы. Але мяне абсалютна не хвалюе і не турбуе, ці будуць мяне ўспамінаць праз сто гадоў. Упэўнены, не будуць. I цябе, прабач, таксама не будуць. Жыццё існуе ў цяперашнім часе. Не ў мінулым і не ў будучым. Я хачу жыць цяпер. Зараз! Разумееш? Жыць у добра абсталяванай сучаснай кватэры, дзе не працякаюць краны і куды не трэба выклікаць заўжды п’янага дзядзьку Васю з ЖЭСа і ставіць яму пляшку, каб прачысціў ракавіну. Я не хачу душыцца ў чэргах за таннай каўбасой, якой будзе грэбаваць нават кот. Я хачу прыйсці ў супермаркет і выбраць тое, што хачу.
– Спадар капіталіст, я цалкам згодная!
– У цябе стандарты жыцця састарэлыя. А ў мяне – новыя. Я не хачу душыцца ў перапоўненым транспарце, каб п’яны – дзядзька дыхаў у твар перагарам. Або натоўп прыціскаў да старой і непрыгожай кабеты…
– А калі кабета маладая і сімпатычная, дык не супраць? – не вытрымала і засмяялася Надзя.
– Я хачу ездзіць на «мерсе» апошняй маркі…
– Твае апетыты растуць. Дарэчы, якая ў цябе цяпер машына?
– «Мерсэдэс», – з гонарам і відавочным задавальненнем – прамовіў Алег. – Колер мокрага асфальту.
– Слухай, мокры асфальт! Я таксама не люблю грамадскі транспарт. Асабліва, калі зімой з нашай ускраіны трэба ехаць у цэнтр на канцэрт. І бабуля з Алесем не любяць штурханіну, калі едуць у музычную школу. Падвёз бы калі-небудзь, новы беларус…
Читать дальше